Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вірус, які нявечыць дзяцей. Экспэрты ацэняць небясьпеку ліхаманкі Зіка


Сусьветная арганізацыя аховы здароўя на мінулым тыдні папярэдзіла аб далейшым распаўсюдзе вірусу ліхаманкі Зіка, якая выклікае дэфэкты разьвіцьця мозгу ў нованароджаных.

Кіраўніцтва Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя 1 лютага зьбярэцца на надзвычайнае пасяджэньне, каб ацаніць пагрозу ўзьнікненьня глябальнай пандэміі ліхаманкі Зіка, выкліканай аднайменным вірусам. Вірус Зіка, які пераносяць камары пэўных відаў, зараз імкліва распаўсюджваецца па сьвеце. Ён, як лічаць навукоўцы, катастрафічна небясьпечны для яшчэ не народжаных дзяцей, так як выклікае мікрацэфалію: памяншэньне памераў мозгу і чэрапа ў плодзе, якое прыводзіць да цяжкай разумовай адсталасьці. Заганы разьвіцьця, асацыяваныя зь ліхаманкай Зіка, якой перахварэлі цяжарныя жанчыны, ужо выяўленыя ў тысяч нованароджаных у дзяржавах Лацінскай Амэрыкі і Карыбскага басэйна, пераважна ў Бразыліі.

Упершыню вірус Зіка быў знойдзены ў малпаў ва Ўсходняй Афрыцы, ва Ўгандзе, у 1947 годзе. Першы ж выпадак захворваньня чалавека ліхаманкай Зіка быў зарэгістраваны ў Заходняй Афрыцы, у Нігерыі, у 1954 годзе. На працягу дзесяцігодзьдзяў вірус перамяшчаўся па краінах Афрыкі і Азіі, пазьней і па шматлікіх выспах Ціхага акіяна, не выклікаючы асаблівых трывог — да нядаўняга часу, калі ён трапіў у Заходняе паўшар’е

Цяпер вірус Зіка распаўсюдзіўся больш чым у 20 дзяржавах і тэрыторыях Карыбскага басэйну і Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі — яшчэ месяц таму заражаная ім вобласьць была ўдвая менш. Першыя выпадкі заражэньня адзначаны ў Злучаных Штатах: у Нью-Ёрку як мінімум чатыры, па адным — у Каліфорніі, Мінэсоце, Вірджыніі і Арканзасе. Шпіталі ў ЗША, па распараджэньні ўладаў, на час перасталі прымаць донарскую кроў ад людзей, якія наведалі краіны, разьмешчаныя ў зоне рызыкі. Некалькі авіякампаній прапанавалі адмовіцца ад палёту і вярнуць грошы цяжарным пасажыркам, якія забраніравалі квіткі на рэйсы ў Лацінскую Амэрыку.

Інфэкцыя, выкліканая вірусам Зіка, звычайна праходзіць амаль бессымптомна ці ж зь мінімальнымі ўскладненьнямі для хворага, максымум на працягу тыдня, такімі як дрыжыкі, малапрыкметны сып, болі ў суставах і кан’юктывіт, усё ў лёгкай форме. Ніводнага сьмяротнага выпадку ва ўсім сьвеце пакуль зарэгістравана не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG