Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад каго ўлада чакае «кактэйлю Молатава»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Чаму ўлады занепакоіліся «экстрэмізмам», людзьмі, якія ваююць ва Ўкраіне, «гібрыднай вайной» і «каляровымі рэвалюцыямі», пра што сьведчаць апошнія папраўкі ў Крымінальны кодэкс і новая ваенная дактрына?

Карбалевіч: У адзін дзень, у панядзелак, у палаце прадстаўнікоў унесьлі зьмены ў крымінальны кодэкс, якія прадугледжваюць адказнасьць за «экстрэмізм», выраб і захаваньне «кактэйляў Молатава», за удзел у баявых дзеяньнях за мяжой, а таксама зацьвердзілі новую ваенную дактрыну, якая бачыць пагрозу ў «гібрыднай вайне» і «каляровых рэвалюцыях».

Прычым, пры жаданьні ўладаў паняцьце «экстрэмізм» можна распаўсюдзіць на любую апазыцыйную дзейнасьць. Ужо былі прыклады, калі экстрэмісцкімі матэрыяламі суд палічыў нават фотаздымкі. Можна лёгка аб’явіць экстрэмісцкімі несанкцыянаваныя вулічныя акцыі.

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Цяпер заканадаўствам крыміналізуецца ня толькі найміцтва, але ўвогуле любы ўдзел беларускіх грамадзянаў у баявых дзеяньнях за мяжой.
Што тычыцца новай ваеннай дактрыны, то калі раней ўлады бачылі пагрозу толькі ў «каляровых рэвалюцыях», то цяпер ужо і ў «гібрыднай вайне». Так бы мовіць, цяпер улады будуць весьці барацьбу на два фронты.

Лукашэнка вялікі перастрахоўшчык, што, часткова, і тлумачыць ягонае 22-гадовае кіраваньне краінай.

Хоць прыняцьце такіх дакумэнтаў у адзін дзень і выпадковае, але, думаю, невыпадкова ўлады страхуюцца ад новых пагрозаў. Гэта такая перастрахоўка, прэвэнтыўныя захады. У гэтым сэнсе Лукашэнка вялікі перастрахоўшчык, што, часткова, і тлумачыць ягонае 22-гадовае кіраваньне краінай. Ён чуйна фіксуе пагрозу нават вельмі аддаленую. Можна ўзгадаць, як пасьля «аранжавай рэвалюцыі» ва Ўкраіне напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году ўлады прынялі цэлы шэраг заканадаўчых актаў, якія журналісты назвалі «антырэвалюцыйнымі». Так і цяпер.

Але сёньня пагрозы існуюць як вонкавыя, напрыклад, украінскі крызыс, так і ўнутраныя. Маю на ўвазе пагроза сацыяльнага выбуху ў зьвязку з абвастрэньнем сацыяльна-эканамічнага стану, падзеньне даверу да ўладаў, якое фіксуюць сацыёлягі.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Дракахруст: Я згодны, што ўлады частку гэтых законаў рыхтуюць «пра запас». Таму што цяпер мы бачым, што палітычная сытуацыя стабільная, бо калі выходзяць людзі па тысячы на маніфэстацыі, гэта ня тая колькасьць, якая можа ўяўляць пагрозу, нават калі б яны былі агрэсіўныя, а дэманстрацыі адбываюцца мірныя.

Але, як у Быкава — «бомба чакала свайго часу». Людзі незадаволеныя, злыя, заробкі падаюць, давер да ўлады таксама, і ў што гэта можа выліцца праз месяц, праз пэўны час — гэта невядома, таму рыхтуюцца такія захады.

А крыміналізацыя ўдзелу ў ваенных дзеяньнях за мяжой — гэта не «пра запас». Наадварот. Бо ў беларускім заканадаўстве існавала такая лякуна. Быў артыкул пра перасьлед за найміцтва, але значная частка людзей, якія ваююць ў Данбасе і з аднаго, і з другога боку, ніякія не найміты. Зразумела, беларускае заканадаўства гнуткае, яго можна ўжыць па-ўсякаму. І, дарэчы, раней яго так і ўжывалі, але былі пэўныя каструбаватасьці, і таму зараз прымаецца закон, паводле якога проста за самы факт удзелу ў баявых дзеяньнях, несанкцыянаваных дзяржавай, чалавека можна пасадзіць у турму.

Улады асьцерагаюцца людзей з ваенным досьведам, адпаведнай псыхалёгіяй і ўменьнем «вырашаць пытаньні» пры дапамозе зброі.

Я мяркую, улады асьцерагаюцца людзей, якія адтуль вяртаюцца ці яшчэ вернуцца, людзей з ваенным досьведам, адпаведнай псыхалёгіяй і ўменьнем «вырашаць пытаньні» пры дапамозе зброі, а можа быць і са зброяй, пра што, дарэчы, Аляксандар Лукашэнка гаварыў на мінулым тыдні падчас сустрэчы з прадстаўніком Пэнтагону. І калі людзкая незадаволенасьць супадзе з рашучасьцю гэтых людзей, прычым няважна, на якім баку яны ваявалі, то ад такога «кактэйлю» мала не падасца. Вастрыня законаў, якія былі ўчора прынятыя, скіраваная менавіта на людзей, якія ваявалі і ваююць у Данбасе.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Варта адзначыць, як зладжана і дысцыплінавана працуе беларуская дзяржаўная машына, у якую ўваходзіць і законатворчасьць. Калі зараз у гэтыя дні можна спытаць, ці так ужо патрэбныя гэтыя законы, то відавочна, што мы тут маем пэўную інэрцыю, адначасова пэўную дысцыплінаванасьць. Бо гэтыя пытаньні былі пастаўленыя раней жыцьцём — год-паўтара таму, відаць, былі ўнесеныя карэктыроўкі, і цяпер дайшло да канчатковага прыняцьця палатай прадстаўнікоў.

Гэта можна прадставіць як барацьбу з тэрарызмам і радыкалізмам, што на Захадзе вітаецца.

Такія папраўкі зараз прасьцей прымаць. Па-першае, гэта можна прадставіць як барацьбу з тэрарызмам і радыкалізмам, што на Захадзе вітаецца, і афіцыйны Менск можа сказаць, чаму вам можна, а нам нельга? Па-другое, таксама іх можна прадставіць як антырасейскі крок, маўляў, мы ж рыхтуемся змагацца супраць гібрыднай вайны, а зь якога боку яна можа нам пагражаць? Ну не з боку ж Бэрліну і Брусэлю.

Карбалевіч: Хацеў бы дадаць, што заява Лукашэнкі аб тым, што праз беларуска-ўкраінскую мяжу ідзе вялікая колькасьць зброі — гэта хутчэй за ўсё вялікае перабольшваньне, разьлічанае на нейкі прапагандысцкі эфэкт, у рэчышчы той кампаніі, якая ўжо даўно ідзе: маўляў, не заробкі зараз галоўнае, а пагроза, а каб даказаць тую пагрозу, вось вам і факт перавозу зброі праз мяжу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG