У Аддзеле інфармацыі, адукацыі і культуры амбасады ЗША ў Менску прайшла дакумэнтальна-мастацкая выстава «Праўда пра Курапаты. Факты, дакумэнты, сьведчаньні». Ініцыятарам імпрэзы выступіла амбасада ЗША і асабіста павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд, а таксама грамадзкая ініцыятыва «Экспэрты ў абарону Курапатаў» пры падтрымцы шэрагу беларускіх грамадзкіх арганізацый і ініцыятыў.
Цягам пяці дзён працы выставу наведалі кіраўнікі дыпляматычных місій краін Эўразьвязу ў Беларусі, а таксама амбасадары краін іншых кантынэнтаў сьвету.
29 сакавіка адбылося ўрачыстае закрыцьцё выставы. На яго прыйшлі прадстаўнікі беларускай грамадзкасьці: творчыя дзеячы, навукоўцы, архэолягі, дасьледчыкі гісторыі сталінскіх рэпрэсій у Беларусі.
«Выстава інфармацыйная, і яе задача — абудзіць інстынкт праўды і дашуквацца праўды надалей, — распавёў сябра ініцыятывы „Экспэрты ў абарону Курапатаў“ Вінцук Вячорка. — Цешуся, што нашая выстава арганізаваная ў прыстойным памяшканьні і належыць шчыра падзякаваць амбасадзе ЗША. Вельмі важна, што кіраўнік місіі Скот Роланд запрашаў кіраўнікоў і прадстаўнікоў амбасадаў краін Эўразьвязу, і яны тут былі. І запрашэньне выставы сюды, і запрашэньне эўразьвязаўскіх амбасадараў — гэта сур’ёзны жэст і сьцьверджаньне таго, што ёсьць у сьвеце прасторы і краіны, якія падзяляюць нашыя каштоўнасьці. Якія лічаць недапушчальным любы таталітарызм, любую зьнявагу чалавечай годнасьці, ня кажучы пра адабраньне жыцьця чалавека толькі за ягоныя погляды».
«Курапаты — сымбалічны мэмарыял, нацыянальны нэкропаль», — нагадаў Марат Гаравы — адзін з арганізатараў і сябра ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў».
Вінцук Вячорка паведаміў, што выстава будзе пашырацца і перадусім у электронным выглядзе. А таксама выказаў спадзяваньне, што народны мэмарыял набудзе дзяржаўны статус, а поруч з Курапатамі зьявіцца музэй ахвяраў таталітарызму.
На цырымоніі закрыцьця выставы выступілі барды Аляксандар Галіч і Зьміцер Захарэвіч.