Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чалавек, якому эўрапейскія санкцыі былі «да аднаго месца»


Беларускі алігарх Юры Чыж быў спачатку лібэралам, потым фаварытам Лукашэнкі, ён перажыў міжнародныя санкцыі «за падтрымку рэжыму», але трапіў у апалу да свайго патрона.

У сярэдзіне 1990-х зь Юрыем Чыжом давялося кантактаваць часьцяком і падоўгу. Ягоная кампанія «Трайпл», якая прынесла на беларускі рынак тэхналёгіі «плястыкавых вокнаў» і безалькагольных напояў, была жаданым рэклямадаўцам тыднёвіка «Свободные новости», дзе я працаваў.

Мяне раз-пораз дасылалі на адказнае заданьне — годна адпрацаваць грошы важнага кліента. Ягоны офіс месьціўся на першым паверсе аднаго з працоўных інтэрнатаў на вуліцы Карбышава, і каб патрапіць у кантору, трэба было выслухаць гнеўную тыраду вахцёркі, незадаволенай, што на яе тэрыторыі невядома хто атабарыўся.

Усе інтэрвію Юры Чыж даваў сам. Нягледзячы на кічавы антураж ужо пасьпяховага бізнэсоўцы — 600-ты «Мэрсэдэс» ды ахоўнік, удвая большы за гаспадара, — у размове ён быў досыць просты і шчыры. Вясковы хлапец, які толькі прызвычайваўся да вялікіх грошай і новага статусу. Пры гэтым у размовах рэклямаваньне ягонай прадукцыі адыходзіла на другі плян — складвалася ўражаньне, што Чыж плаціць за тое, каб перадусім мець трыбуну для крытыкі неразумнай улады.
Калі пагартаць падшыўкі газэты 1995–1997 гадоў, можна пераканацца: Чыж тагачаснага ўзору быў сьцяганосцам беларускай лібэральнай думкі. Прынамсі плянавыя мэтады гаспадараньня лічыў тупіковымі, што сьмела агучваў публічна.

Пасьля заканчэньня Беларускага політэхнічнага ўнівэрсытэту ён маладым спэцыялістам быў разьмеркаваны на Менскі трактарны завод. Цягам наступных сямі гадоў па кар’ернай лесьвіцы дайшоў да пасады начальніка энэргаслужбы корпусу. Але калі Савецкі Саюз пачаў распадацца, патрэба ў маштабнай вытворчасьці пачала адпадаць, рынак збыту звузіўся.

Хутка ацаніўшы беспэрспэктыўнасьць сытуацыі, Чыж пачаў угаворваць кіраўніцтва прадпрыемства пераарыентавацца на выпуск новых тавараў, якія будуць мець рэальны попыт і як вынік прынясуць прыбытак у заводзкую казну. Аднак ідэі «выскачкі» былі ацэненыя контрапрадуктыўнымі і пасьля чарговай адмовы нешта мяняць у структуры працы Чыж напісаў заяву на звальненьне.

Такім чынам выпраўленьню Чыжа ў вольнае плаваньне паспрыяла бясплённае змаганьне з сыстэмай. Пасьля, як расказваў Юры Чыж, калі ўжо трывала стаў на ногі і мог сам рабіць інвэстыцыі, ён неаднаразова зьвяртаўся ў адміністрацыі розных заводаў-гігантаў з прапановай узаемавыгаднага супрацоўніцтва. Аднак кіраўнікі, зьвязаныя путамі дзяржаўнага кантролю, адмаўлялі. Хоць ужо і было відавочна, што цягнуць цяжар вытворчасьці ў старым аб’ёме немагчыма, непатрэбна, а галоўнае — стратна.

Першы капітал Юры Чыж зарабіў на пасярэдніцкай дзейнасьці, аптовым гандлі і грузаперавозках. Гэтыя сродкі былі ўкладзеныя ў вытворчасьць плястыкавых вокнаў і газаваных напояў, якіх не хапала на беларускім рынку. Вытворчасьць прыносіла адчувальныя даходы. Кампанія Чыжа імкліва разрасталася, зьяўляліся службы, адказныя за кожны напрамак працы. З абшарпанага інтэрнату кіраўніцтва «Трайпла» пераехала ў сучасны офіс на ціхую вуліцу Лодачную. І мае наўпроставыя стасункі з няўрымсьлівым рэклямадаўцам паступова згарнуліся.

Зрэшты, па старой памяці Юры Чыж не адмаўляў у спрыяньні ці дапамозе іншым. Калі аматары-альпіністы папрасілі мяне вывесьці іх на Чыжа — а раптам дапаможа прафінансаваць нятанную экспэдыцыю на Цянь-Шань — бізнэсовец прыняў іх, паслухаў і ўжо на пятай хвіліне размовы дастаў з кішэні важкі пачак амэрыканскіх банкнотаў. Ідзіце, скарайце свае вышыні.

Ад 1997 году рост фірмаў Чыжа пачаў набываць лявінападобны характар, пасьлядоўна ахопліваючы рэстаранны і забаўляльны бізнэс, будаўніцтва, гандаль нафтай і нафтапрадуктамі, фармакалёгію, вялікі спорт. Яму належыць футбольны клюб «Дынама» і гарналыжны комплекс «Лагойск».

Усё часьцей Чыжа можна было сустрэць у кампаніі з закаранелымі лябістамі дзяржаўнага плянаваньня эканомікі, якіх ён раней заўзята крытыкаваў. Ён стаў набліжаным да ўлады, нават партнэрам па хакейнай камандзе Аляксандра Лукашэнкі. Праз колькі гадоў бліжэй да патрона ў «Дразды» перабраўся і сам, касіў там разам з Лукашэнкам, зьбіраў кавуны, гутарыў з Колем Лукашэнкам.

Апошнія мае кантактаваньні з Юрыем Чыжом тычыліся замарожваньня ягонага бізнэсу ў краінах Эўразьвязу пасьля жорсткага разгону акцыі па выніках прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Тады Эўразьвяз унёс яго і ягоныя кампаніі ў «чорны сьпіс» , палічыўшы яго разам зь некаторымі іншымі бізнэсоўцамі «кашалькамі рэжыму» Аляксандра Лукашэнкі.
Юры Чыж на маю просьбу камэнтару адрэагаваў досыць нэрвова, але, прыгадаўшы ранейшыя размовы, паспрабаваў аджартавацца: маўляў, журналістам гэтая тэма чамусьці больш цікавая, чым яму самому: «А яна мне да аднаго месца, можаце так і напісаць», — адказаў ён.

Пры канцы 2014-га Эўразьвяз зьняў санкцыі зь ягоных калегаў-алігархаў Уладзімера Пефціева і Анатоля Тарнаўскага. На Юрыя Чыжа тыя паслабленьні не распаўсюдзіліся. На гэта Чыж нэрвова адрэагаваў у размове са мной: «Значыць, іх там вельмі моцна любяць, адрозна ад мяне...».

Эўразьвяз выкрасьліў Юрыя Чыжа і ягоныя фірмы з чорнага сьпісу толькі сёлета.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG