Працаўнікоў Мсьціслаўскага дарожна-эксплюатацыйнага прадпрыемства № 79 паінфармавалі, што зь іхнага заробку ўтрымаюць грошы на падрыхтоўку райцэнтру да абласных «Дажынак».
У абвестцы, падпісанай адміністрацыяй і прафкамам, пазначана: грошы будуць утрымліваць зь лютаўскай заработнай платы, а пойдуць яны на аднаўленьне гісторыка-культурных помнікаў Мсьціслава. Абвестку вывесілі на ўваходзе ў кантору. Як вынікае з абвесткі, працаўнікі мусяць напісаць заяву аб пералічэньні сродкаў на адмысловы «дажынкаўскі» рахунак.
Пра паборы на «Дажынкі» паведаміў горацкай незалежнай газэце «Ўзгорак» адзін з чытачоў. Жыхар Мсьціслава адзначае, што працаўнікі прадпрыемства ня хочуць пісаць заяваў і аддаваць «няведама каму грошы», але мяркуе, што зрабіць гэта мусяць, бо праца даражэйшая.
У адміністрацыі прадпрыемства пацьвердзілі, што такую абвестку сапраўды вывешвалі.
«У ёй ёсьць памылка. Мы не пазначылі, што грошы зьбіраюцца добраахвотна. Хто колькі можа і колькі жадае. Акцыя ў нас такая на аднаўленьне гісторыка-культурных помнікаў Мсьціслава», — сказала ідэоляг прадпрыемства.
Суразмоўніца запэўніла, што працаўнікі да ініцыятывы ахвяраваць грошы на «Дажынкі» паставіліся дужа добра. «Зьбіраюцца ж невялікія сумы, па дваццаць-трыццаць тысяч, а не па дзьвесьце-трыста тысяч. Колькі хто можа», — сказала ідэоляг дарожна-рамонтнага прадпрыемства.
Яшчэ адзін жыхар Мсьціслава ў гутарцы з журналістам сказаў, што грошы на «Дажынкі» зьбіраюць ува ўсіх арганізацыях райцэнтру. «Людзкой незадаволенасьці хапае, але ніхто яе не выказвае. Працы ў нас няшмат. Заробкі па два мільёны. Як каму пашанцуе, то мае тры», — кажа мсьціславец.
Сёлетнія абласныя «Дажынкі» зьбіраюцца правесьці 24 верасьня. Пра бюджэт фэсту пакуль афіцыйна ня згадвалася. Да яго ў райцэнтры плянуюць рэканструяваць цэнтральную плошчу, правесьці рамонт адной з цэнтральных вуліц, адрамантаваць кінатэатар. Заяўляецца пра рэстаўрацыю будынку былой мужчынскай гімназіі.
На аднаўленьне занядбанай гісторыка-культурнай спадчыны Мсьціслава патрабуюцца вялізныя сродкі.
«У горадзе шмат помнікаў, і грошай на іх аднаўленьне трэба нямала. Раённыя ўлады што ў іх сілах, тое робяць. Але каб нешта зрабіць маштабнае, дык пакуль пра гэта гаварыць не выпадае. Усе гэтыя працы зьвязаныя з рэстаўрацыяй, а яна — дужа дарагая прыемнасьць», — казаў супрацоўнік раённай адміністрацыі ў адной з гутарак.