Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ідэолягі ня бачаць патрэбы ўшаноўваць «штрафнікоў» і ваеннапалонных


Другая ўсясьветная: штрафнікі ў атацы
Другая ўсясьветная: штрафнікі ў атацы

Ваенныя пошукавікі імкнуцца ўшанаваць памяць савецкіх салдат і афіцэраў, якія ў часе Другой усясьветнай вайны загінулі ў складзе штрафных рот і батальёнаў, а таксама ваеннапалонных, зьняволеных за межамі СССР. Абедзьве катэгорыі былі залічаныя ў «крымінальнікі» ды «здраднікі» і выкрасьленыя з айчыннай гісторыі.

Намесьнік старшыні ваенна-пошукавага клюбу «ВІККРУ» (Victoria cruenta) Сяргей Бяспанскі расказаў, што ад пачатку «нулявых» разам з паплечнікамі намагаецца «прасунуць» ідэю помніка вайскоўцам, якіх з падачы чырвоных палітрукоў залічылі ў «ізгоі» апошняй вайны. Адметна, што ў Расеі і ва Ўкраіне байцы штрафных падразьдзяленьняў ужо ўшанаваныя, а вось у Беларусі сьпяшацца ня бачаць патрэбы:

«Так, праблема ўжо даўняя: як пачалі займацца пошукавай справай на пачатку 2000-х — так яна і ўзьнікла. Трэба нарэшце гістарычную несправядлівасьць выправіць. Прыкладам, самую вялікую колькасьць ахвяраў у дывізіі, якая наступала, мелі штрафныя падразьдзяленьні. Калі паводле баявых данясеньняў на дывізію прыпадала 8–12 чалавек загінулымі, то штрафнікі паказвалі страты на парадак большыя — 80–150 чалавек. І так праз увесь пэрыяд баявых дзеяньняў 1942–1945 гадоў. Таму асноўны цяжар панесьлі штрафныя падразьдзяленьні, а слава дасталася іншым — штабным».

Намесьнік старшыні клюбу «ВІККРУ» Сяргей Бяспанскі
Намесьнік старшыні клюбу «ВІККРУ» Сяргей Бяспанскі

Паводле гістарычных зьвестак, праз штрафныя падразьдзяленьні прайшлі блізу паўмільёна чалавек: цягам вайны былі створаныя і ваявалі на розных франтах 65 штрафных батальёнаў і больш за 1000 штрафных рот зьменнага складу. У першых шэрагах патэнцыйныя сьмяротнікі прайшлі і празь Беларусь. Дзе іх палегла найбольш, у якім пункце помнік быў бы дарэчы? Адзін з такіх адрасоў дае Сяргей Бяспанскі:

«Яны ішлі паўсюль, але ёсьць тэрыторыі, дасьледаваныя ў большай ступені, то бок мы можам абапірацца на архіўныя дадзеныя. Найперш такім месцам для сябе акрэсьлілі Чавускі раён Магілёўскай вобласьці. У прыватнасьці, ёсьць зьвесткі пра дзейнасьць там 11-га штрафнога батальёну, укамплектаванага афіцэрамі, а таксама штрафных ротаў: 5-я асобная армейская штрафная рота; 8-я асобная армейская штрафная рота; 131-я асобная армейская штрафная рота; 174-я асобная армейская штрафная рота, 276-я асобная армейская штрафная рота, 280-я асобная армейская штрафная рота; 363-я асобная армейская штрафная рота; 3-я штрафная рота 64-й стралковай дывізіі; асобная штрафная рота пры 369-й стралковай дывізіі. Гэтыя афіцэры і салдаты там ваявалі і ў бальшыні сваёй загінулі. Гэта 1943 год і непасрэдна да пачатку апэрацыі „Багратыён“, то бок да чэрвеня 1944-га».

Помнік «штрафнікам» у Расеі
Помнік «штрафнікам» у Расеі

За якія злачынствы траплялі ў падобныя батальёны ды роты? Калі гаворка пра Беларусь, то некаторых «прызывалі» ў штрафныя падразьдзяленьні проста з толькі што вызваленых тэрыторыяў. Там іх ужо чакалі акружэнцы, былыя ваеннапалонныя, дэзэртэры, якія засталіся ў тыле ворага. Хоць, як удакладняе Сяргей Бяспанскі, насамрэч прычына магла быць любая:

«Траплялі за што заўгодна. Натуральна, за воінскія правіны — невыкананьне загаду, непадпарадкаваньне камандзіру, крадзеж і г.д. А здаралася, што фактычна ні за што — прыкладам, за тое, што не стаялі ў шыхце нерухома. Таксама за знаходжаньне на акупаванай тэрыторыі. Калі ўлічыць, што акупаваная была амаль уся Ленінградзкая вобласьць, Беларусь, Украіна, то калі прыходзіла Чырвоная армія, сярод насельніцтва прызыўнога ўзросту шукалі найперш „калябарантаў“. Куды пасьля гэтага дарога? Не ў лінейную частку, а ў штрафную. А гэта значыць — на міны, на незадушаную абарону. Адсюль такія вялізныя страты, бальшыня не была падрыхтаваная да вайны. Таму на ўсходзе Беларусі, дзе ўсталявалася лінія савецка-германскага фронту — гэта пляцдармы рэк Проня, Лучоса, дзе ў мясарубку кідалі без разбору, на захадзе — Усходняя Прусія, Польшча. Такі вось лёс».

Няхітрыя спадарожнікі салдата
Няхітрыя спадарожнікі салдата

Адкупіць віну штрафнікі маглі ўласнай крывёй ці бяспрыкладным гераізмам. Але нават пасьмяротная рэабілітацыя здаралася ў адзінкавых выпадках. Між тым, разумеючы, што шанцы загінуць нашмат большыя, чым выжыць, бальшыня дэманстравала вайсковую адвагу.

Пра гэта сьведчыць і рассакрэчаная дырэктыва Галоўнага палітычнага ўпраўленьня Чырвонай арміі, у якой гаворыцца: «Улік асуджаных і кантроль за іх дзеяньнямі не вядзецца. Хадайніцтвы пра зьняцьце судзімасьці своечасова не ўзбуджаюцца, а тыя, якія паступілі, разглядаюцца павольна. У 160-й стралковай дывізіі на пачатак верасьня 1942 году было каля 200 чалавек з судзімасьцю. Многія зь іх выявілі сябе сапраўднымі патрыётамі: за час баёў 21 чалавек быў забіты, 74 цяжка параненыя, а хадайніцтвы аб зьняцьці судзімасьці паступілі толькі ў адносінах да 25 чалавек...»

Наўпроставы лінк

Як кажа Сяргей Бяспанскі, нават тагачасныя стратэгі разумелі: заносіць штрафнікоў без разбору ў лік злачынцаў не выпадае:

«Праз столькі дзесяцігодзьдзяў пасьля тых падзеяў нарэшце павінна зьявіцца разуменьне таго, што гэтыя людзі таксама заслужылі павагу і ўшанаваньне. Як ні круці, гэта кадравыя часьці, падразьдзяленьні Чырвонай арміі, якія ваявалі на фронце. Арганізаваныя яны былі ў 1942 годзе на падставе „славутага“ загаду Сталіна „Ні кроку назад“, і вось ад таго часу і аж да 1945-га разам зь іншымі пралівалі сваю кроў за радзіму».

Парэшткі невядомых салдатаў
Парэшткі невядомых салдатаў

Які тэкст на помніку, на думку спадара Бяспанскага, найбольш поўна адлюстраваў бы сытуацыю, якую па старой ідэалягічнай звычцы дагэтуль намагаюцца лепш замаўчаць, чым лішні раз афішаваць?

«З гледзішча мастацкага ўвасабленьня будзем яшчэ вырашаць, але павінна быць прысьвячэньне байцам і камандзірам, якія загінулі ў 1943–1944 гадах: „Байцам, камандзірам пастаяннага і пераменнага складу штрафных часьцей Чырвонай Арміі, якія загінулі ў баях за вызваленьне Беларусі на Чавускай зямлі ад 02.10.1943 па 23.06.1944 гадоў“. Відаць, усё. Сьціпла, але якраз тое, што трэба было зрабіць ужо даўно. Прынамсі паказаць, што яны не крымінальнікі, ня зэкі, а такія ж грамадзяне, як і ўсе астатнія. А таму вартыя памяці і добрага слова».

Але, як кажа суразмоўца, зламаць колішнія стэрэатыпы складана — у галовах сучасных прапагандыстаў асуджаныя да службы ў штрафных падразьдзяленьнях дагэтуль застаюцца «падазронымі элемэнтамі»:

Штрафныя роты: толькі наперад
Штрафныя роты: толькі наперад

«Сама па сабе ідэя ўшанаваньня ўзьнікла яшчэ ў 2001 годзе, калі мы працавалі ў месцах, дзе ваявалі штрафнікі. То бок усё грунтуецца на выніках дасьледаваньняў. Але пакуль узаемаразуменьня няма, стаўленьне насьцярожанае — маўляў, што вы нам ні кажыце, а гэта ўсё ж крымінальнікі. Хоць мы і намагаемся думку пераламіць, сказаць, што гэта такія ж байцы, якія вартыя памяці».

Карэспандэнт: «А хто павінен даць адмашку на рэалізацыю праекту?»

«Гэта ж не велізарны манумэнт ці штосьці ў гэтым родзе, а звычайны помнік. Адпаведна, павінны даць дазвол мясцовыя ўлады — то бок упраўленьне ідэалёгіі райвыканкаму. Ну, і, напэўна, аблвыканкаму таксама.

Узгадненьне такога ўзроўню, ніяк не вышэй. Спадзяюся, гэтыя бар’еры ўрэшце прабіць павінны».

Раскопы ў Магілёўскай вобласьці
Раскопы ў Магілёўскай вобласьці

Яшчэ адна ініцыятыва ваенна-пошукавага клюбу «ВІККРУ» — ушанаваць памяць тых, каго ў статусе ваеннапалонных вывезьлі на тэрыторыі, падкантрольныя Райху. Многія загінулі ў лягерах, а іншых пасьля вызваленьня замест дарогі дадому перанакіравалі на Калыму ды іншыя зоны ў сыстэме ГУЛАГ. І калі за мяжой помнікі зьняволеным зьяўляюцца, то ў Беларусі, адкуль на захад ішлі эшалёны з палоннымі, няма ніводнага:

«Нямецкі бок дазволіў доступ да залічбаваных архіўных дадзеных, і праца ўжо вядзецца па лініі Міністэрства абароны, КДБ. То бок беларускія адмыслоўцы працуюць у нямецкіх архівах, нават выйшла кніжка па ваеннапалонных. Ушанаваньне праводзіцца, у Нямеччыне, Польшчы на месцы лягераў стаяць помнікі: у Нямеччыне — больш дагледжаныя, у Польшчы — менш. Ну, а ў нас тэма ваеннапалонных, зноў жа, старанна абыходзілася. За савецкім часам гэта наагул былі „здраднікі“ — асабліва па першым часе пасьля вайны — таму замест вызваленьня яны атрымлівалі працяглыя тэрміны. У сучаснай Беларусі мы лічым іх такімі ж ахвярамі вайны, адпаведна, вартымі годнага ўшанаваньня і памяці».

Спроба ідэнтыфікаваць ахвяраў вайны
Спроба ідэнтыфікаваць ахвяраў вайны

Цяперашняя сытуацыя, на перакананьне Сяргея Бяспанскага, выглядае абсурдна: тыя, хто загінуў, ушанаваныя на зямлі ворага, але застаюцца забытымі ў сябе дома:

Узнагародны ліст на байцоў 11-га асобнага штрафнога батальёну
Узнагародны ліст на байцоў 11-га асобнага штрафнога батальёну

«Калі ў той жа Нямеччыне і бяз нашай дапамогі паклапаціліся пра ўшанаваньне, то трэба нарэшце і тут усталяваць помнік ваеннапалонным — як ахвярам вайны. На тэрыторыі Беларусі былі розныя часовыя лягеры, але ж маса вайскоўцаў былі ўзятыя ў палон і потым загінулі на чужыне. Пра іх практычна ня згадваюць, хоць зьняволеных было вельмі шмат, лік ідзе на мільёны чалавек. У Менску ёсьць агульны для ўсіх ахвяраў Храм у гонар усіх сьвятых, але асобнага помніка ваеннапалонным не існуе. У прынцыпе, гэта можа быць і капліца, і камень. Але быць павінна».

А ці маюць пэрспэктывы ўшанаваньня актывісты, якія ў Беларусі ваявалі супраць любога агрэсара — і супраць нацыстаў, і супраць камуністаў? Для многіх тутэйшых патрыётаў была непрымальнай ніводная з ідэалёгіяў, якія навязваліся звонку, і гэта лягічна вылівалася ў збройны супраціў. Сяргей Бяспанскі лічыць, што гістарыяграфія павінна даваць падзеям, якія адбываліся на беларускай зямлі, бесстароньнюю ацэнку. Аднак наўрад ці гэта магчыма ў сьвятле прамаскоўскіх догматаў, якія не прызнаюць нічога, што не ўслаўляе подзьвіг савецкага народа:

Зброя, якая праляжала ў зямлі 70 гадоў
Зброя, якая праляжала ў зямлі 70 гадоў

«Ацэньваць вайну трэба як вялікую трагедыю для Беларусі. Нельга зыходзіць з пазыцыі, што ваявалі толькі немцы і рускія: была тут і Армія Краёва, і Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў на Палесьсі, і нашы нацыянальныя адраджэнцы, якія выступалі на баку немцаў. Стаўленьне да гэтых сілаў і ў савецкай, і ў цяперашняй ідэалёгіі адназначна варожае. Але, на маю думку, у сучаснай Беларусі гісторыю супрацьстаяньня трэба вывучаць і з таго, і з другога боку. Павінна быць гісторыя, як кажуць, без эмоцыяў — аб’ектыўна пра ўсе працэсы. Праўда, асабіста для мяне ніколі ня стануць „рукапаціскальнымі“ эсэсаўскія карнікі — у нашай сям’і 15 чалавек загінулі ў лягерах, у атрадах полацка-лепельскай партызанскай зоны. Закатаваныя дваюрадныя дзяды, закатаваны прадзед у лягеры Ламсдорф. Гэта боль асабісты».

Паводле афіцыйных дадзеных, у розных кутках Беларусі ўзьведзена блізу 10 тысяч мэмарыялаў, манумэнтаў і помнікаў у гонар «перамогі ў Вялікай айчыннай вайне 1941–1945 гадоў». І ў гэтым пераліку ніводнага ўшанаваньня, якое супярэчыць ідэалягічнай лініі на прымусова-салідарнае ўспрыняцьце падзеяў больш як 70-гадовай даўнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG