Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка выказаў гатоўнасьць абмяняць Надзею Саўчанку, каб вярнуць яе дадому. Як перадае УНІАН, пра гэта ён паведаміў падчас сумеснай прэс-канфэрэнцыі з прэзыдэнтам Турэччыны Рэджэпам Эрдаганам 9 сакавіка ў Анкары.
«Надзея Саўчанка, украінскі пілёт, украінскі афіцэр, рабіла тое, што павінен рабіць любы грамадзянін Украіны ў форме — абараняла родную зямлю, была незаконна выкрадзеная з тэрыторыі Ўкраіны ў Данбасе. Яе гвалтоўна вывезьлі ў РФ і цяпер спрабуюць прыпісаць злачынствы, да якіх яна ня мае ніякага дачыненьня», — заявіў Парашэнка.
МЗС Украіны назваў «цынічнай расправай» над Саўчанкай рашэньне зьнешнепалітычнага ведамства Расеі не дапускаць да яе лекараў і родных — да абвяшчэньня прысуду.
Раней у сераду кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што задзірлівыя паводзіны Надзеі Саўчанкі ў судзе робяць немагчымым допуск да яе ўкраінскіх лекараў. Акрамя таго, ён заявіў, што стан яе здароўя «не выклікае асьцярогаў».
Абарона Саўчанкі, наадварот, вельмі ўстрывожаная яе здароўем — бо яна ўжо 7 дзень трымае сухую галадоўку. Яе адвакат Мікалай Полазаў заявіў: да вынясеньня прысуду Саўчанка «альбо зазнае гвалтоўнае кармленьне, альбо памрэ».
9 сакавіка Надзея Саўчанка, выступаючы з апошнім словам у Данецкім гарадзкім судзе (Растоўская вобласьць), заявіла, што спыніць галадоўку, калі абвяшчэньне прысуду будзе прызначанае на працягу тыдня, але суд пастанавіў зрабіць гэта 21-22 сакавіка. Абвінавачваньне просіць для ўкраінскай ваеннаслужачай, якой інкрымінуюць саўдзел у забойстве, 23 гады пазбаўленьня волі.