Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Саўчанка? Да сьценкі і расстраляць, як Сталін бы зрабіў» — жыхары расейскага Данецка пра суд над украінскай лётчыцай


Надзея Саўчанка ў судзе, 1 лютага 2016 году
Надзея Саўчанка ў судзе, 1 лютага 2016 году

«Нават падчас спатканьняў з роднымі мяне прымушаюць размаўляць па-расейску, таму што тыя, хто мяне падслухоўвае, павінны гэта разумець», — сказала Надзея Саўчанка падчас свайго выступу, у якім закранула пытаньне дыскрымінацыі ўкраінскай мовы ў судовым працэсе над ёй.

4 лютага пачынаецца наступная стадыя судовага працэсу над украінскай лётчыцай Надзеяй Саўчанкай.

У Данецкам гарадзкім судзе 3 лютага другі і апошні раз за час доўгага працэсу Надзея Саўчанка была дапытаная.

Першы раз яна выступала ў судзе ў верасьні мінулага году і коратка распавяла сваю вэрсію падзей. Тады ёй не дазволілі карыстацца мапамі, і да другога допыту яна намалявала плян мясцовасьці па памяці. Паводле яго Саўчанка ўзнавіла падзеі 17 чэрвеня 2014 году, калі загінулі журналісты ВГТРК Антон Валошын і Ігар Карнялюк, а сама лётчыца трапіла ў палон.

Але самым цікавым і нечаканым стала заява адвакатаў украінскай лётчыцы пра ролю, якую згуляў у яе справе «куратар» ЛНР, былы супрацоўнік адміністрацыі прэзыдэнта РФ Павал Карпаў. Суд таксама паднёс баку абароны сюрпрыз, дазволіўшы дапытаць сьледчага СК Дзьмітрыя Маньшына, які вёў справу Саўчанкі і якога адвакаты неаднаразова абвінавачвалі ў фальсыфікацыі.

Перад допытам Надзея Саўчанка заявіла суду, што падрыхтавала зварот на імя ўпаўнаважанага па правах чалавека ў Расеі Элы Памфілавай са скаргай на дыскрымінацыю ўкраінскай мовы ў часе працэсу. Ушчамленьнем Саўчанка палічыла адмову суда далучыць да матэрыялаў справы і ўлічваць дакумэнты на ўкраінскай мове. Шэраг экспэртаў, выступаючы на мінулым пасяджэньні, прадставілі суду тэхнічную дакумэнтацыю на ўкраінскай, але суд адмовіўся яе далучаць, што выклікала рэзкую рэакцыю Саўчанкі. Яна загадзя папярэдзіла, што будзе скардзіцца расейскаму амбудсмэну, і на наступным пасяджэньні зачытала тэкст ліста.

Раней у Саўчанкі ўжо ўзьнікаў інцыдэнт, калі адзін з канваіраў назваў украінскую мову «чурбанскай». Лётчыца зьвярталася да Элы Памфілавай, была арганізаваная ўнутраная праверка, пра вынікі якой невядома.

Мікалай Полазаў
Мікалай Полазаў

«Беспакаранасьці практычна быў дадзены карт-блянш на ўціск па моўнай прыкмеце ня толькі Саўчанкі, але і ўсіх украінскіх грамадзян, судзімых на тэрыторыі РФ», — адзначыў адвакат лётчыцы Мікалай Полазаў. За час допыту Саўчанкі суд таксама адхіляў хадайніцтва адвакатаў аб далучэньні дакумэнтаў на ўкраінскай мове, але на гэты раз падсудная вырашыла не рэагаваць.

Надзея Саўчанка распавяла трохі пра сваё дзяцінства і ваенную падрыхтоўку і службу ў войсках.

«Адразу хачу сказаць, што кожнае маё слова — праўда. Я зноў прашу праверыць мяне на дэтэктары хлусьні, але вы ж адмовіце, — пачала сваю прамову Саўчанка і зноў закранула тэму мовы: — Я хадзіла ў адзіную ў Кіеве ўкраінскую школу. Але я ніколі ня мела нянавісьці да расейцаў або расейскамоўных, мне заўсёды было ўсё роўна, на якой мове гаворыць чалавек. Я толькі супраць таго, каб мяне прымушалі размаўляць на расейскай. Цяпер мяне ўвесь час прымушаюць: усе дакумэнты, уся перапіска ў СІЗА толькі на расейскай, украінская забароненая. Нават падчас спатканьняў з роднымі мяне прымушаюць размаўляць па-расейску, таму што тыя, хто мяне падслухоўвае, павінны гэта разумець».

Поўны рэпартаж з судовага паседжаньня па справе Надзеі Саўчанкі чытайце на сайце расейскай службы Свабоды.

Тым часам жыхары расейскага гораду Данецк Растоўскай вобласьці выказаліся ў інтэрвію сайту «Медуза» з нагоды судовага працэсу над украінскай лётчыцай: «Саўчанка? Вінаватая. Ацэньваю яе адмоўна. Расстраляць. Дакладней, выпусьціць, а калі яна пабяжыць, сказаць: „Ай-яй-яй, куды ж ты пабегла“ — і расстраляць. Таму што кожны дзень у горадзе ўсё перагароджваюць, мільёны марнуюць на яе, ды і кормяць і пояць яе з нашых падаткаў».

Саўчанку, вядома, трэба судзіць. Наогул, трэба як Сталін зрабіў — усіх да сьценкі. Хто вінаваты — усіх да сьценкі!

«Саўчанка вінаватая і павінна сядзець. Дзякуй Богу, што яе судзяць. Толькі вінаватых шмат, а акцэнт чамусьці робяць на ёй».

«Саўчанку, вядома, трэба судзіць. Наогул, трэба як Сталін зрабіў — усіх да сьценкі. Хто вінаваты — усіх да сьценкі!»

«Ужо ўсім надакучыла гэтая Саўчанка. Хлопнуць яе трэба было без усялякага суду пры спробе да ўцёкаў, ды і ўсё. І ня мучыцца ні самім, ні нас ня мучыць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG