Беларусы на розных пляцоўках у сеціве абмяркоўваюць расейскую сьпявачку Земфіру, якая ў Вільні запатрабавала ад гледачоў прыбраць на сваім канцэрце ўкраінскі сьцяг: «Людзі са сьцягам, вы любіце не мяне, вы любіце нейкую сваю ідэю. І вы хочаце мяне падставіць».
Адна з самых паказальных дыскусій разгарнулася на старонцы ў фэйсбуку ў кіраўніка «Свабоднага тэатру» Nicolai Khalezin.
Адданыя фанаты пішуць пра тое, што «ўсё роўна будуць слухаць», што «творчы чалавек мае права на памылкі», і часта ўжываюць слова «палітыка», кшталту «палітыка – брудная справа!»
Зь іншага боку аргумэнт у розных варыяцыях такі – па-за палітыкай не бывае аніводнага чалавека. Кожны мусіць адказваць за свае ўчынкі.
У чым «палітыка», калі ўкраінскі дзяржаўны сьцяг лунае на канцэртнай пляцоўцы ў Літве?
Важны аспэкт, на якім мала хто акцэнтуе ўвагу: інцыдэнт адбыўся на тэрыторыі дэмакратычнага Эўразьвязу. А дыскутуюць людзі, якія жывуць у аўтарытарнай краіне Беларусі. І абмяркоўваюць рок-зорку з аўтарытарнай краіны Расеі. А Расея чыніць агрэсію супраць Украіны, якая імкнецца пазбавіцца рэштак аўтарытарызму.
«Вы хочаце мяне падставіць». На мой погляд, гэта ключавая фраза.
– «Быў на канцэрце Земфіры, крутым канцэрце. Апроч іншага, убачыў запужаную дзяўчынку. Яна ўвесь канцэрт шыкала на ўкраінскі сьцяг, пасьля сарвалася, пасьля выбачалася. Такое зь беларускімі музыкантамі адбывалася на пачатку 2000-х, вельмі падобна».
Я памятаю, як неахвотна, напрыклад, у 2001 годзе некаторыя вядомыя рок-выканаўцы давалі інтэрвію, наўпрост ці ўскосна зьвязаныя з грамадзка-палітычнай сытуацыяй. Тады многім падавалася, што закручваньне гаек спыніцца. А ўсё толькі пачыналася. Урэшце ў тым жа годзе большасьць беларускіх рокераў трапіла ў «чорныя сьпісы». Некаторыя выступілі на канцэрце супраць палітыкі Лукашэнкі. Чалавечыя прынцыпы перамаглі – музыкі здолелі адмовіцца ад канфармізму.
Я пішу пра першых пасьля падзеньня камуністычнай сыстэмы рокераў. Пра нонканфармістаў. Перад тым іншых амаль не было. «NRM», «Ulis», «NeuroDubel», «Крама», «Палац».
А Земфіра – гэта наступная генэрацыя, калі на постсавецкую прастору прыйшоў панятак шоў-бізнэсу. Калі можна было быць крыху нонкамфармістам і не забывацца пра бухгальтэрыю.
Без бухгальтэрыі ў сучасным сьвеце жыць нельга. Мы ж не ў замкнёнай прасторы СССР, калі можна было выбіраць толькі між канцэртамі пад кіраўніцтвам камсамолу і работай вартаўніком ці качагарам.
Калі праўда, што нешматлікія расейскія альтэрнатыўшчыкі цяпер у беларускім 2001 годзе, іх чакае рэзэрвацыя з лімітаванымі выступамі ў невялікіх клюбах і абмежаванымі эфірамі на прыватных радыё. І магчымасьць выступаць па-за Расеяй. На вольных тэрыторыях, дзе забараняць са сцэны які-кольвек дзяржаўны сьцяг не магчыма. Бо ў свабодным грамадзтве дзяржаўны сьцяг – не «палітыка».
На мой погляд, беларускія фанаты Земфіры бароняць ня толькі сваю любімую выканаўцу, «на песьнях якой я расла ад трынаццаці гадоў». І якую можна зразумець, і якой можна дараваць, бо «яна трапіла ў складаную сытуацыю».
Фанаты Земфіры абмяркоўваюць найперш сябе. Свае існыя і патэнцыйныя дапушчэньні канфармізму ў «складанай сытуацыі». У якой Беларусь жыве як мінімум ад 2001 году.