Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка паміраючай вёскі


Вёска Тонеж Лельчыцкага раёну — адно з тых тысяч некалі вялікіх беларускіх паселішчаў, якія на працягу апошніх гадоў імкліва занепадаюць і паміраюць. Адзіны больш-менш сталы і надзейны заробак тут — у сэзон грыбоў і ягад. А чым 400 мясцовым жыхарам займацца ў іншы час?



«Стаіць ніва не арана, ня сеяна»



У адной зь песьняў мясцовыя жанкі галасіста зацягваюць: «За чарэтам зелененькім стаіць ніва не арана, не арана, ня сеяна».



— Гэта акурат пра нас, пра наша поле й нашу долю, — уздыхае тонескі вясковец Віктар. — Не паверыце, самі ўлады глушаць вёскі. Глушаць! Працаваць чалавеку няма дзе. Як быў тут калгас, то ўсё наўкола аралася й засявалася. А цяпер хіба толькі палову й засяваюць.

Ня толькі Віктар, але й іншыя вяскоўцы апавядаюць, што вёска Тонеж хоць і атрымала статус аграгарадка пяць гадоў таму, жыцьцё тут у лепшы бок не павярнулася. Хутчэй наадварот: вёска пакрысе занепадае. Яшчэ дзесяць зь невялікім гадоў таму ў Тонежы жылі звыш 700 чалавек, прыватных сядзібаў было 338. Цяпер вяскоўцаў паменела на дзьве з паловай сотні.

Прыкметы аграгарадка — тры дамкі на вуліцы Хаеўскага
Прыкметы аграгарадка — тры дамкі на вуліцы Хаеўскага



— Для чаго нашу вёску назвалі аграгарадком, у толк не вазьму. Працы асаблівай няма тут. Тры дамкі паставілі пры вуліцы Хаеўскага — у адным старшыня сельсавету жыве, у другім сьвятар, а трэці наагул пустуе. Хто сюды паедзе, калі тут няма добрай працы? У нас спраўна працуе хіба толькі пункт рытуальных паслугаў. Ледзь ня кожны тыдзень хаваюць то тры, то чатыры чалавекі, — кажа пэнсіянэрка Людміла.

У сьвяточны дзень найбольш люду каля вясковай крамы
У сьвяточны дзень найбольш люду каля вясковай крамы


Паўтара дзесяцігодзьдзя таму ў Тонежы быў свой калгас, які называўся «Праца». Вёсцы патрэбныя былі трактарысты, даяркі, аграномы, заатэхнікі, бухгальтары. Да таго ж у Тонежы была свая хлебапякарня, цэх безалькагольных напояў, млын, швейная майстэрня, лясьніцтва, дзьве лесапілкі, вэтэрынарны ўчастак. Ну й, вядома, сацыяльныя ўстановы — сярэдняя школа, дзіцячы садок-ясьлі, бібліятэка, Дом культуры, бальніца, аптэка, аддзяленьне сувязі, пошта, чатыры крамы.

На пачатку дзьвюхтысячных калгас «Праца» скасавалі — далучылі да КСУП «Іванава Слабада», што за восем кілямэтраў ад Тонежа. Крыху пазьней зноў узбуйнілі, прывязаўшы да падсобнай гаспадаркі ААТ «Лельчыцкі райаграсэрвіс». Абрабляць землі вакол Тонежа было далекавата, і шмат якія палеткі ўжо пабраліся лесам. Жывёлагадоўчы комплекс таксама апусьцеў як бы сам сабою.

— Так патроху й пачало ўсё глухнуць. Некаторым даяркам давялося нават езьдзіць за трыццаць кілямэтраў у Сярэднія Печы, каб хоць дарабіць да пэнсіі", — згадваюць у Тонежы.

Ня стала ў вёсцы ні хлебапякарні, ні цэху безалькагольных напояў, ні швейнай майстэрні.

А хто без занятку застанецца ў вёсцы? Толькі хіба недарэка ці лайдак. Шустрэйшая й больш кемлівая моладзь тут ужо ня стала затрымлівацца. Дзевятнаццацігадовы Арцём, што прыехаў на выходныя да бацькоў, вучыцца ў мазырскім ліцэі на будаўніка. Праз тры месяцы выпускаецца.

— Дома мне няма дзе працаваць, — разважае хлапец. — Буду замацоўвацца або ў Лельчыцах, або ў Мазыры. Ну не пачынаць жа мне самастойнае жыцьцё з грыбоў ды ягад. Зьбіраць грыбы й ягады добра, калі ты на канікулах, у адпачынку або наагул на пэнсіі«.

Так, некаторыя тонежцы шчыруюць у лясьніцтве. Яно вялікае, але не настолькі, каб даць працу ўсім. Іншыя ідуць на лесапілку да прыватніка Аляксандара Астаповіча, сёй-той ва ўчастковай бальніцы ці школе. Астатнія жывуць зь лесу ды з прысядзібнай гаспадаркі.

Тонеская сярэдняя школа
Тонеская сярэдняя школа



— Людзям патрэбна праца, каб тут заставаліся маладыя пары. Іначай вёску чакае сумная пэрспэктыва. Зайдзіце ў нашу сярэднюю школу — у такой велічэзнай двухпавярховай будыніне займаюцца толькі дваццаць тры вучні. Дык якая ў вёскі будучыня? Толькі сьляпыя гэтага могуць ня бачыць, — кажа вяскоўка Людміла.

Лета як збавеньне


Ня маючы сталага занятку ўзімку, тонежцы чакаюць лета як збавеньня. Ад першых лісічак і чарніц — яны ў лесе.

— У лесе або на балоце, — удакладняе спадарыня Надзея.

— За лісічкамі ды чарніцамі сьпеюць брусьніцы, журавіны. І калі пашэнціць, калі няма засухі, то нават я са сваім дзедам мільёнаў дзесяць ці пятнаццаць зараблю ў лесе ды на балоце. Ня так ужо й кепска, але ж трэба ўсё дзяліць на дванаццаць месяцаў. Добра, калі я ўжо даклыпала да пэнсіі. Мне лягчэй — хоць два мільёны, ды атрымаю. А хто ня мае ні працы, ні пэнсіі, той ужо круціцца ўлетку, як уюн на патэльні.

Вёска Тонеж, як і многія вакол, заўважна пастарэла. Зьмяніўся і яе побыт.

Жанкі й самі дзіву даюцца: на ўсю вёску толькі ў двух гаспадароў засталіся каровы. А было ў чарадзе больш як паўтысячы.

— Клопату шмат — накарміць, напаіць, падаіць, сенам ды іншай правізіяй на зіму забясьпечыць. А тут яшчэ закупныя цэны на малако не такія, каб усе гэтыя стараньні неяк пакрыць, — мяркуе ўжо знаёмы нам вясковец Віктар. — Я вырашыў лепей коніка трымаць, чым карову. Сабе соткі ўзараць, людзям дапамагчы.

— А зарабіць з конікам удаецца? — пытаюся.

— А гэта ўжо як прыпадае. Бабулек у вёсцы хапае. Ну, што ты зь яе, бабулькі, возьмеш — пяць ці шэсьць тысяч за сотку? Паўпіраўся — узараў дзесяць сотак і атрымаў няшчасныя пяцьдзясят тысяч рублёў. Так што «конскі бізнэс» ня надта й выручае гаспадара. Ужо нават з грыбоў ды ягадаў прыбытак у чалавека больш важкі«.

З конікам у вёсцы ямчэй і шпарчэй
З конікам у вёсцы ямчэй і шпарчэй


«Вярніце калгас!»

З кім бы ні гутарыў у Тонежы, не было такога чалавека, які б ня жаліўся на адсутнасьць працы ў вёсцы.

— Трэба ў нас у Тонежы аднавіць калгас, — кажа вясковец Рыгор.

— У нас жа было больш за тысячу галоў жывёлы, аралі, сеялі. Цяпер фэрма пустуе — нічога нікому ня трэба. А рабіць людзям дзе? Ягадаў ды грыбоў у лесе чакаць? А калі засушыць, як летась? На кісель сабе і то было складана журавінаў тых назьбіраць.

Тонеж — вёска вялікая, песенная. Калі дзесяць дзён таму вясковыя кабеты й школьнікі, якіх тут засталося два дзясяткі, убраліся ў нацыянальныя строі й выйшлі на Чарнычову горку зь песьнямі ды напечанымі зь цеста птушачкамі-чырачкамі вясну гукаць, чырачку ўслаўляць, што вясну тую нясе на сваіх крылах, думалася: а чаму гэты шчымліва-ўзьнёслы абрад, гэты радасны парыў душы палешука насустрач вясьне й сонцу ня бачаць турысты — ні нашы, беларускія, ні ўкраінскія, ні заходнеэўрапейскія?

Ці ня лепей, калі ўжо калгас скасавалі, шукаць нейкага матэрыяльнага дапаўненьня да шыкоўнага народнага абраду — разьвіваць промыслы, аграсядзібную гаспадарку, каб тую птушачку-чырачку немец ці француз атрымаў за прымальны кошт у саламяным, у драўляным выглядзе? Або ў кошычку з ракіты, у пушачцы зь бяросты ці проста так, у аднаасобным выглядзе? І каб заначавалі тыя турысты ў Тонежы, каб ахвочыя, пры жаданьні, сьпяклі тую птушачку-чырачку зь цеста самі, каб сталі ў карагод каля пудзіла Зімы.

Ня стаў патрэбным у вёсцы заатэхнік, затое мог бы спатрэбіцца музыкант, рэзчык па дрэве, фальклярыст, перакладчык замежнай мовы, гаспадар аграсядзібы-гатэля.

Помнік аднавяскоўцам, спаленым у царкве ў 1943 годзе
Помнік аднавяскоўцам, спаленым у царкве ў 1943 годзе



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG