Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпіс карупцыянэраў, вызваленых з турмы і працаўладкаваных, папоўніў дырэктар, які спрабаваў скрасьці каўбасы ў Бабруйску


Былы дырэктар Бабруйскага мясакамбінату, Віктар Хадасевіч
Былы дырэктар Бабруйскага мясакамбінату, Віктар Хадасевіч

Былы дырэктар Бабруйскага мясакамбінату Віктар Хадасевіч прызначаны выконваць абавязкі кіраўніка гаспадаркі «Ліпаўка» ў Хоцімскім раёне.

Гаспадарка знаходзіцца на крайнім усходзе самага ўсходняга раёну краіны. Як піша сайт «Вясна», які паведаміў пра прызначэньне Віктара Хадасевіча, працаўнікі гаспадаркі «ня вельмі задаволеныя» тым, што кіраваць імі прызначаны былы карупцыянэр.

Віктара Хадасевіча ў 2015 годзе асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі і штраф у 18 мільёнаў рублёў за спробу крадзяжу шляхам выкарыстаньня службовага становішча. Суд высьветліў, што ў сьнежні 2014 году на загад дырэктара Віктара Хадасевіча ягоныя падначаленыя спрабавалі вывезьці для яго з тэрыторыі заводу амаль на 2 мільёны рублёў каўбасаў ды іншых мясапрадуктаў.

Адметная падрабязнасьць. На момант зьдзяйсьненьня злачынства спадар Хадасевіч працаваў дырэктарам мясакамбінату ўсяго 1,5 месяца, а да таго два гады быў на ім галоўным інжынэрам. Дарэчы, супроць папярэдніка Віктара Хадасевіча на пасадзе дырэктара Бабруйскага мясакамбінату Сьледчы камітэт таксама вядзе крымінальную справу. Яго падазраюць у нанясеньні стратаў прадпрыемству на 33 мільярды рублёў.

Віктар Хадасевіч з Бабруйску стаў чацьвёртым у сьпісе былых чыноўнікаў-карупцыянэраў, якія выйшлі на волю паводле памілаваньня ў канцы студзеня і адразу былі прызначаныя на кіроўныя пасады ў праблемныя гаспадаркі і прадпрыемствы. Гэтак, былы намесьнік генпракурора Аляксандар Архіпаў пасьля выхаду зь віцебскай калёніі быў прызначаны кіраваць гаспадаркай «Пятровічы» ў Смалявіцкім раёне. Былы дырэктар «Магілёўдрэва» Андрэй Вусаў, асуджаны за карупцыю, быў прызначаны выканаўчым дырэктарам магілёўскага заводу «Строммашына». Былога намесьніка Баранавіцкага гарвыканкаму Ігара Стасевіча, які судзілі за службовыя злоўжываньні і хабар, таксама вызвалілі і прызначылі кіраваць Баранавіцкім камбінатам надомнай працы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG