Індывідуальныя прадпрымальнікі скасавалі свой форум 25 студзеня. Новая меркаваная дата форуму цяпер — 1 лютага.
Месца — недзяржаўная пляцоўка, хутчэй за ўсё менскі гатэль «Пэкін».
Пасьля адмовы з боку залі Мінэканомікі і ДК МАЗ грамадзкае аб’яднаньне «Пэрспэктыва» выступіла з заявай аб пераносе прадпрымальніцкага форуму, зьвязанага з указам № 222 і пустымі рынкамі.
Як распавёў Свабодзе старшыня «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка, разглядаліся і іншыя пляцоўкі, як менскі ДК «Сукно», які аказаўся неабсталяваным для такіх мерапрыемстваў, КЗ «Менск», у якім усе бліжэйшыя даты аказаліся занятымі, і прыватныя залі. Пакуль ёсьць новыя меркаваныя дата і месца форуму:
«Я тэлефанаваў толькі што ў Палац спорту — яны як пачулі, што „Пэрспэктыва“, то адразу сказалі, што шанцаў мала. Дакладней, спачатку сказалі, што праблемаў няма, залю можаце зьняць, а як сказаў, што мы — грамадзкае аб’яднаньне „Пэрспэктыва“ і што ў нас эканамічны форум, то тут жа „а, вы вось гэта, ну, мне трэба паразмаўляць, але хутчэй за ўсё не“.
Чым даўжэй улады рашаюць праблемы, тым мацней грамадзтва будзе салідарызавацца і тым мацнейшай будзе барацьба.
Пакуль што ў гатэль „Пэкін“ закінуў заяву на 1 лютага. Фактычна форум сарваны. На 25-га студзеня мы дакладна не пасьпяваем. Хачу сказаць, што чым даўжэй улады рашаюць праблемы, тым мацней грамадзтва будзе салідарызавацца і тым мацнейшай будзе барацьба. Улады ідуць па памылковым шляху, яны абралі няправільную тактыку».
Пра перанос форуму Шумчанка распавядаў па дарозе ў Полацак, дзе а 10-й гадзіне пачнецца суд над прадпрымальніцай Верай Русецкай:
«Калі былі полацкія падзеі, калі людзі на знак салідарнасьці дапамагалі ёй, калі выгналі падатковую, то падатковая падала на прадпрымальніцу ў суд, што яна перашкаджала і чыніла супраціў. Едзем з адвакатам, абяцалі калегі падыйсьці.
Будзем прыцягваць увагу грамадзтва да гэтага бязладзьдзя, што цягам многіх год укаранялася.
У суды будзем паўсюль езьдзіць. Ня будзе ніводнага суду, каб як раней — 20 хвілінаў разгляд справы і ніякіх пытаньняў. Будзем прыцягваць увагу грамадзтва да гэтага бязладзьдзя, што цягам многіх год укаранялася. Хочам зрабіць нашую сыстэму ня карнай, а такой, якой яна запісаная ў законах — папераджальнай, прэвэнтыўнай».
Анатоль Шумчанка меў адсьвяткаваць 21 студзеня дзень народзінаў, але кажа, што ўпершыню ў жыцьці не адзначаў, бо не было настрою. Ён згадвае, што раней адзначаў нават у турме, дзе атрымаў вялікую паштоўку ад салідарных зь ім. Але цяпер ён зьбіраецца адсьвяткаваць дзень народзінаў тады, калі вырашыцца сытуацыя з прадпрымальнікамі і ўказам № 222.