Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія тараканы: 41. Нацыянальнае састарэла


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Гэта і ня тое, каб вельмі элітны таракан, і не зусім просты як «тожа рускі», але жыве ў галовах дастаткова прасунутай публікі. Прынамсі, начытанай.

Вандроўнік па сьвеце зь вялікім стажам Зьміцер Навіцкі калісьці напісаў:

– «Усьведамленьне сябе беларусам прыйшло падчас вандроўкі па Індыі. Шмат беларусаў “абуджаецца” менавіта за мяжой. “Чым вы адрозьніваецеся ад іншых народаў?” – гэта першае пытаньне, якое гучыць ад іншаземцаў. У сусьветным культурным працэсе цяпер вялікім попытам карыстаюцца менавіта нацыянальныя адметнасьці».

Зьміцер акцэнтуе ўвагу на неабходнасьці быць адкрытым для сьвету, быць інтэграваным у яго: «Джон Ленан, сэр Пол, MGMT разам с Сhemical Brothers – усё гэта разам, але з моцным беларускім акцэнтам – вось мой вобраз “homo беларус сучасны”».

І вось чарговы беларус выбіраецца надоўга за мяжу. Даша Мацявіна пра недалёкую будучыню цьвердзіць цалкам супрацьлеглае:

– «Я не чакаю ніякіх пераваротаў на нацыянальнай глебе. Апошні шанец мы страцілі ў 90-я, калі патрыятызм яшчэ выклікаў нейкія эмоцыі. З тых часоў кантэкст зьмяніўся, і любы від нацыяналізму выглядае як анахранізм. Я жыву ў Мадрыдзе і адчуваю больш агульнага з экспатамі зь Нью-Ёрку, чым зь любым са сваіх аднагрупнікаў/аднаклясьнікаў і г.д. Уся гэтая “вышываначная” ідэалёгія ні да чога не прывядзе. У яе проста даўно скончыўся тэрмін прыдатнасьці».

У чым таракан? У блытаніне знакаў – вышыванкі і канцэпту – адкрытасьць/закрытасьць для сьвету.

Ва Ўкраіне зрабілі вышываначны рух, каб адрозьніваць праўкраінскіх грамадзян, бо нацыянальная сымболіка сталася дзяржаўнай.

У Беларусі наадварот – нацыянальная сымболіка ў фактычнай забароне, таму вышыванка сталася такім кампрамісным заменьнікам «Пагоні» і б-ч-б . Але зноў жа – каб адрозьніваць сваіх прабеларускіх.

А што значыць праўкраінскіх ці прабеларускіх у сучасных умовах? Носьбіты таракана «нацыянальнае састарэла» бачаць: арнамэнт, саламяныя брылі, народныя песьні, уласна вышыванкі – фальклёр.

А як ёсьць насамрэч? На мой погляд, адстойваньне ў Беларусі (а яшчэ нядаўна ва Ўкраіне) сваёй нацыянальнай ідэнтычнасьці – гэта адстойваньне сваіх правоў чалавека.

Права на адукацыю на мове бацькоў-дзядоў – гэта не фальклёр і не анахранізм. Гэта права асобы. Такое права, як недатыкальнасьць прыватнай маёмасьці, як права на свабоду слова, на адкрытыя выбары, на абароненасьць законам.

Усе тыя правы, якія даўно ёсьць у Гішапніі, дзе жыве цяпер Даша Мацявіна. І якая карыстаецца ўсімі правамі неграмадзяніна. У тым ліку правам не гаварыць у Мадрыдзе па-гішпанску, а толькі па-ангельску. І нават нічога ня ведаць пра гішпанскія «вышыванкі», якія там выкарыстоўваюць па наўпроставым прызначэньні – як фальклёр, як даніну традыцыі і таму што проста прыгожа. А таксама права неграмадзяніна не заўважаць недалёка ад Мадрыду каталёнцаў, якія прагнуць незалежнасьці.

«Навошта мне беларуская мова (ідэнтычнасьць, “вышыванка”), трэба вучыць ангельскую!» – можаце сустрэць у Беларусі скрозь і побач у больш-менш маладых людзей. Так, ты можаш схавацца ў чужой, не табой і не тваімі продкамі створанай сыстэме каардынатаў, жыць там у гасьцях. Па мясцоваму праву-закону. Але каб атрымаць грамадзянства, табе давядзецца здаць іспыт на «вышыванку»: і на мову, і на гісторыю. На «анахранізм».

А калі носьбітаў таракана «нацыянальнае састарэла» сабраць на якой высьпе разам, то праз колькі часу, перамяшаўшыся, яны выпрацуюць сваю агульную адметнасьць, якую іншыя, хто глядзіць з боку, назавуць нацыянальнай адметнасьцю, «вышыванкай».

Нацыянальнасьць – гэта ня кепска і ня добра. Гэта як астраномія. Вось Зямля, вось Сонца, вось Наша Галяктыка. Проста такі парадак рэчаў. Колькі не адмаўляй Сонечнай сыстэмы, яна ўсё роўна будзе функцыянаваць паводле законаў фізыкі. Так і з нацыянальнасьцю. Колькі не адмаўляй, калі не вызначысься сам, за цябе вызначаць іншыя. Гэта ня кепска і ня добра. Гэта рацыя.

Сказаць пра нацыянальную самаідэнтыфікацыю як пра «вышываначнасьць» – гэта падмануць сябе ды іншых. У кожнага чалавека мноства прыватных унікальных самаідэнтыфікацый. Пры тым, ты можаш гаварыць на дзесяці мовах, мець сяброў у дзьвюхстах краінах, і адначасова заставацца беларусам. Ці французам, ці амэрыканцам, ці парагвайцам. Ці вечна быць у гасьцях.

Яшчэ раз. Тэма нацыянальнай самаідэнтыфікацыі ў Беларусі – гэта ў першую чаргу тэма правоў чалавека. Тэма вяршэнства асобы над дзяржаўнай сыстэмай.

На мой погляд, таракан «нацыянальнае састарэла» – гэта спроба псыхалягічных уцёкаў ад таго прымусу ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця, які застаўся нам у спадчыну «зь сівых часоў» з пачаткам незалежнасьці Рэспублікі Беларусь.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG