Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя БНФ заклікае не дапусьціць прыток сырыйскіх уцекачоў у Беларусь


Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

Партыя БНФ заклікае ўрад абмежаваць плынь мігрантаў у Беларусь з Сырыі. Адпаведная заява прынята 19 сакавіка на сойме арганізацыі ў Менску.

У дакуменце адзначаецца, што за час вайны ў Сырыі ў Беларусь прыбыло больш за 300 уцекачоў з гэтай краіны. «Урад Беларусі вядзе інтэнсіўныя перамовы з Упраўленьнем вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў у кірунку павелічэньня патоку перамяшчэньня асоб сырыйскага паходжаньня, якім прадастаўляецца жыхарства ў Беларусі, — гаворыцца ў ім. — Адначасова прымаюцца заканадаўчыя захады ў кірунку спрашчэньня атрыманьня статусу ўцекачамі прытулку ў Беларусі. Нягледзячы на тое, што колькасьць прынятых мігрантаў пакуль невялікая, створаны прэцэдэнт і рыхтуецца прававая база для перамяшчэньня ў Беларусь вялікіх груп з Сырыі».

Таксама партыя адзначае, што большасьць мігрантаў з Сірыі прыбывае ў Беларусь з тэрыторыі тых краін, дзе для іх ужо няма пагрозы для жыцьця і бясьпекі. Адзначаецца пры гэтым, што Беларусь прымае вялікую колькасьць уцекачоў з Украіны.

Партыя БНФ лічыць, што дэмаграфічны крызіс у Беларусі, выезд за мяжу на працу вялікай колькасьці суайчыньнікаў, а таксама «не да канца сфармаваная нацыянальная самасьвядомасць» беларусаў зьяўляюцца фактарамі, пры якіх «недапушчальнае масавае прыняцьце эканамічных мігрантаў зь іншага цывілізацыйнага кола».

Партыя БНФ патрабуе спыніць «практыку запрашэньня ў краіну мігрантаў, якія ня маюць рэальнай неабходнасьці ў прытулку і пераразьмяркоўваюцца ў Беларусь з краін, дзе ня маюць пагроз сваёй асабістай бясьпецы».

Партыя БНФ лічыць мэтазгодным, каб урад накіроўваў бюджэтныя сродкі на заахвочваньне вяртаньня суайчыньнікаў з-за мяжы. Арганізацыя прапаноўвае распрацаваць і прыняць закон «Аб пасьведчаньні (карце) суайчыньніка», які зьяўляецца спосабам абароны правоў такіх асоб, а таксама садзейнічае працэсу вяртаньня іх на радзіму, як гэта робяць Польшча і Вугоршчына.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG