Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надзея Саўчанка спыніла сухую галадоўку

абноўлена

Надзея Саўчанка спыніла сухую галадоўку на просьбу прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі, хоць ягоны ліст аказаўся падробкай.

Надзея Саўчанка, якая абвінавачваецца ў датычнасьці да забойства расейскіх журналістаў у Данбасе і якой у Расеі пагражае 23 гады калёніі, прыняла рашэньне адмовіцца ад сухой галадоўкі. Пра гэта паведаміў яе адвакат Марк Фэйгін.

Паводле Фэйгіна, Саўчанка пагадзілася адмовіцца ад галадоўкі, абвешчанай 3 сакавіка, па просьбе прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі. Галадоўка працягвалася сем дзён.

Раней у СМІ быў распаўсюджаны ліст, нібыта перададзены Надзеі Саўчанцы яе адвакатам Маркам Фейгиным, і нібыта напісаны прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Ён аказаўся падробкай. Пра гэта Радыё Свабода паведаміў сам адвакат. Ён заяўляе, што гэта - частка "апэратыўнай атакі па замове Крамля", і што атрымаў ліст праз генконсульства ў Растове, якое таксама было "ўведзена ў зман".
Фейгін паведамляе, што Парашэнка перадаў сваю просьбу Саўчанцы праз сястру і маці вусна, а не пісьмова.

У Расеі Надзею Саўчанку абвінавачваюць у датычнасьці да забойства двух расейскіх журналістаў пад Луганскам: яна нібыта вяла карэкціроўку артылерыйскага агню, калі яны былі забітыя разам зь некалькімі мірнымі мясцовымі жыхарамі. Пасьля абстрэлу Саўчанка без дакумэнтаў пад выглядам уцякачкі нібыта перасекла мяжу Расеі, дзе і была затрыманая.

Саўчанка гэтыя абвінавачваньні абвяргае і сьцьвярджае, што ў той час, калі загінулі журналісты, яна ўжо была захопленая сэпаратыстамі «ЛНР», якія потым пераправілі яе ў Расею.

Надзея Саўчанка пачала сухую галадоўку 3 сакавіка, калі ёй не далі выступіць з апошнім словам на пасяджэньні Данецкага гарадзкога суду Растоўскай вобласьці.

У сераду пасьля таго, як Саўчанка выступіла з апошнім словам, суд абвясьціў, што прысуд ўкраінскай лётчыцы пачнуць абвяшчаць 21 сакавіка. У адказ на гэта яна заявіла, што працягне сухую галадоўку.

Блізкія і адвакаты Саўчанкі былі вельмі ўстрывожаныя яе станам здароўя. Кіеў дамагаўся допуску да Саўчанка ўкраінскіх лекараў, аднак, расейскія ўлады адмовілі ім, патлумачыўшы гэта паводзінамі ўкраінкі ў судзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG