У эўрапейскіх краінах у панядзелак пачалася акцыя «Свабоду Надзеі Саўчанцы — мы галадаем». Ініцыятыву дэпутатаў Рады Эўропы падхапілі сацыяльныя сеткі і грамадзянскія актывісты. Чацьвёра беларусаў ад сёньня пачалі галадоўку салідарнасьці з Саўчанкай
У Расеі ўкраінскую вайскоўку Надзею Саўчанку абвінавачваюць у датычнасьці да забойства двух супрацоўнікаў ВГТРК і незаконным перасячэньні расейскай мяжы. Яна ўсе абвінавачваньні адкідае і сьцьвярджае, што да таго моманту ўжо была захоплена сэпаратыстамі, якія затым яе пераправілі ў Расею. У сярэдзіне сьнежня суд падоўжыў арышт Саўчанкі да 16 красавіка. Пасьля гэтага яна на знак пратэсту абвясьціла галадоўку — трэцюю з моманту яе арышту летам 2014 году.
Вера Саўчанка, сястра Надзеі Саўчанка, заявіла ў інтэрвію тэлепраграме Радыё Свабода «Настоящее время»: Яна ўжо прывыкла быць галоднай, хоць гэта, напэўна, ня тое, да чаго трэба прывыкаць. Яна рада таму, што ўжо хутка канец гэтага суду, які зусім не падобны на суд, і хутка павінны палітыкі нешта рабіць. Вось каб ім было прасьцей не забываць пра людзей, яна зьбіраецца пачаць сухую галадоўку. Цяпер яна падчас судовых пасяджэньняў ўжывае ежу накшталт дзіцячага харчаваньня — тры дні ў тыдзень. А чатыры дні яна знаходзіцца ў СІЗА, там яна наогул ня есьць. Пакуль так.
«Настоящее время»: Што зьбіраецца рабіць абарона далей, калі яе фактычна пазбаўляюць права голасу? Па-вашаму, у адвакатаў ёсьць нейкі «плян Б»?
Мяркуючы па тым, як паводзяць сябе судзьдзі, суд не зьбіраецца быць сумленным.
Вера Саўчанка: Па-мойму, няма. Адвакаты — гэта людзі, якія павінны і ўмеюць працаваць у працэсуальным полі, нават калі яно дэфармавана, як у Расеі. Яны спадзяюцца на тое, што мяч пяройдзе на поле палітыкаў, дыпляматаў, і там ужо будуць пра нешта дамаўляцца. Таму што, мяркуючы па тым, як паводзяць сябе судзьдзі, суд не зьбіраецца быць сумленным. Улада цікавіцца пастолькі, паколькі народ цікавіцца
«Настоящее время»: Ці ёсьць ва Ўкраіны, па-вашаму, выразная стратэгія для вызваленьня Надзеі Саўчанкі? Таму што складваецца адчуваньне, што ўкраінская ўлада памятае пра яе, але ўсе яе дзеяньні досыць сытуатыўныя, нават хаатычныя. У вас няма такога адчуваньня?
Вера Саўчанка: Я з вамі пагаджуся. Таму няма пэўнага чалавека, які адказвае за справу Саўчанкі і астатніх хлопцаў...
«Настоящее время»: Сянцова, напрыклад...
Вера Саўчанка: Сянцова, Карпюка, Клыха, Кольчанкі. Гэта, як мінімум, тая пяцёрка, у якой ёсьць усе шанцы...
«Настоящее время»: Гэта толькі тыя, што на слыху.
Вера Саўчанка: Ну так. І ўлада цікавіцца пастолькі, паколькі народ цікавіцца, яна павінна цікавіцца, каб свой рэйтынг трымаць, і гэта зразумела. Гэта любая ўлада любой дзяржавы.
«Настоящее время»: Няма стратэгіі. Чаму?
Вера Саўчанка: Шмат іншых праблем. Задача ўлады — утрымацца. А плюс яшчэ ў нашай краіне рэформы трэба рабіць. А рэформы — гэта заўсёды не зусім прыемна, і гэта можа спарадзіць незадаволенасьць народу. Таму там шмат іншых праблем.
«Настоящее время»: Гэта значыць, вызваленьне Саўчанкі для ўкраінскай улады, хутчэй, — больш пытаньне іміджу, чым стратэгічнае?
Вера Саўчанка: На маю думку, так.
«Настоящее время»: На днях Надзея напісала ліст у рэдакцыю інтэрнэт-выданьня «Мэдуза», але адказы на пытаньні журналіста, як яна сьцьвярджае, цэнзура не прапусьціла. І там жа, у матэрыяле на «Мэдузе», Надзея кажа, што «ўсе адказы ведае мая сястра Вера». Вы можаце нам расказаць, што ў выніку цэнзура не прапусьціла?
Цяпер любы пісьмовы дыялёг з Надзяй наогул ускладніўся, таму што ўсё адбіраецца на цэнзуру.
Вера Саўчанка: Я ведаю пра дыялёг Надзі з «Мэдузай», і, на жаль, цяпер у мяне няма гэтых адказаў. Хутчэй за ўсё, адвакаты забыліся мне іх перадаць, бывае такое. У нас адзіны больш-менш надзейны калідор мець зносіны з Надзяй без «праслушкі» — праз адвакатаў, пісьмова, і, у сілу занятасьці, яны часам забываюць нам перадаць лісты адзін аднаго. Таму я цяпер ня маю інфармацыі, што Надзя напісала «Мэдузе». Але я ведала пра пытаньні «Мэдузы», і разумела, што яны мала чым адрозьніваюцца ад [пытаньняў, якія б задалі] «Лайф-Ньюс». Дзіўныя былі пытаньні, мякка кажучы. І я не разумею, на што разьлічвалі гэтыя хлопцы. І ў выніку Надзя паспрабавала ім напісаць ліст. Цяпер любы пісьмовы дыялёг з Надзяй наогул ускладніўся, таму што ўсё адбіраецца на цэнзуру. Натуральна, у цэнзуры яно і тоне. Таму нешта атрымаць ад яе напісанае рукой цяпер складана.