17 сакавіка судзьдзя Мазырскага раённага суду Натальля Асадчая прызнала гомельскага журналіста-фрылансэра Кастуся Жукоўскага вінаватым у незаконным вырабе прадукцыі СМІ для тэлеканалу «Белсат» без акрэдытацыі і аштрафавала яго на падставе часткі 2 артыкула 22.9 КаАП на 35 базавых велічыняў (7 мільёнаў 350 тысяч рублёў).
«Суд праходзіў без майго ўдзелу. У мяне сапсавалася машына, і я праз тэлефон папярэдзіў сакратарку суду, што не змагу прыехаць. Думаю, што мая прысутнасьць нічога б не зьмяніла. У нашых судах такі парадак: ёсьць пратакол — штрафуюць. Дзейнічае перасьлед спэцслужбамі незалежных журналістаў, адпаведна й судовы канвэер. І ніякія аргумэнты ні адказчыка, ні адваката ня дзейнічаюць. Ніводзін судзьдзя — сёлета ў мяне гэта шосты суд — не зьвяртае ўвагі ані на Канстытуцыю, ані на міжнародныя пагадненьні, якія падпісала Беларусь у галіне захаваньня правоў чалавека, у тым ліку й права на збор і распаўсюд інфармацыі», — кажа Жукоўскі.
Пра суд фрылансэр дазнаўся праз SMS-паведамленьне. Раней старшы ўчастковы інспэктар Мазырскага РАУС, маёр міліцыі Алег Вяргацкі тэлефанаваў фрылансэру і патрабаваў прыехаць у Мазыр дзеля складаньня адміністрацыйнага пратаколу нібыта за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. Меўся на ўвазе паказаны 9 лютага на тэлеканале «Белсат» навінны сюжэт «Мазыр: сьпіртзавод банкрутуе».
«Памятаеце, вы рабілі там рэпартаж на сьпіртзаводзе?» — пытаўся ўчастковы інспэктар.
Жукоўскі патлумачыў, што не прыедзе, паколькі міліцыя не аплачвае яму праезд.
Пратакол быў складзены паводле трафарэту, без высьвятленьня істотных акалічнасьцяў: зьяўляецца ці не зьяўляецца Жукоўскі штатным супрацоўнікам «Белсату», дасылаў ён ці не дасылаў відэаздымкі тэлеканалу альбо той скарыстаў іх, узяўшы з сацыяльнай сеткі? Выглядае, не высьвятлялася гэта і падчас суду: ёсьць пратакол — атрымай штраф.
Апроч Мазыра, сёлета Кастуся Жукоўскага судзілі за так званы «незаконны выраб прадукцыі СМІ» ў Калінкавічах, Карме, Буда-Кашалёве і двойчы ў Жлобіне. Сума штрафаў склала 45 мільёнаў 700 тысяч рублёў, а з улікам мінулагодніх пакараньняў, таксама за выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі, яна дасягнула 77 мільёнаў 700 тысяч рублёў.