Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзіцячы фэстываль «Каласы пад сярпом Тваiм»: пра любоў да радзімы па-беларуску


Адзін з выступаў фінальнага канцэрту леташняга фэстывалю «Каласы пад сярпом Тваім»
Адзін з выступаў фінальнага канцэрту леташняга фэстывалю «Каласы пад сярпом Тваім»

У менскай царкве Ўзьнясеньня пройдзе фэстываль мастацкай творчасьці для дзяцей «Каласы пад сярпом Тваім».

Канцэрт-адкрыцьцё адбудзецца 30 студзеня. На ім выступяць музычныя гурты, а таксама выканаўцы-салісты са шматдзетных і прыёмных сем’яў. Заснавалі і арганізуюць творчую імпрэзу шэраг грамадзкіх і рэлігійных арганізацыяў Беларусі. Удзельнікі — дзеці са шматдзетных і прыёмных сем’яў, а таксама ўсе, хто жадае выказаць любоў да радзімы праз творчасьць і па-беларуску.

Пра гэта Свабодзе расказаў адзін з арганізатараў фэстывалю, старшыня грамадзкай арганізацыі «Добрая воля» і шматдзетны бацька Леанід Скорабагаты:

— «Каласы пад сярпом Тваім» — відавочна паводле Караткевіча — ці ня так?

— Сапраўды — назва ўзятая з аднайменнага рамана Ўладзімера Караткевіча. Гэтай назвай ён падкрэсьліваў, што ўсе мы — каласы пад сярпом Усявышняга. І кажуць, што ў першапачатковай назьве рамана «Тваім» было зь вялікай літары, але гэтага савецкая цэнзура не прапусьціла. Таму мы аднавілі гэтую гістарычную справядлівасьць і пішам гэтак, як і задумваў Уладзімер Караткевіч — «Каласы пад сярпом Тваім», маючы на ўвазе, што ўсе мы, людзі, прыйдзе час — і будзем зжатыя, як каласы, і кожны пакажа, які ён прынёс плён.

Фэстываль-адкрыцьцё — гэта пачатак творчага конкурсу, які доўжыцца амаль год, з 1 лютага да 10 кастрычніка. У гэты час адбываюцца прамежкавыя выставы, канцэрты, конкурсы. Працы ўдзельнікаў зьмяшчаюцца на сайце, адбываецца інтэрнэт-галасаваньне гледачоў. Пасьля сярод удзельнікаў, якія набіраюць найбольш галасоў, журы вызначае пераможцаў. Увосень — фінальны канцэрт, на якім выступаюць лепшыя ўдзельнікі. Ляўрэаты атрымліваюць узнагароды, сярод якіх — удзел у замежных паездках, выставах, канцэртах. На конкурс прымаюцца музычныя і літаратурныя творы на беларускай мове, працы выяўленчага мастацтва, мультымэдыя на тэму любові да радзімы.

— Ці запатрабаваны фэстываль сярод удзельнікаў і чаму менавіта пра радзіму і па-беларуску?

— Першапачаткова гэта быў фэстываль для прыёмных і шматдзетных сем’яў. Увогуле ў Беларусі 59 тысяч шматдзетных сем’яў і каля 18 тысяч прыёмных сем’яў. І для ўсёй гэтай колькасьці дзяцей не было ніводнай нацыянальна арыентаванай творчай праграмы. Натуральна, выказаць любоў да радзімы найлепш можна і варта на роднай беларускай мове. А таленавітых дзяцей і дарослых у такіх сем’ях вельмі шмат. Многія зь іх ніколі ня мелі магчымасьці выступіць на сцэне ці паказаць свае мастацкія працы на выставах. Гэты фэстываль дае такую магчымасьць. Да нас паступаюць працы ад 200 удзельнікаў і больш. А таксама зьвяртаюцца іншыя патэнцыйныя канкурсанты. Таму мы прапаноўваем зараз удзельнічаць усім ахвотным, у тым ліку з-за мяжы. У прыватнасьці, ёсьць этнічныя беларусы Польшчы, Латвіі, Чэхіі, якія выказваюць жаданьне таксама прыняць удзел. У гэтым кірунку мы яшчэ толькі пачынаем працаваць, але спадзяёмся, што ўжо сёлета правядзём выніковы міжнародны фэстываль «Каласы пад сярпом Тваім».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG