Абаронцы жывёл пачалі збор подпісаў супраць ініцыятывы Міністэрства ўнутраных спраў, якое хоча каб міліцыя больш не займалася фактамі жорсткага абыходжаньня з жывёламі.
МУС запрасіла грамадзянаў абмеркаваць прапановы па лібэралізацыі адміністратыўнага заканадаўства.
Сярод іншага, прапануецца выключыць з кампэтэнцыі міліцыі адміністратыўную дзейнасьць адносна фактаў жорсткага абыходжаньня з жывёламі. Маўляў, гэта «неўласьцівая для міліцыі функцыя», і яна перашкаджае выкарыстоўваць супрацоўнікаў «для рэальнага забесьпячэньня грамадзкай бясьпекі, прафіляктыкі злачынстваў».
Абаронцы жывёлаў абвясьцілі збор подпісаў супраць гэтай ініцыятывы МУС пад калектыўным зваротам ва ўладныя структуры.
«Сьцьверджаньні міністэрства пра абгрунтаванасьць прапанаванай рэформы не адпавядаюць рэчаіснасьці і ня маюць нічога агульнага з лібэралізацыяй, а скіраваныя выключна на зьмяншэньне абсягу адказнасьці, ускладзенай на МУС», — лічаць актывісты ініцыятывы «Не — жорсткаму абыходжаньню з жывёламі!».
«Важна тое, што папярэджаньне нематываванай жорсткасьці ў абыходжаньні з жывёламі наўпрост зьвязанае з захаваньнем грамадзкай бясьпекі. Катаваньне і зьдзекі ў дачыненьні да жывёлаў нярэдка становяцца першай прыступкай перад злачынствамі, скіраванымі супраць чалавека», — гаворыцца ў пэтыцыі абаронцаў жывёлаў.
Начальнік упраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў МУС Канстанцін Шалькевіч паведаміў Інтэрфаксу, што ў 2015 годзе ў Беларусі было складзена 43 адміністрацыйныя пратаколы за жорсткае абыходжаньне з жывёламі. Ён лічыць, што «асаблівай праблемы жорсткага абыходжаньня з жывёламі ў Беларусі няма».
Маўляў, скаргі паступаюць у асноўным не на жорсткае абыходжаньне з жывёламі, а на ўмовы і парадак іх утрыманьня:
«Грамадзяне тэлефануюць у міліцыю і распавядаюць, што ў суседзяў гучна брэша сабака ці ў іх шмат катоў у кватэры».
Шалькевіч лічыць, што кампэтэнцыю складаньня пратаколаў па гэтых адміністрацыйных правапарушэньнях варта ўскласьці на супрацоўнікаў ЖЭСаў.
«Калі яны ня ўмеюць гэта рабіць, трэба вучыцца дзейнічаць у рамках прававога поля», — сказаў Шалькевіч.