Грамадзкае аб’яднаньне «Пэрспэктыва» зьбіраецца ладзіць прадпрымальніцкі форум у менскім гатэлі «Пэкін» 1 лютага. Раней меркавалася правесьці форум 25 студзеня, але ў правядзеньні форуму аб’яднаньню адмовіў шэраг пляцовак. Тым часам большасьць прадпрымальнікаў дагэтуль не выходзяць на працу на рынках і ў гандлёвых цэнтрах — яны сьцьвярджаюць, што ўказ № 222 і шэраг іншых законаў робяць іх працу немагчымай.
Як распавёў Свабодзе старшыня «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка, форум зьбіраюцца правесьці, не зважаючы на любыя перашкоды.
З кім бы я ні размаўляў з прадпрымальнікаў, усе хочуць на Плошчу. Я хачу, каб гэта было сыгналам для астатніх. І каб улады зрабілі з гэтага высновы.
«Мы праманіторылі сытуацыю. З кім бы я ні размаўляў з прадпрымальнікаў, усе хочуць на Плошчу. Я хачу, каб гэта было сыгналам для астатніх. І каб улады зрабілі з гэтага высновы.
Месяц людзі не працуюць, а ўладам „па барабану“ — у якой цывілізаванай краіне такое можа быць? Мясцовыя ўлады яшчэ вядуць перамовы, цэнтральныя — не. Людзі проста не разумеюць гэтага, адмаўляюцца разумець.
Мне тэлефануюць, пішуць у сацсетках, калі іду па рынках, мяне спыняюць людзі і кажуць, што хопіць сядзець, трэба ісьці. Людзі сьвята вераць, што ў іх ёсьць права на мірныя сходы.
У іх няма доўгатэрміновых мэтаў ладзіць нейкія радыкальныя рэчы. Людзі проста кажуць: „Мы хочам працаваць“. Няма іншых патрабаваньняў. Гэта нямнога ў цяперашняй сытуацыі».
Як распавядае Шумчанка, ён ужо перадаў адпаведныя дакумэнты ў гатэль «Пэкін», дзе мае прайсьці форум, у хуткім часе будзе заключаная дамова.
«Форум — гэта пляцоўка для кансалідацыі. Не было б форумаў — не было б таго, што бачыце сёньня. Мы аб’ядналі краіну, яна цяпер салідарная і змагаецца. Мы гэта зрабілі шляхам форумаў, сустрэчаў на рынках, працы зь людзьмі за гэтыя 10 год. Проста пстрыкнуць пальцамі і сказаць „ідзіце на Плошчу“ — гэта мала.
Гучаць абвінавачаньні ў бок „Пэрспэктывы“, у тым ліку ад асобных прадпрымальнікаў зь Віцебску, нібы Адміністрацыя прэзыдэнта ня ведае пра звароты. Але я ў сябе на Facebook выклаў скрыншоты, колькі зваротаў мы выслалі за апошні тыдзень. Мы пішам ім рэгулярна і няспынна. Усё ўлады ведаюць, яны ня раз разглядалі звароты, ня раз давалі адказы. Яшчэ раз заяўляем: „Пэрспэктыва“ — за поўную адмену ўказу № 222 і сэртыфікатаў, за ўвядзеньне патэнту на гандаль, як тое было раней!
Абвінаваціць „Пэрспэктыву“ ў тым, што мы нешта расхістваем, радыкалізуем, не атрымаецца. Улады гэта робяць сваімі рукамі, даводзячы народ да выступленьня.
Абвінаваціць „Пэрспэктыву“ ў тым, што мы нешта расхістваем, радыкалізуем, не атрымаецца. Улады гэта робяць сваімі рукамі, даводзячы народ да выступленьня. Мы не шантажуем, не пагражаем, а кажам як ёсьць. Ужо справа ўладаў, Лукашэнкі, думаць, ці трэба ім гэтыя рэчы.
Улады, прыходзьце на форум „Пэрспэктывы“, вядзіце перамовы з народам! Бо заўтра народ ужо ня пойдзе ні на якія форумы, а пойдзе да вас, пад вашы міністэрствы. Гэта крок адчаю саміх прадпрымальнікаў і прыкмета няздольнасьці ўладаў цывілізавана і мірна рашаць праблемы са сваім народам. Чым болей улады зацягваюць рашэньне пытаньня, тым мацнейшая салідарнасьць прадпрымальнікаў, і яна будзе ўзмацняцца па меры таго, як улады будуць ціснуць на людзей.
Таму заклікаем асабіста Лукашэнку прыйсьці на форум і пагутарыць з народам, у якога ёсьць вельмі важкія аргумэнты ў абарону сваёй пазыцыі».