Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля 1000 чалавек узялі ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы УЖЫВУЮ

Індывідуальных прадпрымальнікаў заклікалі прыйсьці на несанкцыянаваны мітынг 15 лютага а 12-й гадзіне на Кастрычніцкую плошчу ў Менску. Свабода вяла жывую трансьляцыю.

Аляксандар Лукашэнка фактычна выказаўся супраць патрабаваньняў індывідуальных прадпрымальнікаў: улады не зьбіраюцца скасоўваць указ № 222, празь які ў Беларусі паўтара месяца пустуюць рынкі і гандлёвыя цэнтры. Грамадзкае аб’яднаньне «Пэрспэктыва», якое раней плянавала мітынг 15 лютага ў менскім Парку дружбы народаў, адмовілася ад ініцыятывы і спадзяецца на перамовы з урадам.

Тым ня меней на мітынг 15 лютага заклікаў прадпрымальнік і актывіст Алесь Макаеў — ён прапанаваў сабрацца а 12-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы. На мітынг абяцалі прыйсьці палітыкі, у тым ліку Анатоль Лябедзька і Мікола Статкевіч. Лідэр «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка ня стаў камэнтаваць магчымасьць свайго ўдзелу.

13:05 15.2.2016

Пасьлязаўтра а 14:30 у судзе Маскоўскага раёну горада Менска будуць судзіць прадпрымальніцу Ірыну Яскевіч. Лябедзька заклікае прыйсьці да суду і падтрымаць яе.

13:06 15.2.2016

Мікола Статкевіч: "Паважаныя прадпрымальнікі! Купіце сабе мэгафоны! Калі не хапае грошай, скінемся".

13:07 15.2.2016

"Усё, што адбываецца, адбываецца таму, што ў нашага народу скралі ўладу", — Статкевіч да мітынгу.

13:09 15.2.2016

Статкевіч тлумачыць: трэба, каб улады рабілі так, каб праз чатыры гады людзі прагаласавалі за яе, але цяпер яны пра такое ня думаюць. Макаеў заклікае людзей падтрымаць Статкевіча, натоўп скандуе "Мікола! Мікола!".

13:10 15.2.2016

"Калі ўлада будзе ў народу, Беларусь будзе нармальнай пасьпяховай краінай. Жыве Беларусь!", — крыкнуў Статкевіч. Народ падтрымаў: "Жыве Беларусь!".

Макаеў тлумачыць: гэта мусіць быць ня лёзунгам апазыцыі, а лёзунгам народу. Народ на Плошчы гукае "Жыве Беларусь!".

13:12 15.2.2016

Алесь Макаеў: Ірыну Яскевіч, Віктара Гарбачова і іншых сапраўды цкуюць улады. Салідарнасьць прадпрымальнікаў павінна быць па ўсіх рэгіёнах: "Я зьвяртаюся да ўсіх актывістаў, у тым ліку "Пэрспэктывы", сабрацца тут у наступны панядзелак".

13:15 15.2.2016

Мужчына з расьцяжкай "Нет обнищанию народа" і Канстытуцыяй у руках: "Я за тое, каб у краіне працавалі законы, а ня ўказы-дэкрэты. Я просты працоўны, лідэр баранавіцкай ячэйкі прафсаюзу РЭП. Гэты плякат ужо быў на некалькіх мітынгах". Ён прапануе, каб улада была мабільнай, абмежаваць прэзыдэнцкія і дэпутацкія тэрміны адным.

13:18 15.2.2016

Прадпрымальніца зь Менска абураная: «Кім мы толькі ня былі, і "​вашывымі блыхамі", цяпер "бандытамі"».

13:21 15.2.2016

Ірына, прадпрымальніца са Слуцку: «Наш рынак стаіць ужо паўтара месяцы, таму прыехалі сюды на свой страх і рызыку. На рынку працуюць хіба 10%, а на рынку месцаў 300».

13:22 15.2.2016

Пратэст прадпрымальнікаў сёньня ідзе ня толькі ў Менску.

13:23 15.2.2016

На Кастрычніцкай плошчы загучаў трактар. Ці будуць «зачышчаць» мітынг, ці проста пашумяць, пакуль незразумела.

13:25 15.2.2016

Прадпрымальніца на Плошчы тлумачыць карэспандэнту Свабоды: спрабавалі працаваць па правілах, знайшлі беларускіх пастаўшчыкоў, якія працуюць адпаведна новым правілам, але цэны атрымаліся надта высокія. Калі б зарплаты былі, як абяцалі, па 500 даляраў, народ мо і купляў бы боты па два мільёны, кажа яна.

13:27 15.2.2016

Прадпрымальніца на Плошчы: «Мы працавалі цэлы год у мінус. Не працуем ужо два месяцы, жывем незразумела на чым, на нейкай эўфарыі. Канешне, мы любім тое, чым займаліся, з мужам 23 гады аддалі гэтай працы. Але калі ў людзей няма грошай, калі ідзе фінансавая нагрузка, арэнда, працаваць ужо немагчыма. Ды як я зьмяню працу? 23 гады таму працавала выхавацелькай у дзіцячым садку пару год, але цяпер нічога ня ўмею».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG