Міністэрства ўнутраных справаў спэцыяльна для галоўнага «друкаванага органу краіны» – «Советской Белорусии» – агучыла сваю пазыцыю па беларусах, якія ваююць ва Ўкраіне – з абодвух бакоў лініі фронту. Ананімная крыніца ў міністэрстве:
– «Асаблівую пагрозу для нацыянальнай бясьпекі ўяўляюць беларускія грамадзяне, якія ваююць у складзе аддзелаў АТО. Збольшага гэта прадстаўнікі крымінагеннага моладзевага асяродзьдзя, якія прытрымліваюцца скрайне радыкальных нэанацысцкіх поглядаў. Яны прапаведуюць ідэалёгію агрэсіўных каляфутбольных рухаў і гвалтоўную форму зьвяржэньня дзяржаўнай улады, адкрыта супрацьпастаўляюць сябе праваахоўнай сыстэме», – адзначаюць у МУС».
Пра тых, хто на баку прарасейскіх баявікоў: «Натуральна, патэнцыяльная пагроза сыходзіць і ад тых, хто ваяваў у фармаваньнях самаабвешчаных данбаскіх рэспублік».
Адначасова аўтар матэрыялу – галоўны рэдактар часопісу «Спецназ», органу «сілавікоў», Андрэй Дземеньцьеўскі – падрабязна расьпісвае гісторыі тых, хто ўзяў бок сэпаратыстаў на Данбасе. Усе без вынятку героі сюжэтаў – крымінальнікі.
– «Едуць часьцяком не праз палітычныя перакананьні (гэта ўсё адно прыгожыя словы!), не дзеля жаданьня дапамагчы жыхарам Данбасу, а каб атрымаць лёгкія, на іх меркаваньне, грошы, а то і беспакарана пад шумок марадзёрстваваць, забраць апошняе ў тых, каго яны прыехалі “бараніць ад кіеўскай хунты”» – цьвердзіць аўтар артыкула.
«Усю гэтую грымучую сумесь з рознашэрсных дэструктыўных элемэнтаў трэба пасьпець згасіць», – кажуць аўтару артыкула ў МУС.
То на пачатку падкрэсьліваецца ідэалягічны складнік тых, хто за Ўкраіну, то пасьля акцэнтуецца ўвага на неідэалягічным характары тых, хто за сэпаратыстаў, а ўрэшце ўсіх валяць у кучу. Такі сабе слалам у падачы тэмы. Туды зігзаг, сюды зігзаг. Як кажуць у міліцыі, «блытаніна ў паказаньнях».
Прычым, з аднаго боку, «паказаньні» ананімныя, нейкая крыніца ў МУС. Але зь іншага боку – усе гэтыя заявы і характарыстыкі публікуюцца ў газэце Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.
А пачынаецца матэрыял з цытаты Лукашэнкі, дзе ён дае загад сілавікам разабрацца: «Ніякіх баевікоў у краіне быць ня мусіць».
Дэ-факта, як па мне, гэты артыкул – рапарт галоўнакамандуючаму, маўляў, разьбярэмся.
Але артыкул пабачылі ня толькі ў Адміністрацыі. І вось сядзіць чытач, і спрабуе разабрацца, што да чаго. Не сумняюся, што «СБ» чытаюць найперш аматары расейскай ТВ, а значыць апрыёры «за Пуціна», «за Данбас». А тут тых, каму яны спачуваюць з ідэйных меркаваньняў, называюць адно крымінальнікамі.
Калі суміраваць пазыцыю крыніцы ў МУС і аўтара артыкула, на мой погляд, высьпявае наступная карціна.
Ва Ўкраіне ваююць «палітычныя і крымінальнікі». Палітычныя за Ўкраіну, яны лютыя ворагі. На іх вешаюцца ўсялякія ярлыкі. Пры Сталіне былі «ворагі народу», цяпер вось – «нэанацысты». А крымінальнікі... Крымінальнікі як і пры Сталіне – «клясава блізкія, якія аступіліся».
Толькі чаму гэтыя крымінальнікі і «крымінальнікі» едуць на прарасейскі бок? Не дае адказу МУС. На мой погляд, імкненьне ўсё зьвесьці да банальнасьці – страўсіная пазыцыя. Ці жаданьне заблытаць сьляды. Прыкрыць «клясава блізкіх».
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.