Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чацьвёра беларусаў далучыліся да галадоўкі салідарнасьці з Надзеяй Саўчанкай


Надзея Саўчанка
Надзея Саўчанка

Чацьвёра беларусаў, якія ўваходзяць у незарэгістраваную Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Свабода), ад сёньня пачалі галадоўку салідарнасьці з украінскай лётчыцай Надзеяй Саўчанкай, якую баевікі ў Данбасе ўзялі ў палон і перадалі ў Расею.

Пра гэта Свабодзе паведаміў кіраўнік партыі Сяргей Скрабец:

«Акрамя мяне, гэта Валер Быкаў, Андрэй Астрэйка і мой малодшы брат Аляксандар. Вырашылі, што кожны зможа галадаць да канца лютага.

Праз гэтую акцыю мы хочам паказаць сваю падтрымку народу Ўкраіны, які мужна змагаецца з расейскай агрэсіяй».

Сяргей Скрабец
Сяргей Скрабец

«Свабоду Надзеі Саўчанцы — мы галадаем» — так называецца агульнаэўрапейская акцыя салідарнасьці з украінскай лётчыцай, якая больш за 40 дзён галадае ў расейскай турме, чакаючы прысуду.

Ініцыявала акцыю група дэпутатаў з Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.

БСДП (Свабода) была створаная напрыканцы 2006 году, пасьля таго як выйшаў на волю яе арганізатар, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец. У 2010 годзе партыя аб’ядналася з БСДП (Народная грамада) Міколы Статкевіча. Але ў лістападзе 2015 году БСДП (Свабода) вярнулася да самастойнага існаваньня.

Данецкі гарадзкі суд Растоўскай вобласьці працягвае разглядаць справу выкрадзенай украінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі.

7 сьнежня 2015 году суд у горадзе Данецку Растоўскай вобласьці падоўжыў арышт грамадзянкі Ўкраіны Надзеі Саўчанкі да 16 красавіка 2016 году. Ад 18 сьнежня Саўчанка абвясьціла галадоўку пратэсту. Паводле адвакатаў, пасьля абвяшчэньня прысуду ўкраінка плянуе абвясьціць сухую галадоўку, патрабуючы вызваленьня.

Надзею Саўчанку ў Расеі абвінавачваюць у забойстве двух супрацоўнікаў расейскага тэлебачаньня, а таксама ў замаху на забойства групы сэпаратыстаў і незаконным перасячэньні расейскай мяжы.

Саўчанка і яе абарона абвінавачаньні адкідаюць і заяўляюць, што на момант гібелі расейскіх журналістаў яе ўжо захапілі ў палон сэпаратысты, а потым яна была гвалтам перапраўлена ў Расею.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG