Прэзыдэнт ЗША Барак Абама падчас тэлефоннай размовы з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным заклікаў свайго суразмоўцу вызваліць арыштаваную ў Расеі ўкраінскую лётчыцу Надзею Саўчанку.
Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на прэс-сакратара пасольства ЗША ў Маскве Ўіла Стывэнса. «Абама заклікаў Пуціна вызваліць Саўчанку ў адпаведнасьці з палажэньнямі Менскіх дамоўленасьцей, дзе гаворыцца пра неабходнасьць вызваленьня ўсіх асоб, якія незаконна ўтрымліваюцца», — прыводзіць агенцтва словы амэрыканскага дыплямата.
Тэлефонная размова двух прэзыдэнтаў адбылася ў панядзелак — дзень, калі Пуцін распарадзіўся пачаць вывад асноўных частак расейскіх сіл з Сырыі.
21-22 сакавіка Данецкі гарадзкі суд Растоўскай вобласьці Расеі плянуе абвясьціць прысуд Саўчанцы, якую абвінавачваюць у датычнасьці да забойства двух расейскіх журналістаў. Украінка сваю віну адмаўляе. Дзяржаўнае бвінавачаньне запатрабавала прысудзіць Саўчанку да 23 гадоў зьняволеньня, а абарона — цалкам апраўдаць. Ва Ўкраіне, у Расеі і іншых краінах сьвету праходзяць акцыі з патрабаваньнем неадкладна вызваліць Саўчанку.