Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэтыя хоць турмы ўжо не баяцца». Чаму кіраўнікоў прызначаюць з-за кратаў


Яшчэ два былыя кіраўнікі, асуджаныя за карупцыю, датэрмінова выйшлі на волю і адразу ўзначалілі адстаючыя прадпрыемствы.

У Баранавічах зь лютага пачаў працаваць дырэктарам камбінату надомнай працы былы віцэ-мэр гораду Ігар Стасевіч, якога ў 2014 годзе асудзілі на 5,5 года зьняволеньня з канфіскацыяй за хабар і службовыя злоўжываньні. Пазьней з чыноўніка зьнялі абвінавачаньне ў хабары і скарацілі яму тэрмін адбыцьця пакараньня да 3 год.

У тыя ж першыя дні лютага падобнае вяртаньне ва ўладу былога карупцыянэра адбылося ў Магілёве. Там выканаўцам абавязкаў дырэктара па вытворчасьці на прадпрыемстве «Строммашына», якое трапіла ў складанае эканамічнае становішча, прызначаны былы дырэктар аб’яднаньня «Магілёўдрэў» Андрэй Вусаў, раней асуджаны за карупцыю. 1 ліпеня 2014 году Вусаў быў асуджаны на 8 гадоў пазбаўленьня волі за злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі, службовы падлог, крадзеж і прычыненьне шкоды ў буйным памеры.

У прыёмнай дырэктара «Строммашыны» пацьвердзілі зьвесткі пра прызначэньне Андрэя Міхайлавіча Вусава адным з кіраўнікоў прадпрыемства, але тэлефону ягонага не далі, спаслаўшыся на тое, што «ён новы чалавек, і які ў яго нумар, ня ведаюць».

Будынак «Строммашыны» ў Магілёве
Будынак «Строммашыны» ў Магілёве

Магілёўскі завод «Строммашына», які выпускае, сярод іншага, пад’ёмныя краны, апынуўся ў такім складаным эканамічным становішчы, што летась мусіў прадаць свой офіс у цэнтры гораду. Пасьля таргоў, да якіх ня выявілі інтарэсу камэрсанты, будынак набыла абласная ўправа юстыцыі. Кіраўнік Магілёўскага праваабарончага цэнтру Ўладзімер Краўчанка мяркуе, што перакладваньне бюджэтных грошай з адной кішэні ў другую ніяк не палепшыць эканамічную сытуацыю на прадпрыемстве і ў горадзе, а вяртаньне былога карупцыянэра да ўлады можа стымуляваць карупцыю. Уладзімер Краўчанка згадаў, што падобныя «камбэкі» ў Магілёўскай вобласьці — ня рэдкасьць.

«Гэта ня новае. У нас быў такі спадар К., былы старшыня Клімавіцкага райвыканкаму, якому далі чатыры гады за злоўжываньні. Два зь іх ён адседзеў і цяпер узначальвае гандлёвую фірму. А ў яго быў і крадзеж гарэлкі Клімавіцкага заводу з продажам яе ў Расею, і шмат чаго яшчэ магу распавесьці.

Калі чалавек у іхняй абойме, яны яго заўсёды вернуць, добра ўладкуюць, і ўсё пойдзе далей

То бок калі чалавек у іхняй абойме, яны яго заўсёды вернуць, добра ўладкуюць, і ўсё пойдзе далей», — мяркуе праваабаронца Ўладзімер Краўчанка.

Былому віцэ-мэру Баранавічаў Ігару Стасевічу, які пасьля калёніі ўзначаліў Баранавіцкі камбінат надомнай працы, таксама дасталася праблемная гаспадарка.

«Раней там працавала 150 чалавек. Ведаем, што ў тым ліку зьбіралі электратавары. Але цяпер сытуацыя пагоршылася. Працуюць там у асноўным інваліды. У горадзе здаровым людзям няма працы, а дзе браць для інвалідаў?», — распавялі пра сытуацыю на камбінаце ў баранавіцкім выданьні Intex-press, якое паведаміла пра працаўладкаваньне былога чыноўніка.

Таксама журналісты распавялі пра тое, як зь Ігара Стасевіча зьнялі абвінавачаньне ў хабарніцтве.

«На працэсе па скарзе Стасевіча сьведкі, якія раней казалі, што ён браў хабар чабурэкамі ды іншымі паднашэньнямі, пачалі адмаўляцца ад паказаньняў. Чаму гэтак адбылося — на іх націснулі пасьля першага суду, ці раней сьледчыя прымусілі даць такія паказаньні, — засталося незразумелым», — паведамілі ў газэце.

А пачаўся шэраг датэрміновых вызваленьняў карупцыянэраў з Аляксандра Архіпава. У канцы студзеня 2016 году стала вядома, што датэрмінова выйшаў з калёніі і ўладкаваўся кіраўніком гаспадаркі «Пятровічы» пад Менскам былы генпракурор Аляксандар Архіпаў, год таму асуджаны на 6 год за карупцыю. Генпракуратура паведаміла, што спадар Архіпаў быў памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам. Крыніцы ў гэтай гісторыі казалі пра тое, што з ініцыятывы дэпутатаў Нацыянальнага сходу нібыта быў складзены і пададзены на подпіс Лукашэнку сьпіс былых чыноўнікаў-карупцыянэраў, якіх варта вызваліць датэрмінова і адправіць працаваць у адстаючыя сельскія гаспадаркі і на праблемныя прадпрыемствы.

На думку Васіля Шлындзікава, былога гендырэктара аб’яднаньня «Амкадор», такі сьпіс, верагодна, існуе, і паступова грамадзкасьці стануць вядомыя іншыя прозьвішчы былых карупцыянэраў, якіх кінулі ратаваць эканоміку.

Васіль Шлындзікаў згадаў былога віцэ-мэра Менску Ігара Васільева, два гады таму асуджанага за паўмільёна даляраў хабару на 14 год зьняволеньня. «Не выключаю, што і Васільеў хутка выйдзе, калі ўжо ня выйшаў», — кажа Васіль Шлындзікаў.

А ці вітае былы гендырэктар «Амкадору» такую «лібэралізацыю?

У краіне створаная сыстэма, пры якой працаваць кіраўніком зусім немагчыма

— Ня ведаю дакладна пра сьпіс, хоць не выключаю, што такі ёсьць. Але я ведаю дакладна, што цяпер знайсьці кіраўніка на прадпрыемства, ня мае значэньня якое — сельскагаспадарчае ці прамысловае, вельмі і вельмі складана. Бо ў прынцыпе ў краіне створаная сыстэма, пры якой працаваць кіраўніком зусім немагчыма. Людзі ня хочуць, бо хто хоча ў турму? Нейкі час таму яшчэ былі тыя, хто меркаваў, што вось ён такі разумны, гэта ягоны папярэднік наламаў дроў, а ён усё зробіць добра і яму нічога ня будзе. Але ўсё роўна заканчвалася гісторыя пасадкай праз год-два. Краіна ў нас на 157 месцы ў сьвеце паводле паказчыка эканамічнай свабоды. Уяўляеце, што гэта такое? Па сутнасьці, створаная сыстэма, пры якой працаваць увогуле немагчыма. Як ні спрабуй нешта зрабіць, абавязкова нешта парушыш, бо ўсё гэтак абстаўлена, што толькі ты будзеш вінаваты. Асабліва калі будзеш працаваць больш-менш пасьпяхова, тады абавязкова пасадзяць. Таму я зусім не дзіўлюся, што гэтак робяць, калі вызваляюць былых кіраўнікоў і прызначаюць іх на кіраўнічыя пасады. Гэтыя хоць турмы ўжо не баяцца. Тым больш што там шмат і тых, хто сядзіць невядома за што.

— Але гэта ж прыклад усім дзейным чыноўнікам і кіраўнікам, што красьці, браць хабар — гэта магчыма, бо адбудзеш год-два і зноў пойдзеш кіраваць. Тады трэба зусім згортваць барацьбу з карупцыяй, якая разьядае кіраўнічы корпус?

— Гэта так, але праблема ў тым, што іншага выйсьця ўжо няма. І саджаць дрэнна, і не саджаць дрэнна. Мяняць трэба ўсю сыстэму, вось і ўсё. Замяніць яе на сыстэму, пры якой людзі б працавалі вольна, не баючыся нічога. Гэта галоўнае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG