Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Чыж: беларускі шлях да бізнэс-імпэрыі


Юры Чыж
Юры Чыж

Прапануем вашай увазе дасьледаваньне пра бізнэс-імпэрыю Юрыя Чыжа, зробленае журналістамі Свабоды ў 2012 годзе.

У сфэру інтарэсаў Юрыя Чыжа ўваходзяць паліўна-энэргетычны комплекс, вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў, транспартныя і мытныя паслугі, фармацэўтыка, рэстараны, адпачынак, спорт. І гэта — ня поўны сьпіс. Менавіта гэтым і тлумачыцца спалучэньне ягонага прозьвішча са словамі «бізнэс-імпэрыя».

Складальнік рэйтынгу самых пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў Беларусі Вадзім Сяховіч сказаў «Свабодзе», што Юры Чыж пачаў свой шлях у бізнэс са спорту:

«У нас вельмі шмат бізнэсоўцаў-спартоўцаў. І калі пачаўся развал Савецкага Саюзу, багата спартоўцаў пайшлі альбо ў бізнэс, альбо пачалі „крышаваць“ бізнэс. Чыжа часам называюць „нязьдзейсьненым рэкецірам“, бо ён быў вядомы барэц, майстар спорту.

Памятаю, што свой бізнэс ён чамусьці пачынаў з дываноў. Прывозіў і прадаваў тут дываны з Бэльгіі. Тады гэта быў вялікі бізнэс і шмат хто ім займаўся».

Але гэта быў толькі подступ да сапраўднага бізнэсу — працягвае Вадзім Сяховіч:

«І такі першы праект, калі зьявілася кампанія „Трайпл“, быў зьвязаны з будаўнічымі матэрыяламі. Ён пачаў вельмі шпарка рабіць вокны ПВХ. І вельмі, як кажуць, да месца стаў праект „Аква-трайпл“, які ўзьнік крыху пазьней».


Бізнэс Чыжа пачаў імкліва пашырацца. І найперш празь ягоныя сувязі з уладнымі структурамі — кажа кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:

«Гэта так званы намэнклятурны бізнэс. Ён лёгка расшыфроўваецца. Там бізнэсу, па вялікім рахунку, ужо няма. Гэта проста робяць грошы пры дапамозе прадстаўнікоў улады».

Аднак у кар’еры Чыжа быў і няўдалы бізнэс, — згадвае Вадзім Сяховіч:

«Ён у свой час быў суакцыянэрам Беларускага біржавога банку, які пасьля з трэскам лопнуў. І вось што цікава — дагэтуль у імпэрыі Чыжа няма банкаўскіх актываў. Мабыць, дае пра сябе знаць той няўдалы фінансавы досьвед. Праўда, сёлета хадзілі чуткі, што ён выкупіць банк „Менск-Масква“. Але, мабыць, грошай у яго не хапае».

Юрый Чыж адкрыў у Менску сетку гіпэрмаркетаў.
Юрый Чыж адкрыў у Менску сетку гіпэрмаркетаў.


Час ад часу ў інтэрнэце зьяўляюцца сьпісы самых багатых людзей Беларусі. Юры Чыж там у першай дзясятцы. Але давяраць гэтым лічбам нельга — кажа Леанід Заіка:

«Гэты сьпіс не валідны. Бо каб ацаніць сапраўдны фінансавы стан, найперш трэба выйсьці зь ценю. Трэба будзе задэкляраваць свае прыбыткі. І паказаць, адкуль узятыя грошы. Напрыклад, адкуль ты мільярд зарабіў? Гандляваў зброяй. Хіба ж гэта бізнэс? Так, намэнклятурныя гульні».

Мне цяжка сказаць, спрыяе кіраўнік дзяржавы яму альбо не. Але тое, што яны разам косяць траву і робяць гэта прылюдна, сьведчыць пра тое, што дачыненьні ў іх добрыя.


Юрыя Чыжа час ад часу можна бачыць побач з Аляксандрам Лукашэнкам.

Вадзім Сяховіч: «Мне цяжка сказаць, спрыяе кіраўнік дзяржавы яму альбо не. Але тое, што яны разам косяць траву і робяць гэта прылюдна, сьведчыць пра тое, што дачыненьні ў іх добрыя. Чыж разам з тым жа Пефціевым і яшчэ некалькімі бізнэсоўцамі — спонсар прэзыдэнцкага спартовага клюбу. І гэта таксама сьведчыць пра тое, што ў яго добрыя сувязі».

Леанід Заіка лічыць, што ў беларускай структуры бізнэсу за Юрыем Чыжом незалежна ад рашэньня Эўразьвязу захаваецца цёплае месца.

Прадпрымальнік Павал Жук некалі меў друкарню на чыжоўскіх плошчах. Ён лічыць, што шпаркае разьвіцьцё бізнэсу Юрыя Чыжа, якога называюць сябрам Лукашэнкі, тлумачыцца проста:

«Чалавек так падстроіўся пад уладу. Проста так гэта не бывае. Проста ўвайшоў у давер, нейкую частку аддае куды трэба. А яму даюць магчымасьць. Ён у свой час узяў падрад на перабудову ўсіх вайсковых гарадкоў. Потым надышоў крызіс, усё там завалілася, ён страціў нейкія грошы. Таксама некалькі дамоў узяў у цэнтральных месцах. Адзін вельмі шпарка будуецца, а ўсе астатнія закінутыя. Бо грошай няма, яму гэта даруецца. З „Ітэрай“ скасавалі кантракт, а яму можна рабіць усё што заўгодна. Бо ўвайшоў у давер. Ня ведаю, якія працэнты ён там аддае, што ён там робіць. Але гэта прыватная дамоўленасьць з самымі высокімі асобамі ў дзяржаве».

Слодычы ў «Салодкім фальварку» — таксама «ад Чыжа»
Слодычы ў «Салодкім фальварку» — таксама «ад Чыжа»

Чыж і ягоны бізнэс

З «Трайплам» зьвязваюць будаўніцтва шматпавярховага будынка на беразе Сьвіслачы каля менскага цырку. А гмах, што ўзывашаецца над Траецкім прадмесьцем, менчукі наўпрост называюць «Домам Чыжа».

Будаўніцтва жылога комплексу прэміюм-клясу «Ля Траецкага».
Будаўніцтва жылога комплексу прэміюм-клясу «Ля Траецкага».


Спэцыяліст па продажах Павал Пратасоўскі: «Комплекс уяўляе сабою шматкватэрны жылы дом на 235 кватэр. І яшчэ ўбудаваны трохузроўневы падземны паркінг і нежылыя памяшканьні — офісы і крамы. Ён знаходзіцца ў найлепшым месцы сталіцы».

Юрыю Чыжу належыць група кампаніяў «Трайпл», дзе працуе каля 5 тысяч чалавек.

Яго інтарэсы палягаюць у розных сфэрах — ад аптовага гандлю нафтапрадуктамі і будаўніцтва да вытворчасьці безалькагольных напояў, гатэльнага бізнэсу, імпарту алькагольных напояў і нават гадоўлі сярэднеазіяцкіх аўчарак.

Сярод аб’ектаў, якія належаць Чыжу, — рэстаран-піваварня «Ракаўскі бровар» і сельскагаспадарчы комплекс «Трайпл-агра» на тэрыторыі Астрашыцкага сельсавету, паблізу прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі.

Рэстаран-піваварня «Ракаўскі бровар»
Рэстаран-піваварня «Ракаўскі бровар»


Юрый Чыж — старшыня назіральнай рады футбольнага клюбу «Дынама» і старшыня Беларускай фэдэрацыі барацьбы. Выканаўчы дырэктар фэдэрацыі Мікалай Палазьнік кажа, што Чыж для фэдэрацыі — гэта найлепшы варыянт.

Публікацыя 2012 году

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG