Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія службоўцы пакуль саступаюць беларускім — экспэрт


Прафэсіяналізм і кампэтэнцыя ўкраінскіх чыноўнікаў знаходзяцца ў дыяпазоне ад 12 да 19 працэнтаў пры неабходнай норме 36 — 87%. Такія лічбы назваў сёньня Свабодзе доктар сацыялягічных навук з Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Ўкраіны Эдуард Афонін. Ён прыехаў у Менск на міжнародную навуковую канфэрэнцыю і для ўсталяваньня кантактаў зь беларускімі калегамі:

Эдуард Афонін
Эдуард Афонін

«Я думаю, што ў 2018 годзе лічбавыя паказьнікі эфэктыўнасьці працы ўкраінскіх упраўленцаў будуць вышэйшымі. У нашай краіне прыняты прынцыпова новы варыянт Закону аб дзяржаўных службоўцах. Там нарэшце прапісаныя выключна іх службовыя функцыі, на якія не павінны ўплываць палітычныя сымпатыі чыноўнікаў. Да таго ж, ва Ўкраіне прадугледжана правесьці 62 рэформы ў розных галінах грамадзкага жыцьця, што таксама станоўча паўплывае на якасьць працы службоўцаў».

Адказваючы на пытаньне Свабоды, навуковец выказаў меркаваньне, што падобныя дасьледаваньні ў Расеі паказалі прыкладна тыя ж самыя лічбы, што і ва Ўкраіне. А вось у Беларусі яны былі б вышэйшымі, лічыць Эдуард Афонін. Сваё меркаваньне ён абгрунтоўвае тым, што ў Беларусі яшчэ захаваліся традыцыі, якія ў свой час заклаў Пётар Машэраў. Тады ўзровень падрыхтоўкі кіруючых кадраў у БССР быў нашмат вышэйшым, чым у сярэднім па СССР.

Эдуард Афонін лічыць, што ўкраінскае грамадзтва цяпер рэфармуецца ў лібэральна-дэмакратычным кірунку. Але галоўная праблема падчас гэтага дрэйфу застаецца ў галовах людзей. Сёньня, паводле дасьледаваньняў сацыёляга, тры ўкраінцы гатовыя вырашаць свае праблемы ня ўласнымі намаганьнямі, а за кошт чацьвёртага. Пераламіць такі падыход — самае галоўнае і самае цяжкае для дзейнай украінскай улады, кажа Эдуард Афонін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG