Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці абвесьціць Беларусь мараторый на сьмяротнае пакараньне?


Тры пытаньні для трох аналітыкаў: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Ігар Карней.

Дракахруст: У гэты панядзелак, 15 лютага, Менскі абласны суд вынес сьмяротны прысуд па крымінальнай справе аб трайным забойстве ў вёсцы Мачулішчы. Гэта ўжо другі сьмяротны прысуд сёлета. 5 студзеня Менскі абласны суд вынес сьмяротны прысуд неаднаразова судзімаму Генадзю Якавіцкаму, які прызнаны вінаватым у забойстве, учыненым з асаблівай жорсткасьцю.

Эўразьвяз асудзіў чарговы сьмяротны прысуд, вынесены ў Беларусі 15 лютага — менавіта ў той дзень, калі Эўразьвяз скасаваў санкцыі — і зноў заклікаў беларускія ўлады ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне.

«ЭЗ выступае супраць ужываньня сьмяротнай кары, жорсткага пакараньня, якое ня ў стане дзейнічаць як фактар стрымліваньня, — падкрэсьліваецца ў заяве. — Мы заклікаем Беларусь, адзіную краіну ў Эўропе, дзе ўсё яшчэ ўжываецца сьмяротная кара, далучыцца да глябальнага мараторыю ў якасьці першага кроку да яе адмены».

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Нагадаю, што ў рашэньні ЭЗ аб скасаваньні санкцыяў адносна Беларусі пажаданьне аб мараторыі на сьмяротнае пакараньне фігуруе нароўні з рэабілітацыяй былых палітвязьняў, забесьпячэньнем свабоды сходаў і аб’яднаньняў, ліквідацыяй перашкодаў у працы незалежных СМІ.

Трэба сказаць, што для беларускай улады гэты пункт пра мараторый даволі зручны. Па-першае, у Беларусі сьмяротных прысудаў выносіцца 2–3 на год. Яны выносяцца сапраўды людзям, на якіх, як кажуць, пробы няма дзе ставіць — за забойствы трох і больш чалавек, за забойствы з асаблівай жорсткасьцю. Можна даць указаньні судам не выносіць сьмяротныя прысуды, а толькі пажыцьцёвыя. Можна зрабіць мараторый, хаця б на пэўны час. Тут шмат магчымасьцяў, і мне здаецца, што калі будуць сур’ёзныя эканамічныя прапановы, то беларуская ўлада хутчэй пойдзе на мараторый, чым пусьціць апазыцыянэраў у парлямэнт ці зарэгіструе «Белсат».

Ігар Карней
Ігар Карней

Карней: Так, магчыма будзе нейкі торг. Гэта тычыцца асабліва фінансавых прапаноў Эўропы. Былі такія спробы ў 2010 годзе, калі прыяжджалі сюды эўрапейскія эмісары паспрабаваць неяк дэмакратызаваць Лукашэнку, але не атрымалася — жорстка была разагнаная пасьлявыбарная акцыя. Мараторый можа быць, калі Лукашэнка адчуе фінансавую выгаду. Якая яна будзе, цяжка сказаць. Разам з тым у расейскім грамадзтве ёсьць настроі вярнуць сьмяротнае пакараньне. Мараторый быў уведзены ў кантэксьце разьвіцьця адносін з Эўропай, а цяпер, маўляў, раз Расея не арыентуецца на інтэграцыю з эўрапейскай сям’ёй, то ня трэба «скакаць пад іх дудку». Ну, і для Лукашэнкі гэта яшчэ адзін спосаб паказаць незалежнасьць сваёй палітыкі, калі ён можа караць, мілаваць і гэтак далей. Быў толькі адзін выпадак скасаваньня сьмяротнага прысуду, і то, можа, толькі зь якіх сантымэнтаў яго да свайго калегі, ці то старшыні калгасу, ці дырэктара саўгасу. Трэба будзе пачакаць, каб даведацца, што тут пераважыць.

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Карбалевіч: Сапраўды, мараторый ня выключаны. Праўда, імавернасьць гэтага невялікая, бо для Лукашэнкі гэтае пытаньне сакральнае, гэта элемэнт улады.

Але тут важны і момант палітычнай мэтазгоднасьці. Большасьць насельніцтва Беларусі, як, дарэчы, і шмат якіх іншых краін, у тым ліку эўрапейскіх, выступае за захаваньне сьмяротнага пакараньня. Таму Лукашэнка апэлюе да свайго электарату. А гэты электарат — людзі з савецкай, таталітарнай сьвядомасьцю. Яны лічаць жорсткасьць уладаў унівэрсальным чыньнікам вырашэньня ўсіх сацыяльных праблем. Невыпадкова шмат каму зь іх падабаецца Сталін.

Лукашэнка — выразьнік падсьвядомых архетыпаў свайго надзейнага электарату. Калі ён загадвае бацькоў, якія не даглядаюць сваіх дзяцей, садзіць у працоўныя лягеры ці прымяняць жорсткія захады да наркаманаў, ягоны электарат яго разумее. Сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што тых, хто падтрымлівае такія захады, больш, чым тых, хто не падтрымлівае.

Вядома, што адмена сьмяротнага пакараньня — умова ўступленьня Беларусі ў Раду Эўропы. Але ўзьнікае пытаньне: а навошта гэта трэба Лукашэнку? У выпадку ўступленьня Беларусь будуць даймаць на кожным паседжаньні Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы за парушэньне правоў чалавека. Беларускія грамадзяне атрымаюць права падаваць пазовы ў Эўрапейскі суд па правах чалавека. І такія заявы пойдуць суцэльным патокам, бо сыстэма правасудзьдзя Беларусі разбурана. І ўладам трэба будзе рэагаваць. Навошта ім такі галаўны боль?

Таму ўлады будуць зацягваць гэтую праблему, імітаваць супрацоўніцтва з Радай Эўропы, праводзіць розныя абмеркаваньні тэмы сьмяротнага пакараньня, спасылацца на грамадзкія настроі. І ня больш за тое.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG