У кастрычніку 2015 году ў Воршы быў затрыманы беларускі баявік так званых ДНР і ЛНР Іван Яравы з пазыўным «Пушкін». Потым яго перавялі ў Магілёўскі СІЗА, але праз тыдзень беларускія праваахоўнікі яго адпусьцілі. І ён зноў паехаў ваяваць на Данбас.
Пра затрыманьне Івана Яравога паведаміла афіцыйная газэта «СБ Беларусь сегодня» у артыкуле «Гастарбайтеры войны» (нумар ад 11 лютага 2016 году). Артыкул быў прысьвечаны беларусам, якія ваююць на Данбасе. У публікацыі «СБ» паведамляецца толькі пра факт затрыманьня — што было з Іванам далей, газэта не ўдакладняе.
Сам жа Іван Яравы пацьвердзіў карэспандэнту Радыё Свабода, што пасьля пабыўкі ў Беларусі ён вяртаўся зноў ваяваць, але яго высадзілі зь цягніка, тыдзень трымалі ў Магілёўскім СІЗА, а пасьля ён даў расьпіску, што папярэджаны аб крымінальнай адказнасьці за наёмніцтва, і яго адпусьцілі. Яравы сьцьвярджаў, што спэцслужбы ведалі, куды ён вяртаецца. Вельмі прыязна ён казаў пра сьледчага, які зь ім працаваў у Магілёве.
Пасьля вызваленьня Яравы зноў паехаў ва Ўкраіну, ваяваў у батальёне «ДНР» «Усход» пад Ясінаватай, быў паранены і цяпер лекуецца ў Растоўскай вобласьці. Пасьля папраўкі зьбіраецца зноў вярнуцца ва Ўкраіну.
Прэсавы сакратар Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Дзьмітры Пабяржын адказаў Свабодзе на пытаньне, за што беларускія спэцслужбы затрымалі Івана Яравога і чаму адпусьцілі:
«Ня мы яго затрымлівалі. І чаму яго адпусьцілі, кваліфікавана адказаць могуць тыя, хто яго адпускаў. Я ж не магу адказваць за іншае ведамства».
На пытаньне, ці трапляў у поле зроку беларускага КДБ Іван Яравы, прэсавы сакратар ведамства Дзьмітры Пабяржын адказаў так:
«Я не магу ведаць пра ўсіх, хто над чым працуе. У мяне ў прэсавай службе інфармацыі пра гэтага чалавека няма. Я знаёмы з артыкулам у „СБ — Беларусь сегодня“. Але пракамэнтаваць, чаму яго затрымалі і чаму адпусьцілі, не магу. Інфармацыі ў мяне няма».
Абазнаная крыніца паведаміла, што Івана Яравога затрымлівала Магілёўскае ўпраўленьне па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю. Прэсавы сакратар Упраўленьня ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму Дзьмітры Ігнатовіч паведаміў Свабодзе, што Магілёўскае УБАЗ наўпрост падначальваецца Міністэрству ўнутраных спраў. Таму Свабода зьвярнулася да начальніка Ўпраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў МУС палкоўніка Канстанціна Шалькевіча.
На пытаньне, на якой падставе Яравога затрымлівалі і на якой адпусьцілі, Шалкевіч адказаў так:
«Гэта не прадмет размовы... На якой падставе я вам павінен даваць інфармацыю, чаму затрымлівалі чалавека? Вы мне можаце даць падставу ці гэта проста ваша жаданьне? У вас няма падставаў для запыту інфармацыі, а ў мяне няма падставаў для яе прадстаўленьня».
На ўдакладняльнае пытаньне, ці ведалі органы, што Яравы ваяваў, а калі ведалі, то чаму яго адпусьцілі, Шалькевіч адказаў:
«Ведаць і сабраць доказы, якія зьяўляюцца падставай для ўзбуджэньня крымінальнай справы, — гэта не адно і тое ж.
Я не кампэтэнтны гэтую інфармацыю вам прадстаўляць. Гэта службовая інфармацыя, апэратыўных падразьдзяленьняў. У „СБ“ напісаны факт, што гэта ёсьць. А чаму гэта было — на якой падставе я павінен вам гэтую інфармацыю разгалошваць? Ваша жаданьне пра яе даведацца не зьяўляецца неабходнасьцю мне яе вам даваць».
Былы сьледчы пракуратуры, кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак ня мае адназначнага адказу на пытаньне, чым можна патлумачыць тое, што Івана Яравога адпусьцілі на свабоду.
«Ужо была не адна публікацыя ў СМІ, калі беларусы, якія ваявалі на Данбасе, распавядаюць пра свае „подзьвігі“. Яны публічна пацьвярджаюць, што ваявалі, што знаходзіліся ў складзе ваенізаваных падразьдзяленьняў. Як юрыст, як сьледчы пракуратуры магу сказаць, што тут, вядома, ёсьць склад злачынства. Чалавека павінны былі затрымліваць, а ўлічваючы, што справа зьвязаная са зброяй, — браць пад варту і праводзіць папярэдняе расьсьледаваньне. Для мяне таксама незразумела, чаму чалавек спакойна зьяжджае», — заявіў ён Свабодзе.
Воўчак не выключае, што гэта можа быць зьвязана з тым, што КДБ завербаваў баевіка:
«У мяне адна думка — магчыма, такія людзі проста завербаваныя і іх адпраўляюць назад, каб яны працавалі на беларускія спэцслужбы. Каб яны працавалі як разьведчыкі, „зьлівалі“ інфармацыю, паведамлялі, якая там сытуацыя, якія апэрацыі праводзяцца — прычым гэта можа быць зь любога боку. Трэба разьбірацца. Але наагул павінны ўзбуджацца крымінальныя справы. Гэтыя людзі не павінны даваць інтэрвію налева і направа, распавядаць, як забівалі — незалежна ад таго, зь якога боку. Гэта ж злачынства. Мы ведаем, што Ўкраіна падае ў Гаагу на даказаныя факты ваенных злачынстваў, і тут Беларусь абавязаная прымаць меры», — падкрэсьлівае былы сьледчы пракуратуры.