Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Вярхоўная Рада Ўкраіны адмоўна ацаніла працу ўраду Арсенія Яцанюка, але не адправіла яго ў адстаўку?


Тры пытаньні для трох аналітыкаў: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.

Дракахруст: 16 лютага прэм’ер-міністар Украіны Арсені Яцанюк выступіў са справаздачай аб працы ўраду за мінулы год. У той жа дзень быў абнародаваны відэазварот прэзыдэнта Пятра Парашэнкі, у якім прэзыдэнт рэзка скрытыкаваў працу ўраду і Генэральнай пракуратуры. Ён абвінаваціў урад у млявым правядзеньні рэформаў, у адсутнасьці ўзаемадзеяньня з фракцыямі ўрадавай кааліцыі, сказаў пра неабходнасьць «поўнай перазагрузкі ўраду». Парашэнка абнародаваў дадзеныя апытаньня, паводле якога 70% украінцаў ацанілі працу ўраду адмоўна. Ён таксама заклікаў падаць у адстаўку генпракурора Шокіна, які гэта ўчора і зрабіў.

Аднак з урадам атрымалася інакш. Учора ж стала вядома, што ў парлямэнце ідзе збор подпісаў за адстаўку кабінэту Яцанюка, прычым зьбіралі іх кааліцыйныя фракцыі, якія ўтвараюць урад, у тым ліку і фракцыя прэзыдэнта. Большасьць сяброў Рады ацанілі дзейнасьць ураду пасьля справаздачы Яцанюка як нездавальняльную.

Але потым здарыўся сюрпрыз. Пры галасаваньні аб даверы ўраду за недавер не хапіла галасоў.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Ёсьць шмат вэрсіяў гэтага. Мне найбольш зьмястоўнай падаецца вэрсія палітычнага аглядальніка ўкраінскай Свабоды Віталя Портнікава. Паводле яго — зрабіць прэм’ера «кульгавай качкай», вельмі аслабіць, але не прыбіраць, і было мэтай Пятра Парашэнкі. Портнікаў зьвярнуў увагу, што ў сваім відэазвароце прэзыдэнт Парашэнка насамрэч не заклікаў да адстаўкі ўраду, толькі да поўнай перазагрузкі.

Адстаўка магла б прывесьці да распаду ўрадавай кааліцыі, выхаду зь яе партыі Яцанюка «Народны фронт» і, магчыма, да новых выбараў зь непрадказальным вынікам. Новы ўрад — гэта магчымая паўза ў атрыманьні крэдытаў МВФ.

А так прэм’ер аслаблены палітычна — яго праца ацэненая адмоўна, дадзеныя пра народны недавер не паленаваўся абнародаваць сам прэзыдэнт. Але ў крэсьле Яцанюк застаецца. З пэрспэктывай поўнай перазагрузкі, што, на думку экспэртаў, можа азначаць, што ва ўрад прыйдзе яшчэ больш людзей прэзыдэнта, у тым ліку і на ключавую пасаду міністра ўнутраных спраў.

Ну, а калі глядзець гістарычна, то гэта выглядае наканаваным лёсам рэвалюцыянэраў. Цяпер ужо забылася, як шматтысячны Майдан зачаравана слухаў палкія прамовы Яцанюка. Як той казаў, рэвалюцыя пажырае сваіх дзяцей. Можа прыгадаць лёс і Валэнсы, і Бальцаровіча, і аранжавай кааліцыі, якая прыйшла да ўлады ў выніку першага Майдану.

Іншая справа, што тыя Валэнса і Бальцаровіч правялі карэнныя рэформы, зьмянілі Польшчу і зрабілі перамены незваротнымі. Даліна сьлёз, празь якую яны вялі палякаў, усё ж прывяла да лепшага жыцьця. Куды прывёў урад Яцанюка — гэта вялікае пытаньне.

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Карбалевіч: Чаму такі ўрадавы крызіс здарыўся? Тут некалькі прычын. Востры эканамічны крызіс, без асаблівых пэрспэктываў паляпшэньня. Народ незадаволены. Фракцыі, якія падтрымлівалі ўрад, баяцца страціць грамадзкую падтрымку, таму ня супраць ахвяраваць урадам. Таму чатыры фракцыі і прэзыдэнт выступаюць за адстаўку ўраду.

Вядома, што ўрад рэфарматараў — гэта група палітычных сьмяротнікаў. Няхай сабе рэформы і палавіністыя. Але ў кіраўніка ўраду Яцанюка невялікія шанцы застацца ў вышэйшай палітыцы, на высокіх пасадах. Думаю, яму наканаваны лёс Гайдара ці Бальцаровіча. Розьніца ў тым, што Гайдар у Расеі і Бальцаровіч у Польшчы пасьпелі правесьці важныя рэформы, а Яцанюк — не.

Пазыцыя Парашэнкі, які выступіў за адстаўку ўраду, тлумачыцца яшчэ і крытыкай з боку МВФ. Кіраўніцтва фонду пагражала ня даць чарговага крэдыту, калі ня будуць праводзіцца рэформы, ладзіцца барацьба з карупцыяй. Украінскаму прэзыдэнту трэба было неяк рэагаваць. Вось ён і зрэагаваў.

Чаму ж адстаўка ўраду Яцанюка не адбылася? Бо гэта азначала б перафарматаваньне ўсёй праўрадавай кааліцыі. А гэта заўсёды доўга, канфліктна, на пэўны час краіна магла проста застацца без ураду, быў бы толькі тэхнічны ўрад, а гэта ў пэўным сэнсе безуладзьдзе. Калі ж наагул не змаглі б дамовіцца тыя фракцыі, якія складаюць праўрадавую кааліцыю, то маглі б паўстаць новыя выбары, а гэта поўная непрадказальнасьць. Усе фракцыі праўрадавай кааліцыі могуць падчас выбараў страціць галасы. Таму Яцанюк да канца верасьня 2016 году атрымаў карт-блянш.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: За ўкраінскай палітыкай сачыць цікава, але ёсьць адчуваньне дэжавю. Пасьля абраньня новага лідэра, на хвалі пратэсту альбо выбараў зь вялікім крэдытам даверу, думаеш: калі людзі пачнуць яго не любіць? Гэта адбываецца празь некалькі месяцаў. Няўжо Юшчанка быў такі кепскі, што пасьля першага абраньня на хвалі Майдану на другіх выбарах ён атрымаў 1%? Тут прычыны і ў мэнталітэце ўкраінцаў, і ў цяжкім стане краіны. Нацыянальны характар украінцаў быў загартаваны казацтвам і цяпер у такой форме праяўляецца. Мы маем у Эўропе два падобныя прыклады: Італія і Нямеччына. У Нямеччыне палітычныя дзеячы, як Коль ці Мэркель, кіруюць краінай па дзесяць гадоў, а ў Італіі ўрадавыя крызісы адбываюцца, асабліва раней адбываліся, ледзьве ня кожны год. І хто скажа, дзе жыцьцё лепшае? Адкажуць па-рознаму. Але беларусы, здаецца, адкажуць, што «ў Нямеччыне», паколькі любяць парадак. У гэтым сэнсе суседнія народы, беларусы і ўкраінцы, вельмі непадобныя.

Дракахруст: Размова ня толькі пра нацыянальны характар, але і пра лёгіку рэвалюцыі. Палякі не ўва ўсім падобныя да ўкраінцаў, але расчараваньне ў першай кагорце рэвалюцыянэраў-рэфарматараў там таксама было. Таксама і ў Літве, калі вярнуліся посткамуністы. Таму пытаньне ня ў тым, ці адбудзецца гэтае расчараваньне, а — што гэтыя людзі пасьпеюць зрабіць? Калі нічога ці вельмі мала, і гэта рэчы зваротныя, то сапраўды сумна, бо крэдыт спалены, а вынік — зачараванае кола.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG