Зрабіў экспэрымэнт. Напісаў свой прагноз пра Беларусь праз дзесяць гадоў. А пасьля параўнаў з адказамі ў матэрыяле «Прагнозы на сьветлае пасьлязаўтра».
Мой варыянт.
У Беларусі павялічыцца цывілізацыйны разрыў між грамадзянамі. Гэта будзе разрыў між «гасударавымі» і незалежнымі ад дзяржавы людзьмі. Незалежнымі найперш за кошт абраных прафэсій, якія дазваляюць працаваць для якой-заўгодна геаграфічнай кропкі на мапе. Колькасна суадносіны будуць заставацца на карысьць «гасударавых», але ніяк ня якасна.
Дзяржава будзе заставацца «фірмай», «карпарацыяй». Капіталістам-манапалістам. Тым ня менш, «Паўночнай Карэі» ня будзе. Няма ані сэнсу, ані магчымасьці. Неэфэктыўная мадэль кіраваньня «фірмай» на фэадальны манер вымусіць «дырэктара» вызваліць у эканоміцы месца для прыватнай ініцыятывы.
Магчыма, будзе новы прэзыдэнт. Але я ня веру ў перадачу ўлады па спадчыннай лініі. Гэтая сыстэма створаная пад аднаго чалавека.
Зьяўленьне новага прэзыдэнта не азначае аўтаматычнай зьмены грамадзкіх адносінаў. Шмат што залежыць ад таго, якой будзе геапалітычная сытуацыя ў рэгіёне. Што будзе з Расейскай Фэдэрацыяй, ці наагул будзе гэтая фэдэрацыя.
У кожным разе, праз дзесяць гадоў значна паменее беларусаў савета-русафілаў, якіх цяпер налічваюць ці не траціну насельніцтва. Прагматычныя беларусы тыпу «крэпкі хазяйсьцьвеньнік» пабачаць, што выгады з усходу больш няма.
Для беларусаў працаздольнага веку адкрыюцца новыя магчымасьці для працы ў Эўропе. Наагул, зь Беларусі зьедзе нямала працавітых і галавастых людзей. Бо тое, што ў 2016 клічуць крызысам, насамрэч пачатак зацяжной стагнацыі.
За наступныя дзесяць гадоў выпрабаваньні і, магчыма, катарсіс, перажывуць усе слаі насельніцтва. Гэта будзе дзесяцігодзьдзе разьвітаньня з інфантыльнымі ілюзіямі. Найперш пра дзяржаву, «якая мне павінна». Новая ідэя будзе пра «дзяржаву, якая мне ня мусіць замінаць».
Параўнаем, што супала: наўпрост ці апасродкавана.
Даша Мацявіна: «Існуе праслойка беларусаў, якія «хакнулі» сыстэму. Яны праактыўныя і мысьляць незалежна... Розьніца паміж імі і сярэднестатыстычнымі жыхарамі будзе павялічвацца».
Рыгор Астапеня: «Аўтарытарызм у Беларусі стане мякчэйшы, бо будзе вымагаць падтрымкі Захаду нашмат больш, чым сёньня».
Аляксей Лявончык: «Я чакаю нейкага сыстэмнага эканамічнага крызысу, які адарве нашу краіну ад расейскай мадэлі «нафта наўзамен за пацалункі» і прымусіць беларусаў прыстасавацца да рынкавай мадэлі з нулявым сацыяльным складнікам».
Андрэй Дзьмітрыеў: «Галоўным сымбалем краіны стане ня трактар, а тэхналёгіі — распрацоўкі кшталту «Вайбэра» ці «танкаў»... Істотна зьменіцца сфэра адукацыі. Адкрыецца першы нацыянальны беларускі онлайн-унівэрсытэт... Беларусам ня будуць патрэбныя візы ў большасьць краінаў сьвету, і сама Беларусь будзе адкрытая для наведваньняў».
Для сябе раблю выснову, што калі сёньня бацькі думаюць пра лёс сваіх дзяцей, ім трэба рыхтавацца не да паступленьня ў Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь, а дбаць пра сучасную эўрапейскую адукацыю.
Цяперашняя беларуская дзяржаўная сыстэма не самадастатковая. Яна паплыла, як толькі ў галоўнага спонсара на ўсходзе пачаліся праблемы з фінансамі.
Хоць цяпер падаецца, што Беларусь, нібы льдзіна, дрэйфуе сабе па ціху ў часе, з далёкай і нядаўняй гісторыі мы ведаем, што грамадзка-палітычныя зьмены могуць адбыцца імкліва.