Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля 1000 чалавек узялі ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы УЖЫВУЮ

Індывідуальных прадпрымальнікаў заклікалі прыйсьці на несанкцыянаваны мітынг 15 лютага а 12-й гадзіне на Кастрычніцкую плошчу ў Менску. Свабода вяла жывую трансьляцыю.

Аляксандар Лукашэнка фактычна выказаўся супраць патрабаваньняў індывідуальных прадпрымальнікаў: улады не зьбіраюцца скасоўваць указ № 222, празь які ў Беларусі паўтара месяца пустуюць рынкі і гандлёвыя цэнтры. Грамадзкае аб’яднаньне «Пэрспэктыва», якое раней плянавала мітынг 15 лютага ў менскім Парку дружбы народаў, адмовілася ад ініцыятывы і спадзяецца на перамовы з урадам.

Тым ня меней на мітынг 15 лютага заклікаў прадпрымальнік і актывіст Алесь Макаеў — ён прапанаваў сабрацца а 12-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы. На мітынг абяцалі прыйсьці палітыкі, у тым ліку Анатоль Лябедзька і Мікола Статкевіч. Лідэр «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка ня стаў камэнтаваць магчымасьць свайго ўдзелу.

13:45 15.2.2016

Акцыя ІП скончылася, наступная — 22 лютага

Па выніках стыхійнага мітынгу, на які сабраліся каля тысячы прадпрымальнікаў, актывістаў і палітыкаў, вырашылі сабрацца яшчэ раз у наступны панядзелак, 22 лютага а 12-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы. Віцебскія прадпрымальнікі панясуць рэзалюцыю зь сёньняшняга сходу ў адміністрацыю Лукашэнкі.

Сёньняшні мітынг абышоўся без затрыманьняў і практычна без перашкодаў з боку міліцыі і спэцслужбаў. Людзі падтрымлівалі Статкевіча, крычалі: «Мікола! Мікола!», гукалі: «Жыве Беларусь!».

13:41 15.2.2016

Стыхійны мітынг доўжыўся больш за гадзіну, цяпер ён завершаны, але на Плошчы застаецца шмат людзей, у тым ліку супрацоўнікаў спэцслужбаў, якія працягваюць здымаць кожнага, хто прамаўляе.

13:40 15.2.2016

Аляксандар Буракоў, лідэр прадпрымальнікаў зь Віцебску, зьбіраецца занесьці рэзалюцыю са сходу ў Адміністрацыю Лукашэнкі. «Большасьць прадпрымальнікаў спадзяецца на тое, што ўлады адрэагуюць, адрэагуе прэзыдэнт, і дадуць магчымасьць нам працаваць легальна».

13:37 15.2.2016

Прадпрымальнікі зь Віцебска: «Было мала менчукоў. Крыўдна, бо гэта горад, якому трэба было выйсьці з дому, адпрасіцца з працы, бо ўказ №222 тычыцца ўсіх».

13:35 15.2.2016

«Мы вітаем перамовы. Але перамовы, фактычна, скасаваныя», — Макаеў.

13:33 15.2.2016

«Страйк будзе працягвацца. Улады будуць "расьцягваць" прадпрымальнікаў. Я ведаю, ужо робяць "ліпавыя" накладныя. Але прадпрымальнікам трэба зразумець: ня варта працаваць па шэрых схемах, трэба, каб былі нармальныя законы», — Макаеў.

13:32 15.2.2016

«Даўно не было на Кастрычніцкай плошчы такіх масавых акцыяў пратэсту. Бачыце, права на мірныя сходы гэта ня страшна!» — Макаеў.

13:31 15.2.2016

Алесь Макаеў: «У панядзелак, 22 лютага ў 12 гадзін вырашана зрабіць тут наступны мітынг».

13:30 15.2.2016

«Я так разумею, мітынг скончваецца», — кажа карэспандэнтка Свабоды на Плошчы. Цяпер людзі на Кастрычніцкай абмяркоўваюць між сабой вынікі сходу, але не сьпяшаюцца разыходзіцца.

13:29 15.2.2016

Пратэсты прадпрымальнікаў ідуць у розных гарадах краіны.

13:28 15.2.2016

«Мяне не прымусіш сілай купляць тавар, які мне не падабаецца. Гэта ня нашая віна, што развалілі беларускую прамысловасьць. З сытуацыі можна выйсьці — пакінуць люздей у спакоі, зьнізіць падаткі, прыбраць сэртыфікаты, прыбраць тэрміналы», — прадпрымальніца на Плошчы.

13:27 15.2.2016

Прадпрымальніца на Плошчы: «Мы працавалі цэлы год у мінус. Не працуем ужо два месяцы, жывем незразумела на чым, на нейкай эўфарыі. Канешне, мы любім тое, чым займаліся, з мужам 23 гады аддалі гэтай працы. Але калі ў людзей няма грошай, калі ідзе фінансавая нагрузка, арэнда, працаваць ужо немагчыма. Ды як я зьмяню працу? 23 гады таму працавала выхавацелькай у дзіцячым садку пару год, але цяпер нічога ня ўмею».

13:25 15.2.2016

Прадпрымальніца на Плошчы тлумачыць карэспандэнту Свабоды: спрабавалі працаваць па правілах, знайшлі беларускіх пастаўшчыкоў, якія працуюць адпаведна новым правілам, але цэны атрымаліся надта высокія. Калі б зарплаты былі, як абяцалі, па 500 даляраў, народ мо і купляў бы боты па два мільёны, кажа яна.

13:23 15.2.2016

На Кастрычніцкай плошчы загучаў трактар. Ці будуць «зачышчаць» мітынг, ці проста пашумяць, пакуль незразумела.

13:22 15.2.2016

Пратэст прадпрымальнікаў сёньня ідзе ня толькі ў Менску.

13:21 15.2.2016

Ірына, прадпрымальніца са Слуцку: «Наш рынак стаіць ужо паўтара месяцы, таму прыехалі сюды на свой страх і рызыку. На рынку працуюць хіба 10%, а на рынку месцаў 300».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG