Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычны крызіс ва Ўкраіне можа абярнуцца «Трэцім Майданам» — кіеўскі экспэрт


Ігар Чалэнка
Ігар Чалэнка

Пра палітычны крызіс ва Ўкраіне Свабода паразмаўляла з кіеўскім палітычным экспэртам Ігарам Чалэнкам.

Пра палітычны крызіс ва Ўкраіне Свабода паразмаўляла з кіеўскім палітычным экспэртам Ігарам Чалэнкам.

— Якія прычыны цяперашняга палітычнага крызісу? Беларускім чытачам можа быць незразумела, чаму наагул узьнікае крызіс у краіне, якая знаходзіцца ў такой лёсаноснай сытуацыі.

— Прычыны гэтага крызісу палягаюць у тым, што Ўкраіна знаходзіцца пад велізарным зьнешнім уплывам. Увогуле палітычная сытуацыя ва Ўкраіне вельмі хуткаплынная, і расстаноўка сіл зьмяняецца шалёнымі тэмпамі. Мы гэта можам бачыць, напрыклад, пачынаючы з 2005 году. Усе кааліцыі выходзілі нестабільнымі, а калі яны выходзілі стабільнымі — як у Партыі рэгіёнаў і яе сатэлітаў — гэта прывяло да Эўрамайдану.

Так атрымліваецца, што, нягледзячы на ўнутраны запыт як украінскага грамадзтва, так і самога палітыкуму да абнаўленьня і зьмяненьня расстаноўкі сілаў, нашы зьнешнія партнэры не даюць гэтаму адбыцца.

— Чаму?

— Яны лічаць, што ва Ўкраіне для пераадоленьня крызісу і забесьпячэньня міру патрэбны стабільны ўрад. Тыя ж асобы ва ўладзе, зь якімі пачыналі працаваць у 2014 годзе, — гэтак жа зь імі павінны працаваць і ў 2016, 2017 годзе над пераадоленьнем крызісу. Гэта крыху выбіваецца з украінскай палітычнай традыцыі.

— Традыцыя палягае ў пастаяннай зьмене палітычных кааліцыяў?

— Гэта такая якасьць нашае дэмакратыі пачынаючы з здабыцьця Ўкраінай незалежнасьці. Паколькі мы цяпер на этапе станаўленьня, плюс да гэтага яшчэ дадалася вайна як фактар паскарэньня адносінаў паміж рознымі складнікамі ўлады, то менавіта цяпер паўстаў запыт на чарговую зьмену фармату кіруючае кааліцыі.

Арсень Яцанюк (другі зьлева)
Арсень Яцанюк (другі зьлева)

— У філязофскім аспэкце сытуацыя зразумелая. Практычна — чаму менавіта цяпер пасварыліся чальцы кааліцыі? Чаму замест таго, каб праводзіць рэформы, пачынаюцца такія гульні?

— На жаль, ва Ўкраіне існуе такое правіла — палову недагаворваць. Яно тычыцца як удзельнікаў кааліцыі, чальцоў ураду, Вярхоўнае Рады, прэзыдэнта — так і наагул грамадзтва. Мы прывыклі рабіць два крокі паперад нашага партнэра, а не працаваць разам. Уся праца ідзе не на тое, каб дасягаць супольнага выніку, а каб быць лепшым за другога, які ператвараецца з партнэра ў канкурэнта.

Уся праца ідзе не на тое, каб дасягаць супольнага выніку, а каб быць лепшым за другога

Але калі менш філязофіі — то закранаюцца інтарэсы ўплыву на дзяржаўны сэктар эканомікі, дзяржаўныя прадпрыемствы. Розныя групы спрабуюць распаўсюдзіць свой уплыў на тыя сфэры, дзе ўжо сядзяць іхнія партнэры. Яны іх выштурхоўваюць, гэта і ўплывае на такі вынік разьвіцьця падзеяў.

— Гэта значыць, кожны з удзельнікаў кааліцыі клапоціцца аб сваіх фінансавых інтарэсах, інтарэсах свайго атачэньня, а не пра тое, каб ажыцьцявіць зьмены ў дзяржаве?

— Вядома, бо чым больш чалавек знаходзіцца ва ўладзе, тым менш у яго ў галаве дзяржаўныя ідэі, а больш — ідэі карпаратыўнага характару. Фракцыі — гэта як бы «карпарацыі», якія гуляюць на палітычным рынгу і спрабуюць адабраць уплыў у канкурэнтаў. І такое стаўленьне да ўлады — менавіта як да бізнэсу — цалкам руйнуе цану цяперашняга часу, калі краіна знаходзіцца ў стане вайны, калі пасьля падзеяў Эўрамайдану мы сапраўды мелі шанец на хуткае разьвіцьцё. Захад падаваў нам руку дапамогі, а мы гэтым не скарысталіся, паглыбіўшыся ва ўнутраныя сваркі.

Шматтысячная акцыя за адстаўку ўраду Арсенія Яцанюка пад сьценамі Вярхоўнай Рады Ўкраіны. Кіеў, 16 лютага 2016 году
Шматтысячная акцыя за адстаўку ўраду Арсенія Яцанюка пад сьценамі Вярхоўнай Рады Ўкраіны. Кіеў, 16 лютага 2016 году

— Але палітыкі разумеюць, што без дапамогі Захаду ўкраінскую эканоміку чакае каляпс? Ва ўмовах агрэсіі пад пагрозай апынаецца і іхняя маёмасьць, іхнія актывы. Няўжо яны ня маюць інстынкту самазахаваньня?

— З пункту гледжаньня палітычных «карпарацыяў» — хтосьці губляе на гэтай вайне, а хтосьці нават зарабляе. Але галоўнае для іх — працягваць знаходзіцца ва ўладзе. І атрыманьне дапамогі ад замежных донараў — гэта зарука іх знаходжаньня ва ўладзе. На жаль, улада — толькі інструмэнт далейшага ўзбагачэньня. Я ня буду называць канкрэтныя прозьвішчы, таму што і тыя, хто ў апазыцыі, і тыя, хто пры ўладзе, на самой справе маюць падобную мэту. Гэта самая вялікая праблема: цяпер, праз два гады пасьля рэвалюцыі, усё яшчэ няма палітычных сілаў, якія б займаліся дзяржаватворчай працай без уліку інтарэсаў алігархічных груп.

— Расея пастаянна спрабуе расхістаць сытуацыю ва Ўкраіне, каналізаваць народную незадаволенасьць у «Трэці Майдан». Ці гэта ня можа прывесьці да нейкіх незваротных наступстваў?

— Чым далей будзе зацягвацца палітычны крызіс, тым большая імавернасьць народнага абурэньня, такога, якім быў Майдан.

— Ці будзе цяпер нейкае перафарматаваньне ўраду — ці будуць рабіць выгляд, што нічога не адбылося?

Наўрад ці да верасьня ўрад будзе зьменены

— Рабіць такі выгляд ня ўдасца, парлямэнт прызнаў працу ўраду нездавальняючай. На жаль, гэта не прывяло да адстаўкі ўраду. Цяпер будуць прызначаныя прэтэндэнты на вакантныя пасады: міністар экалёгіі, віцэ-прэм’ер па пытаньнях эўрапейскай інтэграцыі і іншыя. Гэта значыць, урад будзе даўкамплектаваны. Ёсьць вялікія пытаньні да шэрагу міністраў, але наўрад ці да верасьня ўрад будзе зьменены. Хіба што міністар аховы здароўя Квіташвілі — цяпер эфэктыўна разьвіваецца рух Саакашвілі за рэформы, і, магчыма, Квіташвілі як ягоны чалавек сыдзе ў адстаўку дзеля кар’еры ў гэтым руху, дзеля таго каб трапіць у Вярхоўную Раду ў выпадку датэрміновых парлямэнцкіх выбараў.

— А якая імавернасьць датэрміновых парлямэнцкіх выбараў?

— Пасьля таго як урад фактычна пакінулі яшчэ на паўгода, такая імавернасьць узрасла. Нават калі ня будуць праведзены перавыбары — будзе кардынальнае перафарматаваньне кааліцыі, будуць спробы Ляшка ўвайсьці ў яе. Увосень наступнага году мы так ці інакш убачым зусім іншую кааліцыю ў парлямэнце.

— У выпадку датэрміновых парлямэнцкіх выбараў — якая імавернасьць таго, што туды трапяць новыя сілы, у тым ліку будучая партыя Саакашвілі?

Саакашвілі можа адхапіць частку электарату «Бацькаўшчыны» Цімашэнкі — менавіта таму ён ёй так не падабаецца

На сёньняшні дзень цалкам відавочна, што для ўлады нявыгадна мяняць выбарчы закон. Выбарчая сыстэма застанецца мажарытарна-прапарцыйнай. Такім чынам будуць стрыманыя новыя праекты, напрыклад, праект Саакашвілі. Таму што адна справа — брэнд Саакашвілі, а іншая — ісьці па мажарытарнай акрузе.

— Але ў прапарцыйнай частцы — ці ёсьць у таго ж Саакашвілі шанец на фармаваньне сваёй фракцыі ў парлямэнце?

— Вядома, з падзеньнем узроўню жыцьця насельніцтва папулізм спадара Саакашвілі можа згуляць тую ж карту, як у свой час папулізм спадара Ляшка. Саакашвілі можа адхапіць частку электарату «Бацькаўшчыны» Цімашэнкі — менавіта таму ён ёй так не падабаецца. Паводле прапарцыйнай сыстэмы партыя Саакашвілі мае шанец заняць другое месца.

Міхаіл Саакашвілі на антыкарупцыйным форуме ў Кіеве леташнім сьнежнем
Міхаіл Саакашвілі на антыкарупцыйным форуме ў Кіеве леташнім сьнежнем

— Падводзячы вынікі: тое, што адстаўка ўраду не адбылася, — гэта больш плюс ці мінус?

— Я лічу, што гэта больш пазытыўна. Па-першае, мы цяпер напярэдадні атрыманьня траншаў ад Міжнароднага валютнага фонду, па-другое — рэфэрэндум у Нідэрляндах з нагоды асацыяцыі ЭЗ з Украінай. Гэта значыць, такая стабілізацыя ўраду — гэта плюс у бліжэйшыя месяцы два-тры. Але калі казаць пра паўгода — то ўзьнікаюць пытаньні. Таму што праз паўгода, калі гэты ўрад зноў можна будзе адстаўляць — ён ужо пачне падаваць у Вярхоўную Раду праект бюджэту на 2017 год. Пачнецца новы бюджэтны працэс, а бюджэт — ён жа не малюецца на калене. Гэта бесьперапынны працэс. І, такім чынам, адправіць урад у адстаўку будзе яшчэ больш складана.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG