Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія тараканы: 30. Вялікая расейская культура


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

– Ты ж хоць матрошкі прадаваць ня будзеш у краме? – жартам пытаюцца знаёмыя ў прыяцеля, які адкрыў у турыстычнай частцы Менску краму з ухілам «у культуру».

– Выжываць трэба неяк... – адказвае нібы жартам, але так задуменна, што ў мяне зьяўляецца пачуцьцё, нібы ўладальніку крамы толькі што падкінулі бізнэс-ідэю.

Матрошкі я бачыў у сувэнірных кіёсках і ў Вільні, і ў Кіеве, і ў аэрапорце Варшавы. Для турыста «адтуль» дзесьці ў гэтых гарадах пачынаецца стэрэатыпнае ўяўленьне пра культурную прастору «russian». Адрозьненьне «рускага» і «расейскага» ў заходнеэўрапейскіх мовах вядомае адно вузкім спэцыялістам.

Зрэшты, дагэтуль словам «russian» на Захадзе па звычцы клічуць усе народы, якія ўваходзілі ў расейскую, а пасьля савецкую імпэрыю.

Слова «вялікая» – таксама шматсэнсавае слова. У беларускай мове няма дакладнага перакладу. У расейскім значэньні слова «великий», на мой погляд, мае значэньне магутнага паводле сілы, а не велічэзнага ў памерах. Чагосьці, што перавышае іншае. Па-беларуску ж гэта проста «большой».

«Вялікая расейская культура» – гэта таракан-комплекс. «Хмарачосы-хмарачосы, а ты маленькі такі». Як жа так?! Ты ж нарадзіўся спрычасным да велічнага і магутнага, а тут цябе абкарналі, зьменшылі да чагосьці лякальнага. Ты ўжо нікога ня можаш законна перавышаць сваёй магутнасьцю. Але не разумееш, як гэта – нікога не перавышаць?

Ты гадаваўся ў «вялікай расейскай культуры», бо іншай не было. У Савецкім Саюзе пастаянна падкрэсьлівалася выключнасьць краіны, і ўсяго, што ў ёй адбывалася. «Великие» армія, мова, літаратура…

Блытаніна «савецкі»/«расейскі» працягваецца яшчэ праз афіцыйную пераемнасьць Расеяй Савецкага Саюзу. Гэта цяпер больш кажуць «расейскі», тады казалі «савецкі», каб падкрэсьліць клясавую розьніцу. А яшчэ табе не казалі, што дарэвалюцыйнае расейскае ў культуры было часткай эўрапейскага. Людзі культуры гаварылі на адной мове ва ўсіх сэнсах.

Паколькі табе спачатку ў школе, а пасьля ў інстытуце дзяўблі гэтым галаву і акцэнтавалі ўвагу на адрэзанай ад сьвету частцы культуры, то ты і думаеш, што яна – адмысловая культура.

Але самае галоўнае, што дала савецкая адукацыя, ад матрыцы якой многія ня хочуць пазбавіцца, у іншым. Захавалася такая схема: ёсьць заходняе (пра Кітай ці Індыю нават ня ўзгадваюць), ёсьць расейскае, і вакол расейскага – дзясятак дробных «нацыянальных» літаратур. Да дробнага належаць ня хочацца, хочацца маштабу ад Буга да Курыл. Маштабу матрошкі.

Толькі вось пытаньне: а дзецям у школе навошта цяпер удзёўбваць тое самае?

Беларусь – частка эўрапейскай, і шырэй – заходняй культуры. Старыя тараканы нікуды ўвадначасьсе не зьнікнуць. Але краіну трэба разьвіваць, гэта значыць, гадаваць дзяцей бяз комплексаў і з шырокім кругаглядам.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG