Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзэнтавалі кнігу пра Агінскага па-за музычным кантэкстам — палітыка, дыплямата, міністра 


24 лютага ў Цэнтральнай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук адбылася прэзэнтацыя кнігі «Міхал Клеафас Агінскі: палітык, дыплямат, міністар».

Аўтар манаграфіі — доктар гуманітарных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Літвы, дацэнт Літоўскага эдукалягічнага ўнівэрсытэту Рамуне Шмігельскіце-Стукене. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, Інстытут гісторыі НАН Беларусі і акадэмічная бібліятэка.

Грунтоўнае дасьледаваньне спадарыні Шмігельскіце-Стукене грунтуецца на раней не публікаваных архіўных крыніцах, прысьвечаных жыцьцю і творчасьці неардынарнай асобы, і раскрывае найперш палітычную і дыпляматычную дзейнасьць Агінскага ў пэрыяд 1786–1794 гадоў. Манаграфія падрыхтаваная да 250-годзьдзя з дня нараджэньня Міхала Клеафаса Агінскага, юбілей якога быў уключаны ЮНЭСКА ў сьпіс памятных датаў на 2015 год.

Выданьне імкнецца адысьці ад стэрэатыпу, паводле якога Агінскі ўспрымаецца выключна як кампазытар, аўтар знакамітага палянэзу ля-мінор («Разьвітаньне з Радзімай»). Асноўная мэта выданьня — паказаць, што гэты чалавек шматграннага таленту ў першую чаргу быў палітычным дзеячам, дыпляматам, міністрам.

Стос кніжак
Стос кніжак

Заля інфармацыйна-выставачнага цэнтру зь цяжкасьцю зьмясьціла ўсіх ахвотных. На правах гаспадара імпрэзу адкрыў дырэктар Цэнтральнай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі Аляксандар Груша:

Аляксандар Груша
Аляксандар Груша

«Так павялося, што мы ўспрымаем Міхала Клеафаса Агінскага менавіта як кампазытара. Але на самой справе давайце задумаемся: як ён сам сябе пазыцыянаваў на той час, кім лічыў сябе ў першую чаргу? Мяркую, усё ж не як кампазытар, а найперш як грамадзкі дзеяч. Акурат гэтай тэматыцы і прысьвечаная кніга. Таму гонар і пашана Рамуне Шмігельскіце-Стукене, што яна, па-першае, абрала аб’ектам дасьледаваньня менавіта Агінскага, па-другое, паказала яго асобу зь іншага, мала вядомага боку. І хоць аўтар не пазыцыянуе сябе ў якасьці дасьледчыка-антраполяга, але, чытаючы гэтую кнігу, асабіста я быў уражаны, бо пабачыў за постацьцю міністра, палітыка і дыплямата жывога чалавека — з пачуцьцямі, перажываньнямі, маральнымі абавязаньнямі».

У руках першых уладальнікаў
У руках першых уладальнікаў

Пры фінансавай падтрымцы Міністэрства замежных спраў Літвы кніга выйшла ў выдавецтве «Научный мир». Адпачатку плянаваліся два перакладныя варыянты — па-беларуску і па-расейску. Аднак недахоп сродкаў адсунуў беларускую вэрсію на пэрспэктыву, і дзеля максымальнага ахопу аўдыторыі перавагу аддалі расейскамоўнай манаграфіі. Каб уціснуцца ў абмежаваны бюджэт, давялося пагадзіцца і на больш сьціплы варыянт паліграфіі, які істотна саступае ня толькі літоўскаму арыгіналу, але і англамоўнаму адпаведніку.

Рамуне Шмігельскіце-Стукене ля стэнду з кнігамі пра Агінскага
Рамуне Шмігельскіце-Стукене ля стэнду з кнігамі пра Агінскага

Тым ня меней, як падкрэсьліў амбасадар Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус, у любым разе гаворка найперш пра важнасьць распаўсюду ведаў пра невядомыя дагэтуль моманты біяграфіі Міхала Клеафаса Агінскага:

Амбасадар Літвы Эвалдас Ігнатавічус
Амбасадар Літвы Эвалдас Ігнатавічус

«Пераклад на расейскую мову вядомай, папулярнай у нас кнігі перакрочвае межы Літвы, дазваляючы распаўсюджваць гэтае выданьне ў новых краінах, знаходзіць там новых чытачоў. Зрэшты, у сваім жыцьці Міхал Клеафас Агінскі таксама перакрочваў эпохі, перакрочваў межы. Таму кніга Рамуне Шмігельскіце-Стукене і паказвае яго як палітыка і дыплямата некалькіх народаў, бо цэлы шэраг краінаў лічаць Агінскага сваім і небеспадстаўна ганарацца гэтым таленавітым чалавекам. Аўтарка прадставіла яго як вялікага дзяржаўніка свайго часу, як прызнанага эўрапейца. Падсумоўваючы, жыцьцё і дзейнасьць Агінскага — важнае зьвяно паміж людзьмі, народамі і сёньня, што яскрава прадэманстраваў нам поўны падзеяў леташні, юбілейны год Агінскага».

Так выглядаюць літоўскі арыгінал і ангельскі пераклад
Так выглядаюць літоўскі арыгінал і ангельскі пераклад

Аўтарка манаграфіі, доктар гуманітарных навук Рамуне Шмігельскіце-Стукене апавяла, што, нягледзячы на даступнасьць архіўных зьвестак, якія леглі ў аснову дасьледаваньняў яе калегаў, асабіста яна зрабіла мноства новых адкрыцьцяў. Найперш, што Міхал Клеафас Агінскі быў прадбачлівым эканамістам і пасьпяховым фінансістам. У прыватнасьці, такія неабходныя замежныя крэдыты, якія Рэч Паспалітая атрымала на пераўзбраеньне свайго войска, сталіся магчымымі дзякуючы перадусім ягонай місіі ў Гаагу. Гэтак жа ўмела Агінскі здабываў інвэстыцыі і на ўласную справу:

Рамуне Шмігельскіце-Стукене
Рамуне Шмігельскіце-Стукене

«Так, у кнізе адлюстраваны мой асабісты пункт гледжаньня: тое, як я разумею эпоху і як я разумею гэтага дзеяча. Разам з тым кніга не адбылася б, каб не было людзей, якія верылі, што гэта патрэбна і варта рэалізацыі. У гэтым зьвязку найперш хачу падзякаваць дырэктару музэю ў Рэтавасе Вітасу Руткаўскасу — гэта чалавек, які падштурхнуў мяне ўшчыльную заняцца тэмай Агінскага. Спачатку мы выпусьцілі дзьве кнігі па выніках дзесяці канфэрэнцыяў, якія адбыліся ў Літве і ў Беларусі — гэта два тамы артыкулаў беларускіх і літоўскіх дасьледчыкаў пра гісторыю жыцьця князёў Агінскіх. З улікам чарговай кнігі, якая выйшла ў тым ліку па-расейску, магу толькі выказаць задавальненьне, што ёсьць падстава казаць пра наша плённае супрацоўніцтва. Таму таксама хачу выказаць удзячнасьць МЗС Літвы і асабіста амбасадару Эвалдасу Ігнатавічусу — без падтрымкі і разуменьня, што гэта рабіць трэба, мы б ня мелі такіх вынікаў сёньня».

Аўтарка таксама прымае падарункі
Аўтарка таксама прымае падарункі

Згаданы спадарыняй Шмігельскіце-Стукене дырэктар Музэю культурна-гістарычнай спадчыны князёў Агінскіх у Рэтавасе Вітас Руткаўскас небеспадстаўна лічыцца адным з самых руплівых захавальнікаў спадчыны вядомага роду. Пры тым, што сам ён не адносіць сябе да гісторыкаў, сьціпла падкрэсьліваючы, што пачаў асвойваць новую для сябе справу пасьля шматгадовых заняткаў іншай прафэсіяй. Тым ня меней лічыць, што нават за апошняе дзесяцігодзьдзе ў сьвядомасьці людзей адбыліся магутныя зрухі:

Вітас Руткаўскас
Вітас Руткаўскас

«Калі яшчэ 10 гадоў таму імя Агінскага асацыявалася збольшага з палянэзам „Разьвітаньне з Радзімай“, а яго вобраз грунтаваўся на рамантычных партрэтах цудоўных мастакоў таго часу, то за прамінулы пэрыяд адкрылася і іншае разуменьне значнасьці гэтай асобы. Вядома, для мяне як не гісторыка, не навуковага дзеяча, а інжынэра па спэцыяльнасьці, які выпадкова ўвайшоў у гэтую сфэру, вельмі важна, што праз разуменьне таго гістарычнага моманту мы можам спасьцігнуць адказнасьць за наша цяперашняе існаваньне. Бо мы ж бачым: як і 200 гадоў таму, сьвет у ХХІ стагодзьдзі гэтаксама непрадказальны, паглядзіце, якія геапалітычныя сілы дзейнічаюць зусім недалёка ад нас. І хоць Беларусь па сваім фармаце большая за Літву, дзеля выжываньня нам аднолькава важна заняць адпаведнае месца ў агульным сьвеце».

У чарзе па аўтографы
У чарзе па аўтографы

У працэсе падпісаньня
У працэсе падпісаньня

Па заканчэньні афіцыйнай часткі прэзэнтацыі адбыўся міжнародны круглы стол «Міхал Клеафас Агінскі і яго час» з удзелам беларускіх і літоўскіх дасьледчыкаў. Арганізатар дыскусіі, доктар гістарычных навук, прафэсар Валянцін Голубеў у прадмове назваў сёньняшнія падзеі без перабольшаньня «шчасьлівымі»:

Валянцін Голубеў
Валянцін Голубеў

«Чаму? Адбываецца тое, пра што мы даўно марылі. Мы пачынаем разам вывучаць наша мінулае і разам тыя веды даносіць публіцы — людзям, народу, тым, для каго мы, уласна кажучы, працуем. Хачу нагадаць: пры канцы мінулага году ўпершыню мы змаглі правесьці ў Менску вялікую міжнародную канфэрэнцыю „Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага“. Аснову выступоўцаў склалі якраз дасьледчыкі зь Літвы і Беларусі. І адразу хачу сказаць: мы чакаем вас на новай канфэрэнцыі, прысьвечанай 500-годзьдзю беларускага друку — выхаду першай кнігі Францішка Скарыны. Думаю, ня будзе памылкай назваць гэта 500-годзьдзем друку ў Вялікім Княстве Літоўскім. Таму просім, каб зноў прыехалі да нас з дакладамі, з выступленьнямі, каб мы маглі паўней і глыбей паказаць нашы агульныя карані і праз гэта працягваць курс на збліжэньне».

Удзельнікі прэзэнтацыі
Удзельнікі прэзэнтацыі

Апроч адмыслоўцаў, якія бралі ўдзел у прадстаўленьні выданьня Рамуне Шмігельскіце-Стукене, у круглым стале ўдзельнічалі кандыдат гістарычных навук, дацэнт Гарадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, доктар гістарычных навук, дацэнт Літоўскага эдукалягічнага ўнівэрсытэту Робэртас Юргайціс, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Вадзім Аніперкаў, кандыдат гістарычных навук, супрацоўнік Інстытуту гісторыі НАН Беларусі Андрэй Мацук, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Інстытуту гісторыі НАН Беларусі Анастасія Скеп’ян, кандыдат гістарычных навук, супрацоўнік Інстытуту гісторыі НАН Беларусі Аляксей Шаланда, кандыдат гістарычных навук, намесьнік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі Дзяніс Лісейчыкаў, старшы музэязнаўца-адміністратар Цэнтру навуковых дасьледаваньняў Палаца вялікіх князёў літоўскіх Эймантас Гудас ды іншыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG