На «Барысаўдрэве» карэспандэнту «Свабоды» сказалі, што затрыманы намесьнік гендырэктара па камэрцыі Ігар Пракаповіч.
«Так, ведаем, што ён затрыманы, але падрабязнасьцяў ня ведаем, бо гэта было не ў Барысаве, а ў вас у Менску. Нічога не камэнтуем», — сказаў намесьнік гендырэктара па вытворчасьці Аляксандр Валкавец.
Прозьвішча намесьніка гендырэктара па камэрцыйных пытаньнях Ігара Пракаповіча яшчэ не прыбрана з сайту «Барысаўдрэва». Вядома, што на пасаду Ігар Пракаповіч заступіў у кастрычніку мінулага году разам з новай камандай, якую ўзначаліў цяперашні гендырэктар Аляксандар Елсукоў. Да таго працаваў на прадпрыемстве.
Паводле прэсавай службы Менскай абласной управы міліцыі, Ігар Пракаповіч быў затрыманы 1 сакавіка пад Менскам у пасёлку Атоліна пры атрыманьні 24 мільёнаў рублёў. Міліцыянты лічаць, што гэта быў хабар ад прадстаўніка будаўнічай фірмы, якая па дамове выконвала для «Барысаўдрэва» рамонтныя і будаўнічыя працы. Ці прызнае Ігар Пракаповіч сябе вінаватым, невядома.
«Барысаўдрэў» не ўпершыню апынаецца ў цэнтры карупцыйных ды іншых скандалаў. У 2013 годзе Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў шэраг высокапастаўленых чыноўнікаў у зрыве праграмы мадэрнізацыі прадпрыемства, пасьля чаго сваіх пасад пазбавіліся старшыня Менаблвыканкаму Барыс Батура, гендырэктар канцэрну «Белпаперапрам» Аляксандар Пераслаўцаў і намесьнік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Андрэй Тур.
Менш як праз паўгода паводле падазрэньняў у злоўжываньні ды іншых злачынствах быў арыштаваны гендырэктар «Барысаўдрэва» Ўладзімер Мальцаў, якому давялося адбыць за кратамі амаль паўтара года. Маладога дырэктара асудзілі на 3 гады зьняволеньня, вызвалілі датэрмінова. У судзе Ўладзімер Мальцаў сваёй віны не прызнаў і ў калёніі таксама ня стаў зьвяртацца да Аляксандра Лукашэнкі з прашэньнем аб памілаваньні. Паводле дасьведчаных крыніц, цяпер Уладзімер Мальцаў працуе ў Расеі паводле інжынэрна-тэхнічнай адукацыі.
Аб’яднаньне «Барысаўдрэў» і пасьля праведзенай мадэрнізацыі не пазбавілася шматлікіх праблем з вытворчасьцю і рэалізацыяй сваёй прадукцыі. Жыхар Барысава пра справы на прадпрыемстве сказаў:
«Як паўсюль, цяжка, нават ёсьць затрымкі з заробкамі».