Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму забаранілі шэсьце прадпрымальнікаў 


Мікола Статкевіч і Анатоль Лябедзька
Мікола Статкевіч і Анатоль Лябедзька

Чаму адмовілі ў правядзеньні шэсьця прадпрымальнікаў Шумчанку і Статкевічу? Як спалучаецца палітычнае і сацыяльнае ў пратэстах ІП? Ці возьме Лябедзька ўдзел у кангрэсе дэмакратычных сілаў, які ладзіць Статкевіч?

Тры пытаньні для трох аналітыкаў — Валера Карбалевіча, Віталя Цыганкова і Юрыя Дракахруста


Дракахруст: На мінулым тыдні менскія гарадзкія ўлады адмовілі ў правядзеньні шэсьця ў абарону правоў прадпрымальнікаў, якое 14 сакавіка меліся правесьці лідэр аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка і палітык Мікола Статкевіч.

Матывы адмовы мелі даволі фармальны характар, да таго ж улады не адмовілі сабе ў задавальненьні ўзмацніць канфлікты ў апазыцыі, пазначыўшы ў адмове, што адзін зь яе матываў — заяўка ад іншых асобаў на масавую акцыю ў той жа час і ў тым жа месцы.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Нагадаю, што такую заяўку падаў лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Ён, праўда, потым яе адклікаў, але, прынамсі, у якасьці адной з нагодаў для адмовы Шумчанку і Статкевічу яна ў адказе гарвыканкаму была прыгаданая.

Чаму ж адмовілі? На думку саміх арганізатараў, прычына — у тым, што сярод заяўнікаў фігураваў Статкевіч. У інтэрвію Свабодзе ён сказаў, што ён, паводле ацэнкі Лукашэнкі, зьяўляецца галоўным апанэнтам улады. Месяц таму дакладна такую ж акцыю, на якую падавала заяўку адна «Пэрспэктыва», задаволілі, цяпер на такую ж са Статкевічам далі адмову.

Аднак, мне здаецца, што ўлады кіраваліся больш шырокім падыходам, у тым ліку і досьведам прадпрымальніцкіх акцыяў, якія прайшлі за апошні месяц. Іх не разганялі, але яны былі недазволеныя. Наяўнасьць дазволу — прынамсі, пакуль важны фактар, які наўпрост уплывае на колькасьць удзельнікаў акцыі, маса, вялікая колькасьць людзей можа і пайсьці на дазволеную акцыю, але ня пойдзе на забароненую, нават калі гэта не пагражае міліцэйскім дубцом і іншымі рэпрэсіямі. У выніку акцыі ІП былі адносна нешматлікія. Даць дазвол — падняць колькасьць.

Канфлікт паміж Статкевічам і Лябедзькам з нагоды акцыі 14 сакавіка робіць значна менш імаверным удзел АГП, а таксама яе палітычных саюзьнікаў БХД і «За Свабоду» ў кангрэсе дэмакратычных сілаў.

Сапраўды, наяўнасьць Статкевіча ў ліку заяўнікаў амаль гарантавала, што акцыя не абмяжуецца адно сацыяльнымі патрабаваньнямі, тым самым указам № 222. У гэтым сэнсе мне асабіста не зусім зразумела, чаму Шумчанка падаў заяўку разам са Статкевічам. Дадуць дазвол ці не — ён ня ведаў, былі варыянты, але палітызацыю акцыі наяўнасьць Статкевіча сярод заяўнікаў гарантавала. Гэта тое, чаго Шумчанка да апошняга часу імкнуўся пазьбягаць.

Зараз, пасьля адмовы, прагучаў заклік ісьці 14 сакавіка да міністэрства па падатках і зборах. Самае месца збору абазначае сацыяльны характар акцыі — не да адміністрацыі прэзыдэнта, як заклікаў Статкевіч некалькі тыдняў таму, не пад лёзунгамі «ў адстаўку Кабякова», «недавер Лукашэнку», якія гучалі на апошніх прадпрымальніцкіх мітынгах. Каля мінпадаткаў такія заклікі гучалі б недарэчна.

Але цяпер акцыя 14 сакавіка робіцца недазволенай. Пра колькасьць удзельнікаў недазволеных акцыяў мы ўжо ведаем. У гэтым сэнсе Анатоль Шумчанка рызыкуе сваім аўтарытэтам — калі да МПС прыйдзе таксама некалькі соцень чалавек, гэта будзе ўдарам па яго вобразу прадпрымальніцкага лідэра, які прадстаўляе масы ІП, а ня толькі самых сьмелых.

Канфлікт паміж Статкевічам і Лябедзькам з нагоды акцыі 14 сакавіка робіць значна менш імаверным удзел АГП, а таксама яе палітычных саюзьнікаў БХД і «За Свабоду» ў кангрэсе дэмакратычных сілаў, які склікаюць Статкевіч, Уладзімер Някляеў і Станіслаў Шушкевіч. На мой погляд, з таго, што Статкевіч казаў у інтэрвію Віталю для Свабоды, вынікае, што праводзіць кангрэс Статкевічу давядзецца, прынамсі, без АГП.

Цыганкоў: Так, псыхалёгія прадпрымальнікаў, пра якую мы казалі ня раз у перадачах, прадугледжвае магчымасьць удзелу ў дазволеных акцыях. Зразумела, удзелу большасьці, а ня тых палітычна актыўных, лідэрам якіх зьяўляецца Алег Макаеў. Ён, дарэчы, сам прызнаваўся, што іх меншасьць, і што палітычная актыўнасьць прыводзіць да зьніжэньня масавасьці акцый.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Аднак палітызацыя пэўнай часткі прадпрымальнікаў можа адбыцца сама сабой — у выніку правалу перамоваў з уладамі. Пакуль што яны працягваюцца, і сытуацыя там дастаткова часта мяняецца. У Фэйсбуку Анатоль Шумчанка даволі падрабязна апісвае гэтыя перамовы, і можна назіраць, што настроі мяняюцца літаральна кожны дзень. То ён піша, што дасягнуты пэўны прагрэс, то фактычна поўны правал, адмова ўсіх патрабаваньняў.

Не 100%, але значная колькасьць прадпрымальнікаў, калі будзе пастаўленая тлустая кропка ў гэтых перамовах, будзе здольная пайсьці хаця б на адну-дзьве акцыі.

Лідэры змагаюцца за лідэрства. Адна з праяваў гэтага супрацьстаяньня — перацягваньне пратэсту прадпрымальнікаў на сябе.

Апошнія падзеі выявілі сур’ёзныя разыходжаньні паміж Статкевічам і Лябедзькам. Можна было здагадвацца, што разыходжаньні ёсьць, але тут яны выявіліся публічна. Абодва лідэры пацьвердзілі гэта ў сваіх заявах і ў допісах у сацыяльных сетках. І гэта сьведчыць пра тое, што заплянаваны Кангрэс дэмакратычных сілаў можа зафіксаваць гэтыя супярэчнасьці. Іншая справа, што ніхто з апазыцыйных лідэраў не захоча стаць тым «ахвярным казлом», з-за якога не адбыўся кангрэс. Ясная справа, тут будзе нейкае перакідваньне адказнасьці.

На сёньняшні момант выглядае, што Статкевіч з Лябедзькам ня ў стане сесьці за адзін стол, «за адзін кангрэс», так бы мовіць. Лябедзьку не задавальняюць патэнцыйныя вынікі кангрэсу — у кожнага свае матывы. Лідэры змагаюцца за лідэрства. Статкевіч у інтэрвію Свабодзе заявіў, што ён — самы галоўны апанэнт Лукашэнкі, магчыма, іншым апазыцыйным палітыкам такая заява ня вельмі падабаецца. Такім чынам, адна з праяваў гэтага супрацьстаяньня — перацягваньне пратэсту прадпрымальнікаў на сябе.

Карбалевіч: Прычынаў адмовы некалькі. Фармальна, шэсьці ў Беларусі фактычна забароненыя даўняй пастановай Менгарвыканкаму, паводле якой ладзіць публічныя акцыі можна толькі на плошчы Бангалёр. То бок, толькі мітынг, бо ў адным месцы шэсьця ня можа быць.

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

У дадзеным выпадку ўлады палічылі, што ня варта ствараць прэцэдэнт. Адна справа — дазвол апазыцыі ў Дзень волі ці на «Чарнобыльскі шлях». Гэта традыцыя, за гэтым уважліва сочаць замежныя дыпляматы, тут можна сапсаваць адносіны з ЭЗ. А пратэст ІП — сацыяльны. Сёньня дазволь ІП, заўтра захочуць пратэставаць незадаволеныя ростам камунальных тарыфаў, пасьлязаўтра — звольненыя з прадпрыемстваў. Гэта можа стаць лявінай, таму — лепш не дазваляць.

Трэці момант: заяўка Шумчанкі і Статкевіча — гэта саюз незадаволеных ІП з апазыцыяй. Калі б заяўка была ад аднаго Шумчанкі, то, думаю, шанцаў на дазвол было б больш. А калі далучаецца апазыцыя, то гэта небясьпечна, рызыкоўна для ўлады.

Улады ўмела выкарысталі канфлікт Шумчанкі-Статкевіча зь Лябедзькам і ўзмацнілі сварку ўнутры апазыцыі


Таксама фігура самога Статкевіча. Калі б гэта быў, прыкладам, Павал Севярынец ці іншы палітык, то гэта адна справа. Статкевіч зараз найбольш актыўна ўдзельнічае ў вулічных акцыях, прычым з радыкальнымі лёзунгамі — улады націснулі на тормаз.

Улады ўмела выкарысталі канфлікт Шумчанкі-Статкевіча зь Лябедзькам, тлумачачы адмову тым, што існуе не адна заяўка на шэсьце. І ўзмацнілі гэтую сварку ўнутры апазыцыі. З гледзішча ўладаў, гэта даволі разумны крок.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG