22 лютага індывідуальныя прадпрымальнікі плянуюць правесьці чарговы мітынг у Менску супраць прэзыдэнцкага указу № 222. Месца мітынгу — Кастрычніцкая плошча, пачатак а 12-й гадзіне.
Былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі і палітвязень Мікалай Статкевіч на сваёй старонцы ў фэйсбуку напісаў, што падтрымлівае гэты мітынг, але прапаноўвае перад яго пачаткам прыйсьці да прыёмнай прэзыдэнцкай адміністрацыі (уваход у адміністрацыю з боку вуліцы Кірава каля «Прэзыдэнт-гатэлю») і прынесьці з сабой заявы з патрабаваньнем адмены ўказу 222, адмовы ад абмежаваньняў на атрыманьне і асабісты ўвоз рэчаў з-за мяжы, а таксама зьніжэньня коштаў паслуг ЖКГ.
Палітык піша, што сам прыйдзе туды а 12-й гадзіне: «Заявы можна і не аддаваць, але варта прыйсьці адначасова, каб самым фактам нашага масавага прыходу мы маглі паказаць нашую нязгоду са спробай улады за наш кошт ліквідаваць наступствы свайго бязглуздага кіраваньня эканомікай. У іх ёсьць шмат іншых спосабаў зэканоміць. Напрыклад, скараціць колькасьць дармаедаў ад улады».
Згодна з указам № 222 прадпрымальнікі могуць гандляваць таварамі лёгкай прамысловасьці, завезенымі з-за мяжы, толькі пры наяўнасьці дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць якасьць і паходжаньне тавараў.