Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Транзытныя войны Беларусі на руку. Але гэта ненадоўга


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларусы ад расейска-польска-ўкраінскай транзытнай вайны атрымаюць пэўныя бонусы, але ненадоўга і далёка ня ўсе.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Свабодзе выказаў адзін зь лідэраў беларускіх грузаперавозчыкаў Сяргей Штода.

Канфлікт Польшчы і Расеі палягае ў тым, што бакі ў гэтым годзе не ўзгаднілі квоты дазволаў на праезд фураў. Таму з 1 лютага пагадненьне паміж Польшчай і Расеяй аб прымяненьні правілаў ажыцьцяўленьня аўтамабільных перавозак спыніла дзеяньне. З гэтага ж дня спыніліся ўзаемныя перавозкі і транзыт.

Канфлікт Польшчы і Расеі, у прыватнасьці, вымусіў расейцаў павялічыць транзыт праз Украіну. Але ў адказ на гэта ўкраінскія грамадзкія актывісты пачалі блякаваць праезд грузавых аўтамабіляў з расейскімі нумарамі. Такая сытуацыя выклікала незадавальненьне Масквы, якая ў панядзелак спыніла перасоўваньне ўкраінскіх грузавых аўтатранспартных сродкаў па тэрыторыі РФ. У адказ на гэта Кіеў пастанавіў прыпыніць транзытныя перамяшчэньні грузавых аўтамабіляў з Расеі па тэрыторыі Ўкраіны.

Для Беларусі найбольш відавочным наступствам расейска-польскага транзытнага канфлікту стала зьяўленьне вялізных чэргаў на беларуска-літоўскай і ў меншай ступені беларуска-латвійскай мяжы, бо расейскія перавозчыкі цяпер вымушаныя ехаць у Эўропу ў абход Польшчы.

Велічыня чэргаў у залежнасьці ад канкрэтнага дня і часу сутак адрозьніваецца. Напрыклад, у ноч з 14 на 15 лютага ў Каменным Логу стаяла 250 машын. Сёньня ж, паводле сытуацыі на 10.00, на беларуска-літоўскай мяжы ў пунктах пропуску Каменны Лог і Беняконі сабралася па 120 грузавых машын, у Катлоўцы — 50. На мяжы з Латвіяй ва Ўрбанах стаяла 50 грузавікоў.

«Беларускія перавозчыкі хуценька хапаюць гэтыя грузы...»

Беларускі бізнэсовец, які займаецца перавозкамі, Сяргей Штода ў размове са Свабодай адзначыў, што цяперашняя транзытная вайна ўжо выкарыстоўваецца перавозчыкамі зь Беларусі на сваю карысьць.

Сяргей Штода
Сяргей Штода

«Пакуль беларускія перавозчыкі, безумоўна, выкарыстоўваюць гэтую сытуацыю, хуценька хапаюць гэтыя грузы, бо ў іх з польскага боку дазволы ёсьць. А Расея з Польшчай ніяк ня могуць дамовіцца. Але няхай. Палякі страцяць няшмат. А вось расейцы страцяць значна больш. Страты расейскіх пастаўшчыкоў складуць толькі за месяц некалькі соцень мільёнаў даляраў. А альтэрнатыўнага шляху паставак пры тых жа затратах не існуе», — кажа ён.

Але Штода лічыць, што беларусы атрымаюць бонусы ад гэтай транзытнай вайны толькі на пэўны час:

«Беларусы будуць першы час гэтым карыстацца і атрымаюць магчымасьць хаця б трохі паправіць сваё матэрыяльнае становішча, калі, вядома, дзяржава гэтыя грошы ў нас не забярэ ў выглядзе нейкіх дадатковых падаткаў. Усё ж добра, што мы транзытная краіна. Але гэтая крамка рана ці позна прыкрыецца. Гэта ўсё спыніцца. Расея ўжо разумее, што кожны дзень страчвае сур’ёзныя грошы. Аднак пакуль гэта нам на руку. Што будзе далей — паглядзім», — дадае ён.

Штода таксама зьвяртае ўвагу, што гэтым канфліктам скарыстаюцца перш за ўсё буйныя беларускія кампаніі-перавозчыкі:

Дазволы атрымліваюць ня ўсе. Маленькая фірма не атрымае гэтых дазволаў ці атрымае зусім няшмат. У той час, як якая-небудзь магутная фірма накшталт „Джэнці“ забярэ ўвесь асноўны пакет дазволаў і будзе зьбіраць вяршкі з гэтага канфлікту.

«Трэба разумець, што дазволы атрымліваюць ня ўсе спрэс. Маленькая фірма, у якой пяць машын, — яна не атрымае гэтых дазволаў ці атрымае зусім няшмат. У той час, калі якая-небудзь магутная фірма накшталт „Джэнці“ забярэ ўвесь асноўны пакет дазволаў і будзе зьбіраць вяршкі з гэтага канфлікту. Гэта значыць — прыбытак, грошы лягуць не раўнамерна на ўсіх перавозчыкаў, а дастануцца перш за ўсё невялікай групе бізнэсмэнаў. Гэта ўсё роўна не для ўсіх».

«Канфлікт перш за ўсё паходзіць ад расейскага боку»

Вяртаючыся да сутнасьці польска-расейскага транзытнага канфлікту, Штода нагадвае, што ў ягонай аснове ляжыць пытаньне аб квотах дазволаў на перавозку грузаў.

«Трэба разумець, што расейскія кампаніі пераважна вязуць грузы ня ў Польшчу, а выкарыстоўваюць польскую тэрыторыю для транзыту ў Нямеччыну, Італію, Гішпанію ці Нідэрлянды. Гэтаксама эўрапейскія краіны выкарыстоўваюць польскі транзыт для паставак тавараў у Расею. Колькасьць такіх перавозак абмяжоўвацца колькасьцю дазволаў з абодвух бакоў. Расея і Польшча кожны год узгадняюць колькасьць дазволаў на транзыт грузаў у трэція краіны. Але цяпер узгадніць не атрымалася», — канстатуе ён.

Бакі вінавацяць у гэтым адзін аднаго. У Расеі лічаць, што палякі з дапамогай маніпуляцыяў з дакумэнтацыяй пастаянна павялічваюць транзыт грузаў праз сваю тэрыторыю: то бок пад выглядам польскіх грузаў у Расею вязуць тавары зь іншых краін ЭЗ. Таму расейцы лічаць магчымым вылучыць новыя патрабаваньні. У Варшаве ж лічаць, што новыя патрабаваньні Масквы ў сфэры рэгуляваньня грузаперавозак не адпавядаюць міжнародным дамовам, тлумачыць Штода:

Калі паглядзець на гандлёвы абарот, мы зразумеем, што расейскія кампаніі павінны быць больш зацікаўленыя ў нармальных адносінах з польскім бокам.

«На думку экспэртаў, Польшчы ўсё ж удасца адстаяць свае інтарэсы ў гэтым пытаньні. Канфлікт перш за ўсё паходзіць ад расейскага боку. А калі паглядзець на гандлёвы абарот, мы зразумеем, што расейскія кампаніі павінны быць больш зацікаўленыя ў нармальных адносінах з польскім бокам. На экспарт з Расеі ў Польшчу прыпадае да 65–70% гандлёвага абароту, астатняе — імпарт з Польшчы ў Расею. Для палякаў гэты імпарт — толькі 10% у агульным аб’ёме зьнешнеэканамічнай дзейнасьці Польшчы», — тлумачыць ён.

Штода падкрэсьлівае, што Польшча — ані адпраўнік, ані атрымальнік асноўнай часткі грузаў, якія ідуць з Расеі ці ў Расею. Гэта значыць, што пераважна пацярпяць ад гэтага канфлікту расейцы, а таксама некаторыя эўрапейскія краіны. Транзытная ж вайна з Украінай у выніку дадаткова павінна падштурхнуць Расею да саступак у канфлікце з Польшчай.

Сам Штода толькі ўчора вярнуўся з Масквы, дзе сустракаўся з расейскімі перавозчыкамі, якія застаюцца незадаволеныя сыстэмай «Платон». «Наагул у іх у Расеі цяпер абстаноўка напружаная, атмасфэра цяжкая», — дадаў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG