Віцебскія праваабаронцы Леанід Сьвецік і Павал Левінаў распавялі Свабодзе, як яны бачылі дзейнасьць такога факультэту, і што стала падставай для адмовы.
«Гады тры таму я трапіў на імпрэзу „Фэстываль нефармальнай адукацыі“, ён праходзіў у Менску. І ў мяне нарадзілася ідэя, што можна было б скласьці курс лекцыяў па прававых ведах і выкладаць яго ў нефармальных асяродках. Гэта самы буйны раён Віцебску, я таксама там жыву, і мы зь Леанідам Сьвецікам вырашылі пайсьці туды са сваёй прапановай», — апавядае Павал Левінаў.
«Народны сацыяльны ўнівэрсытэт» — гэта шэраг гурткоў, курсаў і лекторыяў для дарослых людзей, якія хочуць бясплатна набыць нейкія адмысловыя веды. У Першамайскім раёне ён адкрыўся пасьля таго, як чыноўнікі ўзялі ўдзел у міжнародным праекце «Рэгіён, які вучыцца: адукацыя для ўсіх пакаленьняў», рэалізаванага інстытутам разьвіцьця адукацыі пры фінансавай падтрымцы прадстаўніцтва таварыства Deutscher Volkshochschul-Verband e.V. (ФРГ) у Беларусі.
Для ўнівэрсытэту адрамантавалі памяшканьні Цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва Першамайскага раёну Віцебску, закупілі спартовае абсталяваньне, кампутары і новую мэблю. Першыя курсы, сярод якіх былі «Асновы праваслаўя», распачаліся яшчэ ў 2014 годзе, да афіцыйнага адкрыцьця. У цяперашні час на 11 факультэтах навучаюцца больш за 200 чалавек. Тут ёсьць факультэты праваслаўнай і каталіцкай асьветы, факультэт замежных моваў і факультэт псыхалёгіі, ахвотныя могуць асвоіць асновы журналістыкі, атрымаць веды пра турызм і краязнаўства, сучасныя тэхналёгіі, ёсьць факультэт фізычнай актыўнасьці, музычна-тэатральны факультэт, гурткі кройкі і шыцьця, маляваньня.
«Мы вырашылі, што ў гэтым пераліку якраз-такі і бракуе навучаньня нейкім юрыдычным і прававым аспэктам. Бо ні для кога не сакрэт, што беларусы ў гэтай галіне малапісьменныя. А людзі старэйшага веку, на якіх і арыентаваны „Народны сацыяльны ўнівэрсытэт“, маюць вялікі жыцьцёвы досьвед, ім гэта будзе цікава. І вельмі карысна: бо яны ўжо на пэнсіі і меней залежаць ад дзяржавы, уціску на працы, а таму могуць праявіць большую актыўнасьць як у абароне ўласных правоў, так і ў дапамозе іншым. Са сваёй прапановай мы пайшлі да кіраўніцы цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва Першамайскага раёну Тацяны Старынскай», — кажа Леанід Сьвецік.
Ён кажа, што кіраўніца спачатку іх прыняла вельмі добра, пагадзілася з усімі аргумэнтамі і папрасіла скласьці праграму навучаньня. Спадар Сьвецік зрабіў гэта, але раптам здарылася нечаканае: праграму адправілі па пошце, а адказу не атрымалі.
Давялося прымяніць прававыя веды на практыцы, працягвае праваабаронца:
«Сытуацыя была няёмкая — парушана заканадаўства аб зваротах грамадзян. Таму давялося паступіць па законе — раз цягам 30 дзён мне нічога не адказалі, а прайшло ўжо два месяцы, я зьвярнуўся са скаргай у пракуратуру. Неўзабаве да мяне дахаты прыйшлі дзьве прадстаўніцы цэнтру. Прасілі прабачэньня, тлумачылі, што страцілі праграму, хоць мой ліст дайшоў і быў зарэгістраваны. Я даслаў праграму паўторна. І цяпер ужо атрымаў адказ ад спадарыні Старынскай. Яна паведаміла, што адправіла праграму на экспэртызу ў Віцебскі дзяржунівэрсытэт і ўпраўленьне юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму».
Гэта насьцярожыла праваабаронцаў: няўжо ж пляны заняткаў гуртку па кветкаводзтве або кулінарыі таксама праходзяць экспэртызу і іх зацьвярджаюць на абласным узроўні? А яшчэ Тацяна Старынская папрасіла праваабаронцаў прадставіць дыплёмы пра вышэйшую юрыдычную адукацыю. А паколькі яны такіх ня маюць, то адмовіла ў адкрыцьці факультэту.
Хоць сама ідэя «Народнага сацыяльнага ўнівэрсытэту» зусім ня ў тым, каб арганізоўваць прафэсійнае навучаньне, падкрэсьлівае Павал Левінаў:
«У замежжы такія структуры працуюць абсалютна па іншым прынцыпе, найгалоўнейшы зь іх — гэта абмен досьведам. Гэтага не маглі ня ведаць віцебскія чыноўнікі, якія атрымалі мэтанакіраваную замежную дапамогу. За мяжой людзі проста вучаць адзін аднаго таму, што ўмеюць самі. Вось у мяне, прыкладам, амаль 10-гадовы досьвед праваабарончай дзейнасьці. Я магу навучыць, як напісаць скаргу, патлумачыць, куды зьвярнуцца, калі парушаецца закон або чыесьці правы. Але ў нас зь Леанідам Сьвецікам не было мэты стацца выкладчыкамі або лектарамі. Наша прапанова была выключна ў тым, каб факультэт прававых ведаў быў створаны. А каго туды запрашаць для выкладаньня — гэта ўжо справа арганізатараў».
Абодва праваабаронцы маюць па некалькі сэртыфікатаў пра навучаньне ў гэтай галіне. Павал Левінаў — былы прафэсійны вайсковец, а Леанід Сьвецік — настаўнік. Аднак менавіта профіль адукацыі стаў прычынай, каб адмовіць, кажа ён:
«Мы ж не прасіліся ў выкладчыкі. Наадварот, меркавалі, што выкладаць правы чалавека на новым факультэце будуць прадстаўнікі віцебскіх ВНУ, пракурорскія работнікі, судзьдзі, работнікі міліцыі і органаў юстыцыі. Пра нешта, вядома, маглі б распавесьці і мы — да прыкладу, як зьвяртацца ў КПЧ ААН пра парушэньні правоў. Аднак ці нямецкім адукатарам не ўдалося пераканаць беларускіх прадстаўнікоў улады ў неабходнасьці і важнасьці супрацоўніцтва дзяржавы з праваабаронцамі, ці дырэктар цэнтру Тацьцяна Старынская не захацела зразумець нашу прапанову. Але „крайнімі“ сталіся мы: нібыта нейкія некампэтэнтныя і неадукаваныя грамадзяне захацелі адкрыць факультэт, ня маючы фармальнага права выкладаць адпаведныя дысцыпліны».