Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія тараканы: 33. Русафоб


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

– Вось ня любіш ты Расею, Севярын, – кажа мне знаёмец.

– Ты блытаеш краіну і сыстэму, – адказваю я, і разумею, што яшчэ на самым пачатку 2014 году «русафобія» была для мяне поўным экзатызмам, чымсьці такім жа далёкім, як геаграфічная назва, напрыклад, Камчатка.

Таракан «русафобія» – відавочна імпартны, у Беларусі актывізаваўся дзесьці на мяжы 2014/2015 гадоў і мае лякальную адаптацыю. Калі ў Расеі слова агрэсіўнае, ваяўнічае, гучыць і як выклік, і як прысуд, у залежнасьці ад кантэксту, то ў Беларусі інакш. Таракан мае разгублены від: «Што ж вы робіце?», «Як жа ж так?», «Брацкі народ», «Навошта»?

Што робіцца і навошта? Частка беларусаў актыўна крытыкуе сыстэму, якая сфармавалася ў суседняй РФ і якая, апэруючы старымі, новымі і абноўленымі ідэалягічнымі ды практычнымі прыёмамі, падрывае сувэрэнітэты суседніх краінаў, а часам і часткова акупуе іхныя тэрыторыі.

Таксама калі іранічна, калі саркастычна камэнтуюцца рэакцыі часткі беларускай публікі, якая знаходзіцца пад уплывам прапаганды кіроўнай сыстэмы ў суседняй дзяржаве. Сэнс – страсянуць суайчыньніка, паказаць яму, што сьвет зьмяніўся, і ня толькі ў лепшы бок. І што тое, што падаецца нібыта нэўтральным, можа суайчыньніка зачапіць неспадзявана для яго самым непрыемным чынам.

Нядаўна знаёмая афіцыянтка распавяла такую замалёўку. Была ў цэнтры Менску кавярня, дзе сама сабою пачала зьбірацца разнамасная публіка, але якую яднала любоў да галасоў Сяргея Міхалка і Лявона Вольскага з музычнага аўтамату. А ў якія-ніякія пятніцы ці ня большасьць наведнікаў гаварыла міжсобку па-беларуску. І матчы БАТЭ глядзелі з б-ч-б шалікамі. Але кавярню прадалі – крызіс. Набыў нейкі расеец, а дырэктарам паставіў свайго беларускага знаёмага. Работнікі на пачатку засталіся старыя, а вось публіка рэзка зьмянілася і зьменшылася, як і музыка ў аўтамаце.

І вось афіцыянтка чуе, як дырэктар голасна гаворыць у тэлефон. Кантэкст – мала кліентаў: «Ну і хай сабе гэтыя беларускамоўныя валяць у сваю ... (агучвае назву суседняй кавярні-канкурэнта). А мы тут расейцаў любім!» Бачыць, як у афіцыянткі адвісае сківіца, і – з усьмешлівай інтанацыяй у ейны бок: «І палякаў любім, і габрэяў любім, і ўсіх любім…»

«Фобія» ў перакладзе са старажытнагрэцкай – гэта страх. Пачутая мною гісторыя ўражвае тым, што я даўно не сустракаўся з агрэсіяй у бок «беларускамоўных». Хоць, здаецца, праца дазваляе бываць у розных кутках Беларусі і камунікаваць з самымі рознымі слаямі грамадзтва. Такое было калісьці даўно. Тады, у 1990-х мне не зусім была зразумелая агрэсія да беларускай мовы, беларускай сымболікі, беларускага як такога. Сьпісваў на «празамбаванасьць» савецкай прапагандай. Маўляў, міне з часам гэты, як я цяпер выразна бачу, страх.

І сапраўды, здавалася, беларускую мову амаль вывелі са сфэры палітыкі, амаль зрабілі ўсіхнай хоць бы на знакавым узроўні. Але ізноў, як калісьці, калі глядзіш беларусацэнтрычным вокам на крамлёўскую прапаганду, ты робісься для кагосьці патэнцыйна небясьпечным. Страх беларускага ў краіне, дзе каб у горадзе пачуць беларускую мову, трэба ведаць месцы альбо доўга шукаць па вуліцах.

У РФ ідзе актыўны працэс самаізаляцыі, адпаведна паўстае пытаньне пра брацкія/нябрацкія народы, хто ня брацкі – той «русафоб». Прасьцей – «хто ня з намі, той супраць нас». Як доўга сытуацыя будзе працягвацца, і ў што выліецца, пакуль нікому невядома.

Але беларускія носьбіты таракана «русафобіі» могуць апынуцца між молатам і кавадлам. Ужо досыць рэгулярна гучыць крытыка Беларусі як не зусім «брацкай краіны» ў сьвятле нежаданьня афіцыйным Менскам падпісваць пагадненьне пра расейскую вайсковую базу на тэрыторыі краіны. То бок, крытыку агрэсіўнай палітыкі з боку Крамля накладаюць на ўсё насельніцтва краіны. Зразумела, прызвычаіцца да новай сытуацыі многім вельмі цяжка.

Бо многія ў Беларусі ўсё яшчэ апэлююць тэзісамі «мы ж так добра разам жылі ў адной краіне – СССР». А ўжо неўпрыкмет для сябе наблізіліся да таго, што могуць стаць «русафобамі» ў вачох радыкалаў з усходу.

І што такі «русафоб» адкажа? «Рабяты, мы ж свае! Толькі мы ня хочам разам з вамі пазбаўляцца дабрабыту, і тым больш ваяваць. Мы тут, каля манітораў і ТВ-экранаў за вас паперажываем»? Тады з таго боку можа рэзонна прагучаць: «Дык а які сэнс у такіх сваіх?» Часам ужо і гучыць.

Фобія – ірацыянальнае пачуцьцё, зь якой бы прыстаўкай яно не існавала. Пара ўключаць здаровы сэнс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG