Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арсені Яцанюк — Пятру Парашэнку: «падтрымайце мяне ці звольніце»


Арсені Яцанюк
Арсені Яцанюк

Прэм’ер-міністар Украіны Арсені Яцанюк апублікаваў на сваім асабістым сайце ўкраінскую вэрсію свайго інтэрвію брытанскаму штодзёньніку The Financial Times, у якім гаворыцца, што ён кінуў выклік прэзыдэнту Пятру Парашэнку: «падтрымайце мяне ці звольніце».

Яцанюк у гэтым інтэрвію кажа, што рашучыя дзеяньні зьяўляюцца адзіным выйсьцем з палітычнага крызісу ў краіне, які цягнецца ўжо месяц і можа прывесьці да датэрміновых выбараў і зрыву працэсу празаходніх рэформаў.

Яцанюк заявіў, што працягваюцца сталыя атакі з боку кіруючай кааліцыі, у якую ўваходзяць 136 дэпутатаў з фракцыі прэзыдэнта, і дадаў, што «няёмка атрымліваць удары ў сьпіну».

«Калі прэзыдэнт ня хоча працаваць са мной і калі яго фракцыя катэгарычна супраць гэтага ўраду і гэтага прэм’ера... пры ўсёй павазе, прашу ўзяць на сябе адказнасьць, сфармаваць урад, прадставіць праграму новага ўраду ўкраінскага народу і сфармаваць новую кааліцыю», — сказаў Яцанюк.

Але, гаворыцца на сайце, у інтэрвію ён дадаў, што «заўсёды стараўся пазьбягаць сумнага сцэнару 2005 году», і заявіў: «Я ніколі ня буду скардзіцца на майго прэзыдэнта. Я буду маўчаць да канца. Але канец яшчэ вельмі далёка».

Яцанюк заявіў, што перад краінай цяпер тры сцэнары: перафарматаваць ўрад на чале з ім, новы ўрад ці датэрміновыя выбары. Паводле яго слоў, ён «гатовы з гонарам перадаць офіс прэм’ер-міністра моцнаму ўраду, моцнай кааліцыі і лепшай праграме».

Некаторыя зь яго былых палітычных саюзьнікаў аддаюць перавагу датэрміновым выбарам, дадаў Яцанюк, але ён лічыць гэта памылкай. «Пасьля таго, як адбудуцца датэрміновыя парлямэнцкія выбары, паверце мне, яны ніколі ня змогуць сфармаваць прарэфарматарскі празаходні ўрад», — сказаў ён, дадаўшы, што любая новая кааліцыя будзе складацца з «10 розных партыяў з зусім рознымі ідэалёгіямі».

Прэм’ер таксама адзначыў, што абвінавачваньні ў карупцыі ў дачыненьні да яго і ягоных калегаў з боку апанэнтаў былі беспадстаўнымі. «Гэта паклёп», — сказаў ён.

Таксама ў чацьвер лідэр фракцыі «Блёк Пятра Парашэнкі» Юры Луцэнка заявіў, што ў гэтай фракцыі настойваюць на адстаўцы прэм’ер-міністра Арсенія Яцанюка. «Прэм’ер-міністар павінен зрабіць адказны крок і даць магчымасьць краіне атрымаць новага прэм’ера, новы ўрад», — сказаў Луцэнка пасьля нарады парлямэнцкіх фракцыяў і дэпутацкіх груп.

Ён дадаў: «Мы падтрымаем прэм’ера, які зможа спыніць партыйны бізнэс, спыніць сувязі з алігархамі».

Луцэнка таксама прапанаваў Яцанюку сустрэцца ў панядзелак, 14 сакавіка з парлямэнцкімі фракцыямі для абмеркаваньня палітычнага крызісу.

Яшчэ ў канцы лютага Луцэнка заяўляў, што старая кааліцыя распалася, і ў бліжэйшы тыдзень лідэры фракцыяў «павінны пачаць перамовы аб стварэньні новай кааліцыі пад новы ўрад».

Пасьля гэтага Яцанюк нагадваў, што большасьць народных дэпутатаў не падтрымала пытаньне адстаўкі Кабінэта міністраў, і падкрэсьліваў, што ўрад зьяўляецца юрыдычна легітымным і працягвае працаваць.

На днях ўкраінскія мэдыі са спасылкай на свае крыніцы заяўлялі, што на гэтым тыдні Вярхоўная Рада можа правесьці пазачарговае пасяджэньне, падчас якога Яцанюк, ня выключана, складзе паўнамоцтвы прэм’ера. У гэтых паведамленьнях гаварылася і пра тое, што Натальля Ярэська пагадзілася ўзначаліць урад пры ўмове, што ён будзе «тэхнакратычным і незалежным ад палітычных уплываў». Аднак сама міністар фінансаў ня стала камэнтаваць гэтыя паведамленьні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG