Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разгляд справы полацкай прадпрымальніцы адклалі празь недастатковасьць доказаў падатковай

абноўлена

У Полацку не атрымалася завершыць суд паводле пазову прыватнай прадпрымальніцы Веры Русецкай да падатковай інспэкцыі — суд запатрабаваў у падатковых органаў дадатковыя доказы.

Праз суд Вера Русецкая патрабуе адмяніць ускладзены на яе штраф за перашкоды працы падаткавікоў у кастрычніку 2015 году.

Падтрымаць прадпрымальніцу ў судзе прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек. Лідэр прадпрымальнікаў у Полацку Генадзь Бердзянёў паведаміў Свабодзе падрабязнасьці справы:

«На наступны дзень пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 11 кастрычніка падатковыя службы распачалі масавую праверку на полацкім рынку. Так мясцовыя ўлады, пэўна, спрабавалі „выслужыцца“ перад вышэйшым кіраўніцтвам за выкананьне прэзыдэнцкага ўказу нумар 222, хоць гэта было незаконна. Бо дзеяньне ўказу распачыналася зь 1 студзеня 2016 году. Праверкі доўжыліся некалькі дзён: на людзей накладалі штрафы, канфіскоўвалі тавар. І калі ў чарговы раз падышлі да працоўнага месца Веры Русецкай, то там сабраліся таксама іншыя прадпрымальнікі, пачалі выказваць незадаволенасьць і абурацца. Адзін з прысутных ад чыноўнікаў сказаў такую фразу: „Шкада, што ня ўзяў з сабой пісталета“.

Гэта сталася апошняй кропляй: людзі пазачынялі свае ралеты і кіёскі і рушылі да падатковай інспэкцыі».

У выніку падаткавікоў фактычна выгналі з рынка, за што падатковая аштрафавала прадпрымальніцу за тое, што яна нібыта перашкаджала і чыніла супраціў.

Вера Русецкая таксама паведаміла Свабодзе, што ўсе гэтыя падзеі моцна пагоршылі стан яе здароўя, і ў суд яна прыйшла з мноствам лекаў. Яна адмаўляе сваю віну і мяркуе, што гэта зьяўляецца спробай уладаў запалохаць гандляроў і гэткім чынам перапыніць хвалю салідарнасьці індывідуальных прадпрымальнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG