Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікаў пратэсту супраць міліцэйскага гвалту працягваюць штрафаваць


Актывіст БХД, прадпрымальнік Віталь Стаўровіч аштрафаваны за акцыю пратэсту ля Вярхоўнага суду.

12 лютага суд Маскоўскага раёна Менска пакараў штрафам у 15 базавых велічыняў (3 150 000 рублёў) індывідуальнага прадпрымальніка, сябра БХД Віталя Стаўровіча за ўдзел у акцыі пратэсту ля Вярхоўнага суду 30 студзеня.«Акцыя была выключна мірная. Нам, прадпрымальнікам, і так не даюць працаваць, да таго ж у мяне дзіця на руках, а тут яшчэ душаць штрафамі. Беззаконьне», — сказаў сайту bchd.info Віталь Стаўровіч.

30 студзеня ў Менску адбылася акцыя пратэсту супраць гвалту супрацоўнікаў міліцыі над грамадзянамі — пікет пад будынкам Вярхоўнага суду. Паводле зьвестак праваабаронцаў, якія праводзілі маніторынг мерапрыемства, супрацоўнікі міліцыі ў той дзень склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на грамадзкіх актывістаў і палітыкаў — Анатоля Лябедзьку, Дзяніса Красачку, Вольгу Маёраву, Максіма Вінярскага, Натальлю Гарачку-Басалыгу, Сьвятлану Якшыну, Мікалая Казлова, Ніну Багінскую, Віталя Стаўровіча.

Судовыя працэсы над удзельнікамі пачаліся 11 лютага. Ужо аштрафавалі шэраг актывістаў — Максіму Вінярскаму і Аляксандру Макаеву далі штрафы па 50 базавых (10 500 000), Дзянісу Красачку — 20 базавых (4 200 000), Ніне Багінскай — 25 базавых (5 250 000). Справу Натальлі Гарачкі, як і справу Сьвятланы Якшынай, адклалі для выпраўленьня недакладнасьцяў у пратаколе.

Паводле «Вясны», справы яшчэ трох удзельнікаў акцыі — Анатоля Лябедзькі, Вольгі Маёравай і Мікалая Казлова — будуць разгледжаныя 16 лютага ў Ленінскім судзе Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG