Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мсьціслаў. Заняпад тысячагадовай спадчыны


Мсьціслаў. Від з Замкавай гары на кармеліцкі касьцёл
Мсьціслаў. Від з Замкавай гары на кармеліцкі касьцёл

Сябра Савету Рэспублікі Ігар Марзалюк назваў старажытны Мсьціслаў горадам-музэем, але для таго, каб гэты статус быў замацаваны справамі, мала што робіцца.

Нядаўна ў Мсьціславе зьнесьлі частку старой агароджы Тупічэўскага манастыра. Замест яе паставілі новую — панэльную. Рупліўцы беларускай даўніны лічаць: агароджу варта было ратаваць. Ім адказваюць: «Што маглі, тое ўратавалі».

Тысячагадовая гісторыя Мсьціслава пакінула нямала помнікаў архітэктуры. Бальшыня зь іх праз адсутнасьць сродкаў не рэстаўруюцца і занепадаюць. Ад некаторых велічных будынкаў засталіся толькі сьціплыя знакі.

Ня першы год без гаспадара будынак былой мужчынскай гімназіі
Ня першы год без гаспадара будынак былой мужчынскай гімназіі

Мураваная агароджа — адзінае, што засталося ад зьнішчанага Тупічэўскага Сьвятадухавага манастыра. Калісьці гэтая сьвятыня была адным з цэнтраў беларускага праваслаўя. На яе падмурках пры канцы 1950-х гадоў узьвялі масласырзавод. Датай заснаваньня манастыра лічыцца 1641 год.

На тое, што частка старой агароджы зьнікла, зьвярнуў увагу магілёўскі экскурсавод і краязнаўца Алег Дзьячкоў. На ягоную думку, мураваны паркан можна было аднавіць:

Алег Дзьячкоў
Алег Дзьячкоў

«Агароджа была цэлая на ўсе сто адсоткаў. Яна б яшчэ сто гадоў прастаяла, — даводзіць краязнавец. — Вырашылі, аднак, што яна непрыдатная ды непрыгожая і трэба яе зьнесьці. І Мсьціслаў ужо ў мірны час панёс чарговую гісторыка-архітэктурную страту».

«Тупічэўскі манастыр быў вядомы сваім цудадзейным абразом Тупічэўскай Божай маці. Там было некалькі мураваных і драўляных храмаў. Былі яны вельмі вядомыя ў 17–18 стагодзьдзях. Каштоўныя там былі і росьпісы. Агароджа з брамаю — было тое нешматлікае, што засталося ад манастыра. Цяпер большую частку гэтай агароджы зьнесьлі», — абураецца Алег Дзьячкоў.

Зьнесеныя часткі старой агароджы
Зьнесеныя часткі старой агароджы

На фатаздымках старога мураванага паркана не відаць, каб пра яго нехта дбаў. Агароджу доўга не рамантавалі. Месцы, дзе старая цэгла адвальвалася, закладалі сучаснай — сылікатнай. Ёю ж агароджу і надбудоўвалі.

Жыхары завулку Камунарнага кажуць: зьнесьлі частку агароджы неўзабаве пасьля таго, як замест збанкрутаванага масласырзаводу запрацаваў філіял акцыянэрнага таварыства «Бабушкина крынка» з Магілёва. Замест старога паркана паставілі новы — панэльны.

Сучасны бэтонны паркан на месцы зьнесенай гістарычнай агароджы
Сучасны бэтонны паркан на месцы зьнесенай гістарычнай агароджы

Тое, што ацалела — дзьве капліцы, браму і агароджу паміж імі — адрамантавалі.

«Калі знайшліся грошы на рамонт старой брамы і асьвячэньне капліцы, то чаму не хапіла грошай на ўсю агароджу?», — ставіць пытаньне Дзьячкоў і сам на яго адказвае:

«Калі мы задаём пытаньні па захаваньні помнікаў архітэктуры і старых будынкаў, то нам звычайна адказваюць: „Няма грошай!“ А ў дадзеным выпадку ў прадпрыемства, ці ў тых, хто зносіў агароджу, грошы ёсьць, але не хапіла розуму і адукацыі, каб уратаваць даўніну».

На прадпрыемстве сьцьвярджаюць, што аднавіць агароджу ў поўным аб’ёме было немагчыма, бо ейны стан не дазваляў гэтага.

«Частку агароджы мы адрэстаўравалі. Адрэстаўравалі і дзьве каплічкі, якія засталіся ад манастыра. І бацюшка асьвяціў іх. А дзе нельга было адрамантаваць, то мы гэта замянілі», — тлумачыць прадстаўнік адміністрацыі прадпрыемства.

Адрамантаваная ўязная брама і адна з каплічак
Адрамантаваная ўязная брама і адна з каплічак

«Калі гэты манастыр будаваўся ў 1641 годзе, то самі разумееце, якая там была агароджа. Цэгла там уся сыпалася. Мы і сетку набівалі, і тынкавалі. І нічога не дапамагала. Таму, дзе можна было, мы адрэстаўравалі», — заключае суразмоўца.

Звонку тынкаваныя і пафарбаваныя ў белы колер агароджа, брама і каплічкі выглядаюць дыхтоўна. Над імі ўзвышаюцца залатыя купалы-цыбуліны.

Рэшткі Тупічэўскага манастыра ня мелі ахоўнага статусу. У райвыканкаме запэўніваюць: у тым, што зьнесьлі частку агароджы, парушэньня заканадаўства няма.

«Прадпрыемства за свае сродкі аднавіла, што змагло. Замест старой агароджы ўсталявалі звычайную тыпавую. Капліцу і ўязную браму адрамантавалі. У капліцы цяпер абразы вісяць. Пляцоўка ўпарадкаваная», — сказалі ў аддзеле архітэктуры раённай адміністрацыі.

Рэшткі Тупічэўскага манастыра — на ўскрайку Мсьціслава. Турысты сюды наведваюцца нячаста. У цэнтры ж гораду ацалела шмат старых будынкаў. Сьцьвярджаецца, што архітэктурных славутасьцяў тут на душу насельніцтва болей, чым дзе ў Беларусі. Нямала помнікаў даўніны ў заняпадзе. Сярод іх і манумэнтальныя каталіцкія сьвятыні.

Разбураецца і будынак былога манастыра езуітаў з касьцёлам Міхала Арханёла. У 1842 годзе яго перадалі праваслаўным і асьвяцілі як сабор сьвятога Мікалая
Разбураецца і будынак былога манастыра езуітаў з касьцёлам Міхала Арханёла. У 1842 годзе яго перадалі праваслаўным і асьвяцілі як сабор сьвятога Мікалая
Ці не паўторыць агароджа манастыра езуітаў лёс агароджы Тупічэўскага манастыра?
Ці не паўторыць агароджа манастыра езуітаў лёс агароджы Тупічэўскага манастыра?

Праваслаўныя цэрквы адноўленыя. Іхныя купалы-цыбуліны зіхацяць золатам і відаць здалёк.

«У горадзе шмат помнікаў, і грошай на іх аднаўленьне трэба нямала. Раённыя ўлады што ў іх сілах, тое робяць. Але каб нешта зрабіць маштабнае, дык пакуль пра гэта гаварыць не выпадае. Усе гэтыя працы зьвязаныя з рэстаўрацыяй, а яна — дужа дарагая прыемнасьць», — прызнаецца супрацоўнік райвыканкаму.

Праваслаўныя сьвятыні больш дагледжаныя за каталіцкія
Праваслаўныя сьвятыні больш дагледжаныя за каталіцкія

Раённыя ўлады, паводле суразмоўцы, спадзяюцца на дапамогу Міністэрства культуры і ўдзел у міжнародных праграмах. У адну зь іх Мсьціслаў уключаны. Раённая ўлада спадзяецца на фінансавую падтрымку ад праграмы Эўразьвязу COMUS, распрацаваную для краінаў «Усходняга партнэрства» дзеля захаваньня гістарычных помнікаў.

«Гэта адзін з тых куткоў Беларусі, які захаваў сваю глыбокую і старажытную гісторыю — ад заснаваньня гораду да сучасных рэаліяў. І замкавая гара вялікі інтарэс выклікае, і храмы ды старая забудова гораду. Гэтыя аб’екты разьмешчаныя кампактна, і іх наведваюць турысты. Мы б хацелі разьвіць гэтую галіну і паказаць ім наш горад», — выказвае спадзеў супрацоўнік райвыканкаму.

Мсьціслаў. Фасад касьцёла кармэлітаў. Тут у малым пакоіку зьбіраюцца мсьціслаўскія каталікі
Мсьціслаў. Фасад касьцёла кармэлітаў. Тут у малым пакоіку зьбіраюцца мсьціслаўскія каталікі
Яшчэ адна архітэктурная памятка мсьціслаўскай даўніны. Таксама разбураецца
Яшчэ адна архітэктурная памятка мсьціслаўскай даўніны. Таксама разбураецца

Калі ў наведнікаў Мсьціслава ягоныя архітэктурныя адметнасьці выклікаюць інтарэс і адначасова абурэньне тым, у якім стане яны знаходзяцца, то жыхары райцэнтру на мясцовыя славутасьці ўвагу зьвяртаюць рэдка. Пра гэта кажа мсьціславец Юры. Паводле яго, такое стаўленьне да гарадзкіх адметнасьцяў характэрнае для большасьці местачковых беларусаў.

Суразмоўца заяўляе, што жыхары райцэнтру не пратэстуюць, калі зьмяняецца аблічча нейкага будынку ці вуліцы.

«Яны жывуць і ня ведаюць, што ў Мсьціславе трэба такое дзівоснае захоўваць. Мала ў каго ўзьнікае думка, што трэба захоўваць, напрыклад, драўляную архітэктуру. Яе ніхто захоўваць і не зьбіраецца. Яе патроху вынішчаюць. Проста чалавек хоча жыць у іншым будынку, больш утульным. Абшываюць сайдынгам, абкладаюць цэглай — і няма ранейшай архітэктуры. Калі прыяжджаюць турысты з заходняй Эўропы, то іх дзівіць якраз драўляная архітэктура. Яны ня вераць сваім вачам, што такое яшчэ ёсьць», — заўважае мсьціславец.

Мсьціслаў. Памятны знак фундатару праваслаўных сьвятынь Сямёну Лугвену Альгердавічу. Яго ўшанавалі, а Тупічэўскі манастыр не ўратавалі. Разбурылі і частку агароджы
Мсьціслаў. Памятны знак фундатару праваслаўных сьвятынь Сямёну Лугвену Альгердавічу. Яго ўшанавалі, а Тупічэўскі манастыр не ўратавалі. Разбурылі і частку агароджы
Тут пахаваныя парэшткі рыцара. Іх адшукалі ў рэчцы Віхры, на беразе якой паўстаў Мсьціслаў
Тут пахаваныя парэшткі рыцара. Іх адшукалі ў рэчцы Віхры, на беразе якой паўстаў Мсьціслаў

Юрыя абурае, што ў Мсьціславе пасьпілоўвалі вялікія дрэвы, якія нагадвалі пра даўніну. Жыхар райцэнтру спадзяецца, што старажытны горад некалі адрэстаўруюць, але калі тое будзе, прадказаць не бярэцца.

«Што тычыцца цяперашняга Мсьціслава, то намеціўся пэўны трэнд: займацца рэстаўрацыяй ці захаваньнем нечага, але толькі таго, што падаецца начальству мэтазгодным. Напрыклад, можна аднавіць нешта, бо гэта вымагае невялікіх грошай, альбо калі прыцісьне начальства зьверху. Во тады пачынаецца рамонт», — кажа Юры.

Замкавая гара. На ёй зьбіраюцца рыцары на сьвята сярэднявечнай культуры «Рыцарскі фэст»
Замкавая гара. На ёй зьбіраюцца рыцары на сьвята сярэднявечнай культуры «Рыцарскі фэст»

На апошнім мсьціслаўскім фэстывалі сярэднявечнай культуры «Рыцарскі фэст» магілёўскі гісторык, сябра Савету Рэспублікі Ігар Марзалюк назваў Мсьціслаў горадам-музэем і заклікаў дамагацца, каб гэты статус быў замацаваны за горадам афіцыйна.

«Вы прыехалі ў горад, які да сёньня завецца горадам-музэем, які мае самабытную ўнікальную гісторыю. Другога такога гораду ў Магілёўскай вобласьці няма. Бяз Мсьціслава гісторыя Беларусі ня можа быць прачытаная цалкам. Трэба зрабіць так, каб Мсьціслаў стаў нацыянальным гісторыка-культурным запаведнікам. Ён таго варты».

Пётар Мсьціславец чакае, пакуль ягоны горад стане сапраўды горадам-музэем
Пётар Мсьціславец чакае, пакуль ягоны горад стане сапраўды горадам-музэем

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG