Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Раўбічах майстры фрыстайлу падводзяць вынікі сэзону


Падрыхтоўка трамплінаў у Раўбічах
Падрыхтоўка трамплінаў у Раўбічах

20 лютага ў Цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту ў Раўбічах пад Менскам этапам Кубку сьвету завершаць сэзон «лыжныя акрабаты». Для заўзятараў наведваньне спаборніцтваў бясплатнае.

На апошнія «ачковыя» старты сабраліся больш за паўсотні спартоўцаў з Аўстраліі, Беларусі, Вялікай Брытаніі, ЗША, Казахстану, Канады, Кітаю, Расеі, Украіны, Швайцарыі, Японіі. Тут можна сустрэць наймацнейшых прадстаўнікоў усясьветнага фрыстайлу: гэта аўстралійцы Дэвід Морыс і Дэніэл Скот, амэрыканцы Мак Боханан і Эшлі Колдуэл, кітайцы Ван Сінды і Цюань Хуэйлінь, беларусы Максім Гусьцік і Аляксандра Раманоўская, а таксама канадзец Трэвіс Гэрыц, расеец Ільля Бураў, украінец Аляксандар Абраменка ды іншыя.

Арганізатары і ўдзельнікі беларускага этапу Кубку сьвету ў лыжнай акрабатыцы
Арганізатары і ўдзельнікі беларускага этапу Кубку сьвету ў лыжнай акрабатыцы

Зрэшты, беларускі этап Кубку сьвету да апошняга заставаўся пад пытаньнем. Дагэтуль з-за анамальна высокай тэмпэратуры быў адменены фінішны, сёмы па ліку збор у гішпанскай Сьера-Нэвадзе. Раўбічам, якія ў каляндарным графіку значыліся перадапошнімі, адступаць фактычна не было куды. У аўральным рэжыме тут пачалі прадукаваць штучны сьнег.

Аб’ём зробленай працы годна ацаніў начальнік спаборніцтваў, афіцыйны прадстаўнік Міжнароднай фэдэрацыі лыжнага спорту (FIS) Райнхард Крампфл. Такім чынам, вынікі сэзону для фрыстайлістаў будуць падведзеныя 20 лютага менавіта ў Беларусі:

Дэлегат Міжнароднай фэдэрацыі лыжнага спорту Райнхард Крампфл
Дэлегат Міжнароднай фэдэрацыі лыжнага спорту Райнхард Крампфл

«Беларусь — адно з самых важных месцаў, дзе праводзяцца этапы Кубку сьвету, таму для нас было прынцыпова, каб спаборніцтвы адбыліся. Тым больш з улікам таго, што вы ведаеце пра рашэньне не праводзіць этап у Сьера-Нэвадзе. Спадзяюся, ужо нішто не перашкодзіць правесьці ў суботу грандыёзнае шоў, і шматлікія гледачы стануць сьведкамі таго, як па выніках усяго сэзону будуць уручацца галоўныя прызы пераможцам. Застаецца толькі выказаць удзячнасьць усім зацікаўленым структурам і арганізацыям, якія прыклалі намаганьні дзеля таго, каб гэтае спартовае сьвята адбылося».

Галоўны судзьдзя спаборніцтваў, генэральны сакратар Беларускага лыжнага саюзу Леанід Чашчын таксама ўсьцешаны праведзенай працай дзеля падрыхтоўкі трамплінаў і схілу разгону, але пры гэтым зазначае: пры адпаведным тэхнічным забесьпячэньні столькі гераізму прыкладаць не давялося б:

Генсек Беларускага лыжнага саюзу Леанід Чашчын
Генсек Беларускага лыжнага саюзу Леанід Чашчын

«Вельмі прыемна, што FIS давярае нам мерапрыемствы такога ўзроўню. У сваю чаргу, робім усё, каб іх правесьці. Ня буду хаваць: сёлета мы сутыкнуліся зь вялікімі цяжкасьцямі ў працэсе падрыхтоўкі. З аднаго боку — анамальная тэмпэратура, зь іншага — недапрацоўкі з боку самога комплексу „Раўбічы“. Прасьцей кажучы, адсутнічае абсталяваньне, якое дазволіла б у любое надвор’е прыводзіць аб’екты да патрэбнага стану. То цёпла, то холадна — так, форс-мажор. Але пры наяўнасьці адпаведнай тэхнікі можна было б прыкладаць нашмат меншыя высілкі, чым урэшце давялося. Таму просьба да дзяржаўных органаў максымальна паспрыяць, каб у будучыні спаборніцтвы такога кшталту не рыхтаваліся ў аўральным рэжыме».

На падрыхтоўку трамплінаў кінулі найперш студэнтаў Унівэрсытэту фізычнай культуры і спорту, якія ўручную цягалі сьнег на трасу разгону. Агульны кантроль ажыцьцяўлялі прадстаўнікі міжнароднага і мясцовага лыжнага саюзаў, трэнэрскага штабу, былыя і дзейныя спартоўцы. Апошні тыдзень трэнэр Міхаіл Курловіч, уганараваны «акрабат» Дзьмітры Дашчынскі ды іншыя без перабольшаньня пражылі ў Раўбічах. Спадзяюцца, што невялікі мароз «зафіксуе» плён іхняй працы прынамсі да канца суботы.

Генсек Беларускага лыжнага саюзу Леанід Чашчын (зьлева) і пераможца і прызэр этапаў Кубку сьвету Максік Гусьцік
Генсек Беларускага лыжнага саюзу Леанід Чашчын (зьлева) і пераможца і прызэр этапаў Кубку сьвету Максік Гусьцік

Варта адзначыць, што гаспадары спаборніцтваў дома выступаюць ня самым баявым складам — залечвае траўмы алімпійскі чэмпіён Антон Кушнір, узяла паўзу яшчэ адна алімпійская трыюмфатарка Ала Цупер. Канчаткова разьвітаўся зь вялікім спортам Аляксей Грышын, падаўся ў трэнэры адзін з самых вопытных фрыстайлістаў Дзьмітры Дашчынскі. У іх адсутнасьць ролю лідэраў на сябе прымерваюць Максім Гусьцік і Ганна Гуськова.

Галоўны трэнэр зборнай Мікалай Казека аб’ектыўна ацэньвае ўзровень новай генэрацыі сваіх выхаванцаў і на асаблівы цуд не разьлічвае — дагнаць украінца Аляксандра Абраменку і амэрыканку Эшлі Колдуэл не выпадае:

Галоўны трэнэр зборнай Беларусі ў фрыстайле Мікалай Казека
Галоўны трэнэр зборнай Беларусі ў фрыстайле Мікалай Казека

«Цяпер ідзе досыць вострая барацьба ў агульным заліку паміж спартоўцамі, таму раўбіцкі этап будзе даволі важкі пры канчатковым падвядзеньні вынікаў. Адпаведна, усе ўдзельнікі будуць намагацца паказаць максымальна складаныя і прыгожыя скачкі. Што тычыцца беларускай зборнай, то яна, за выключэньнем Дзяніса Восіпава (ён траўмаваўся падчас этапу ў ЗША і ўжо праапэраваны) выступае ў аптымальным складзе. Плюс будзе прымаць удзел у спаборніцтвах наша юніёрская каманда, якая рыхтуецца да чэмпіянату сьвету, што пройдзе ў Раўбічах 27 лютага».

Зь беларусаў найвышэй ва ўсясьветным рэйтынгу ў лыжнай акрабатыцы пакуль Максім Гусьцік — у агульным заліку Кубку сьвету ён на чацьвёртай пазыцыі са 196 ачкамі. Наперадзе расеец Пётар Мядуліч (218), кітаец Ці Гуанпу (226) і практычна недасягальны ўкраінец Аляксандар Абраменка (265). Тым ня меней у Гусьціка ёсьць шанец заскочыць на п’едэстал, бо кітаец, мяркуючы па ўсім, да Беларусі не даедзе:

Пераможца і прызэр этапаў Кубку сьвету Максік Гусьцік
Пераможца і прызэр этапаў Кубку сьвету Максік Гусьцік

«Адразу хачу сказаць, што асабіста мне прасьцей трэніравацца і выступаць за мяжой. Дома, калі на цябе спадзяюцца і разьлічваюць, калі прыяжджаюць падтрымаць родныя і блізкія, проста захліствае хваляваньне, пачуцьцё адказнасьці. Сёлета ў нас былі невялікія праблемы з падрыхтоўкай, але будзем спрабаваць парадаваць гледачоў. Саша Абраменка на гэты момант безумоўны лідэр сэзону, і дагнаць яго за апошні этап будзе вельмі складана. Хоць гіпатэтычна магчыма — у прыватнасьці, мне трэба быць першым. Вядома, буду старацца, бо кожнаму б хацелася быць на максымальнай вышыні...»

А вось у жаночай частцы Кубку сьвету беларускам практычна нічога ня сьвеціць — адставаньне ад лідэраў параўнальнае зь безданьню. Лепшая зь беларускіх удзельніц Аляксандра Раманоўская перад раўбіцкім этапам займае 11 месца са 146 ачкамі, сьледам за ёй разьмясьцілася калега па камандзе Ганна Гуськова (140). Для параўнаньня: лідэр агульнага заліку амэрыканка Эшлі Колдуэл мае ў сваім актыве 309 ачкоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG