Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі запусьцілі чамадан з «Украінскай бібліятэчкай»


Круглы стол "Зразумець Украіну". На фота (зьлева направа): Ігар Бабкоў, Юлія Чарняўская, Андрэй Хадановіч і Ўладзімер Мацкевіч
Круглы стол "Зразумець Украіну". На фота (зьлева направа): Ігар Бабкоў, Юлія Чарняўская, Андрэй Хадановіч і Ўладзімер Мацкевіч

Бабкоў, Чарняўская, Хадановіч і Мацкевіч за круглым сталом паспрабавалі «зразумець Украіну» і прадставілі ўкраінскі чамаданны буккросінг.

Увечары 10 лютага ў кнігарні «ЛогвінаЎ» сабраўся круглы стол «Зразумець Украіну». У адкрытай дыскусіі ўзялі ўдзел паэты і філёзафы — Ігар Бабкоў, Юлія Чарняўская, Андрэй Хадановіч і Ўладзімер Мацкевіч.

Разам з дыскусіяй былі анансаваныя прэзэнтацыі ўкраінскіх кніг, у тым ліку ў перакладзе на беларускую, дыскусіі з ўкраінскімі літаратарамі ў Беларусі, прагляд украінскіх фільмаў — гэты год у кнігарні мае стаць «Годам украінскай літаратуры». Па сутнасьці, прызнаюцца арганізатары, працягваецца тое, што адбывалася і раней, але з новым і большым імпэтам.

У кнігарні быў дадзены старт праекту «Ўкраінскай бібліятэчкі» — нечага між клясычнай бібліятэкай і буккросінгам. У чамадане, што прынцыпова для аўтараў ініцыятывы, будуць зьбірацца ўкраінскія кнігі, якімі можа дзяліцца любы ахвочы. Таксама як любы ахвочы можа ўзяць кнігу з чамадана на тыдзень-два, папярэдне зарэгістраваўшыся. Такія чамаданы маюць зьявіцца прынамсі ў кожным абласным цэнтры.

Ідэя, па словах Ігара Бабкова, паўстала як адказ на новую для Беларусі сытуацыю — вайна пад самымі межамі краіны, кажа ён, гэта выклік ня толькі для нацыі, але і для інтэлектуалаў. Ці павінны тыя быць «на барыкадах» і «падносіць патроны», ці знаходзіць новую задачу для культуры і літаратуры? Адказам, кажа ён, мусіць быць культура як найлепшы спосаб запярэчыць «машыне нянавісьці», што прыводзіць да вайны і хаосу. Менавіта таму ён прапануе «даць голас» украінскім літаратарам у Беларусі.

Андрэй Хадановіч згадаў пра і без таго шчыльныя сувязі беларускай і ўкраінскай літаратуры. Тое ён ведае на асабістым прыкладзе — яго першую кнігу вершаў, «Листи з-під ковдри», выдалі спачатку ва Ўкраіне, пераклаўшы на голым энтузіязьме малавядомага нават у Беларусі аўтара на ўкраінскую мову. Прыкладаў літаратурных дачыненьняў Беларусі і Ўкраіны багата, кажа ён, як багата і ўдзелаў беларускіх паэтаў ва ўкраінскіх літаратурных слэмах, дзе паэты адчуваюць сябе рок-зоркамі. І нямала літаратурных тандэмаў, калі ўкраінскі аўтар вядзе творы беларускага аўтара ва Ўкраіну, а беларускі — украінскага ў Беларусь. Такім чынам, тлумачыць Хадановіч, выслаўляецца сяброўства і любоў на вузкай тэрыторыі літаратараў.

Ад літаратурных дачыненьняў дыскусія перайшла да падабенства беларусаў і ўкраінцаў, якія разумеюць адзін аднаго безь перакладу, і адрозьненьняў між «балтацэнтрычнымі славянамі» Беларусі і «больш балканскімі» ўкраінцамі, як акрэсьліў Хадановіч.

Беларусы, мяркуе Юлія Чарняўская, часам ствараюць у сваіх галовах з Украіны гэткую «натхнёную Айчыну», якую хацелі б перанесьці ў Беларусь, прыпісваюць ёй рэчы, якіх раней, быць можа, чакалі ад Расеі. Хоць паняцьце «нацыянальнага характару» састарэла, і варта казаць пра хіба мадэль паводзінаў тут і цяпер, але ўкраінцы маюць выразную нацыянальную ідэнтычнасьць. Тая ідэнтычнасьць, дадае Чарняўская, не бяз хібаў накшталт выразна больш высокага за Беларусь побытавага антысэмітызму і добраахвотнай сэгрэгацыі па моўнай прыкмеце, як у Львове. Але і зь яднаньнем — як у тым выпадку, калі яна вучыла львоўскіх студэнтаў расейскай літаратуры, а тыя на перапынках вучылі яе ўкраінскім песьням.

У Кіеве яшчэ нядаўні моўны падзел, заўважае Ўладзімер Мацкевіч, зьмяніўся пасьля рэвалюцыі і ва ўмовах вайны. Калі раней расейская ці ўкраінская мова была гэткім паролем, цяпер носьбіты розных моваў, якія разам стаялі на Майдане, сталі больш кантактаваць між сабой. Майдан, дадае ён, стаў гэткім нараджэньнем нацыі, якое працьвярозіла рамантыкаў, а цынікаў зрабіла больш духоўнымі. Таксама вынікі рэвалюцыі многіх расчаравалі — ды варта памятаць, што Ўкраіна яшчэ да Януковіча была падзеленая між «львоўскай», «кіеўскай» і «данецкай» групоўкамі, кажа Мацкевіч.

Філёзаф згадвае, як яго маці-беларуска ў Сыбіры сьпявала ва ўкраінскім хоры, і як украінцы ўзялі ў высылку нацыянальныя строі, а беларусы — не. Са схільнасьці беларусаў да адаптацыі можна зрабіць выснову аб тым, што ў прыродзе беларусаў — дыктатура, але Мацкевіч нагадвае, што праз дыктатуры ў мінулым стагодзьдзі праходзіла хіба ня кожная эўрапейская краіна — варта глядзець на тое, што будзе з нацыяй, калі дыктатура скончыцца.

Хоць беларусы здагадваюцца, што пастаянны «бардак» і карупцыя ва Ўкраіне адбываецца ня толькі ў кабінэтах, а ў галовах саміх украінцаў, беларусы не да канца разумеюць украінцаў, часта абмяжоўваючыся стэрэатыпамі, рэзюмуе ён. Таму, кажа Бабкоў, варта ня толькі весьці «самыя бессэнсоўныя» размовы пра Майдан і рэвалюцыю, а і даць слова ўкраінскім літаратарам. І найважней для Беларусі — спыніць мову нянавісьці, што грунтуецца на забабонах, з бакоў абодвух суседзяў у вайне, дадае Чарняўская.

Ва ўкраінскай літаратуры, рэзюмуе Хадановіч, няма адзінага погляду на вайну. Калі адны рашаюць, што «на вайне як на вайне» і даюць на мову нянавісьці праціўніка «відсіч», рашучы адказ, то іншыя спрабуюць спыніць кругаварот нянавісьці ў прыродзе, даючы «асымэтрычны» адказ. І ў беларусаў сёлета стане больш магчымасьцяў пазнаёміцца з украінскімі літаратарамі і іх творамі, а праз гэта паспрабаваць зразумець Украіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG