Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вірус Зіка ўстрывожыў Усясьветную арганізацыю аховы здароўя. Чым ён небясьпечны?


Пагрозаў Беларусі ад хваробы пакуль нібыта няма. Але пакуль няма і лекаваньня, і выразных прагнозаў. І ёсьць падазрэньні, што вірус пагражае нованароджаным.

Сусьветная арганізацыя аховы здароўя праводзіць у чацьвер, 28 студзеня, пазачарговае паседжаньне ў Жэнэве (Швайцарыя) дзеля выпрацоўкі тэрміновых мераў па процідзеяньні вірусу Зіка. Вірус ня новы і нават не сьмяротна небясьпечны, але навукоўцаў і лекараў пужаюць маладасьледаваныя наступствы і хуткі распаўсюд хваробы, пра які ўжо гавораць як пра пандэмію.

Дзе і як хварэюць на вірус Зіка

Вірус быў выяўлены амаль 70 год таму ў макакаў, але выяўляўся ў чалавека рэдка. У 2007 годзе адбылася ўспышка вірусу ў людзей у Палінэзіі і Мікранэзіі, пазьней вірус стаў распаўсюджвацца па Ціхаакіянскім рэгіёне, Лацінскай Амэрыцы і Афрыцы. У 2015 годзе толькі ў Бразыліі на ліхаманку Зіка, якую выклікае вірус, захварэлі паўтара мільёны чалавек. Першыя выпадкі заражэньня ўжо зафіксаваныя ў ЗША і Францыі.

Вірус пераносіцца праз укусы камароў роду Aedes, якія жывуць па ўсёй Афрыцы, Паўднёва-Ўсходняй Азіі і ў тым ліку Індыі, па абедзьвюх Амэрыках апроч Чылі і Канады, у тым ліку ў ЗША. Праўда, ёсьць падазрэньні, што вірус можа перадавацца між людзьмі полавым шляхам, таму пад пагрозай могуць апынуцца ня толькі згаданыя рэгіёны. Падобна, што да Беларусі вірус можа дабрацца толькі такім шляхам, калі насамрэч перадаецца празь яго.

Верагодна, сама хвароба не вядзе да летальных выпадкаў. Сымптомы хваробы, якую выклікае вірус Зіка, звычайна слаба выражаныя і захоўваюцца ня больш за тыдзень, сярод іх падвышаная тэмпэратура, нямогласьць, галаўны боль і боль у цягліцах і суставах, кан’юктывіт, высыпка на скуры. Усё гэта працякае даволі лёгка і не патрабуе спэцыфічнага лекаваньня. Але і вакцыны пакуль не існуе.

Падазрэньні на наступствы для дзяцей

Прамыя наступствы для тых, хто перахварэў на ліхаманку Зіка, ня вызначаныя, але ёсьць меркаваньне, што зь вірусам зьвязаны рост колькасьці небясьпечных захворваньняў дзяцей, народжаных матулямі, якія перахварэлі на Зіка.

Так, у Бразыліі з восені 2015 году, калі там была зафіксаваная ўспышка ліхаманкі Зіка, у 30 раз павялічылася колькасьць выпадкаў у нованароджаных мікрацэфаліі — зьменшаных памераў чэрапа і галаўнога мозгу, што прыводзіць да разумовай недаразьвітасьці. Дзяцей зь мікрацэфаліяй ужо нарадзілася больш за 4 тысячы. Таксама магчыма, што вірус выклікае сындром Гіена-Барэ, які прыводзіць да слабасьці цягліцаў і часам нават пагражае паралічом ці сьмерцю праз дыхальную недастатковасьць.

Хоць сувязь вірусу Зіка і наступстваў для дзяцей не даказаная, у Сальвадоры, Бразыліі, Калюмбіі і Ямайцы жанчынам не рэкамэндавалі заводзіць дзяцей у бліжэйшыя тры гады. Улады ЗША не рэкамэндавалі цяжарным жанчынам вандраваць у краіны, дзе адбываюцца ўспышкі вірусу. Сусьветная арганізацыя аховы здароўя пакуль далучаецца да рэкамэндацыяў не наведваць зону рызыкі цяжарным, раіць выкарыстоўваць рэпэленты супраць камароў, насіць адзеньне, якое бароніць ад укусаў.

Вірус выклікае занепакоенасьць праз малую дасьледаванасьць і няпэўныя наступствы. Але сьвет турбуе і тое, што Сусьветная арганізацыя аховы здароўя летась прызнала, што занадта павольна рэагавала на ўспышку вірусу Эболы ў Заходняй Афрыцы — і павольная рэакцыя прывяла да дзясятка тысяч сьмярцей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG