Пра пляны стварыць працоўную групу старшыня Віцебскага аблвыканкаму Мікалай Шарсьнёў заявіў, сустракаючыся з кіраўніцтвам вобласьці на швейнай фабрыцы «Сьцяг індустрыялізацыі».
Гэта адно з прадпрыемстваў беларускага легпраму, зь якім прапанавана супрацоўнічаць прадпрымальнікам. Аднак на апошнім сходзе ў Віцебску яны якраз і скардзіліся на тое, што асартымэнт вырабаў там ня вельмі шырокі, а адпускныя кошты занадта высокія.
Мікалай Шарсьнёў заявіў, што прадпрымальнікам варта вызначыцца, ці гатовыя яны пераарыентавацца на гандаль айчыннымі таварамі, ці рыхтаваць неабходныя дакумэнты для гандлю рэчамі замежнай вытворчасьці, ці шукаць сабе працаўладкаваньня ў іншых сфэрах.
Генадзь Бердзенеў, прадпрымальнік з Полацку, пераход на гандаль прадукцыяй айчыннай вытворчасьці лічыць немэтазгодным у прынцыпе:
Навошта мне гандляваць тым, што і так колам ляжыць у нашых крамах? Я ж на тое і прадпрымальнік, каб прапаноўваць людзям альтэрнатыву.
«Навошта мне гандляваць тым, што і так колам ляжыць у нашых крамах? Я ж на тое і прадпрымальнік, каб прапаноўваць людзям альтэрнатыву — шукаць нешта іншае, чымсьці прадаецца ў беларускім унівэрмагу. І раней прадпрымальнікі шукалі і знаходзілі — дзе нешта таньнейшае, дзе больш разнастайнае. Трэба, каб у людзей быў выбар! А нас хочуць скіраваць на разгрузку складоў!»
Стварэньне працоўнай групы абласнога маштабу спадар Берданеў таксама ня лічыць сур’ёзным крокам насустрач ІП. «Гэта ўсё адно як нябожчыку банькі ад кашлю ставіць», — кажа полацкі прадпрымальнік.
Прысутны на сустрэчы кіраўніцтва аблвыканкаму памочнік прэзыдэнта, галоўны інспэктар па Віцебскай вобласьці Аляксандар Пазьняк заявіў, што ў рэгіёнах трэба больш працаваць над стварэньнем неабходных умоваў для разьвіцьця прыватнай ініцыятывы. Дзеля гэтага, паводле ягоных словаў, трэба «арганізаваць навучальныя сэмінары для намесьнікаў старшыняў райвыканкамаў, якія вядуць эканоміку». Ад яго ж прагучала прапанова арганізоўваць новыя прадпрыемствы, каб прадпрымальнікі ў выпадку неабходнасьці мелі магчымасьці ўладкавацца на іншую працу.