Уцякач з Ірану Мэрхдат Джамшыдыян каторы год дамагаецца статусу ўцекача ў Беларусі, але пакуль мае толькі часовую рэгістрацыю замежніка і чакае вырашэньня свайго лёсу ў Дэпартамэнце па грамадзянстве і міграцыі. 20 студзеня Мэрхдату паведамілі ў аддзеле міграцыі, што часовую рэгістрацыю яму зноў працягнуць на 2–3 месяцы, а канчатковы разгляд ягонай заявы чарговым разам адкладзены.
«І тое добра, ва ўсякім разе, не пасадзяць у ізалятар на Акрэсьціна, як год таму. Але і вырашэньня маіх праблем не відаць. Буду сядзець у кватэры, шукаць выпадковай працы, а на трывалую мне разьлічваць не даводзіцца, бо няма статусу. Адпаведна, няма і ніякай дзяржаўнай дапамогі. З намі жыве 18-гадовы сын, у якога год таму знайшлі рак касьцявога мозгу. Добра яшчэ, што сын можа тут лячыцца і назірацца ў вашых лекараў, але ці паправіцца? У Эўропе апэрацыя па такой хваробе каштуе 150 тысяч эўра, гэтых грошай у нас і блізка няма. Проста спадзяёмся на Бога, а больш няма на каго і спадзявацца», — распавёў пра сваё жыцьцё Мэрхдат Джамшыдыян.
Пытаюся ў яго пра сытуацыю ў Іране, зь якога праз больш як 10 гадоў зьнялі санкцыі, у тым ліку дазволілі прадаваць нафту на сусьветным рынку і разблякавалі замарожаныя мільярды на рахунках Ірану ў замежных банках. Ці варта чакаць, што гэтыя грошы палепшаць эканамічнае становішча ў краіне і падвысяць дабрабыт людзей?
— Ня думаю. Хутчэй за ўсё, гэтыя мільярды абагацяць міністраў, высокапастаўленых чыноўнікаў, мясцовых алігархаў, але простым людзям лягчэй жыць ня стане. Вітаю толькі тое, што ядзерная праграма апынулася пад пільным кантролем сьвету і ЗША, але звычайнай зброі будзе яўна больш. Закупяць больш у той жа Расеі, якая даўно фактычна ўзбройвае іранскі рэжым, ён трымаецца на гэтай зброі. Вось ужо паведамілі, што ракеты С-300 будуць купляць у Расеі.
— У ЗША і Іране адбылося ўзаемнае вызваленьне вязьняў, у тым ліку Іран вызваліў некалькіх амэрыканцаў іранскага паходжаньня, якіх у Іране абвінавачвалі ў шпіянажы, а ЗША лічылі іх палітвязьнямі. Паводле вашых зьвестак, ці шмат у Іране палітвязьняў?
— Тое, колькі вызвалілі, — гэта адзінкі, а ў іранскіх турмах працягваюць сядзець тысячы і тысячы іранцаў, нязгодных з рэжымам. Для гэтага ёсьць і лягеры, і турмы. Самая жахлівая турма ў Тэгеране — Эвін завецца. Там жудасныя ўмовы. Камэры па паўтара мэтра, як каменны кубак, амаль усе сядзяць у такіх адзіночках, кормяць фактычна адзін раз на дзень, няспынныя допыты, зьбіцьцё, катаваньні. Яшчэ два-тры гады людзі вытрымліваюць, большыя тэрміны — амаль ніхто. Улады потым кажуць, што проста чалавек памёр ад нейкай хваробы, але хіба гэта не забойства? А ў турмах для крымінальнікаў умовы больш-менш. Вядома, і там людзей зьбіваюць ды катуюць, але працэнт тых, хто выжыў, там значна большы, чым у палітычных турмах.
— А за што можна трапіць у палітычную турму? Што лічыцца ў Іране палітычным злачынствам?
— Ды любое выяўленьне незадаволенасьці палітыкай уладаў, у тым ліку рэлігійнай вярхушкі. Сказаў адно слова лішняе адносна сытуацыі ў краіне — і будзеш у турме, альбо сказаў нешта ня тое супроць іранскіх лідэраў — усё.
— А як пра гэта становіцца вядома?
— Па-першае, даволі шмат людзей, якія падтрымліваюць уладу, і яны адразу паведамляюць пра такія настроі ці проста словы. Верагодна, для іх за гэта ёсьць нейкія ўзнагароды, каб яны «стучалі», як у вас кажуць.Плюс шмат проста агентаў, якія працуюць на службы бясьпекі і мусяць інфармаваць паводле службовага абавязку. А яшчэ ў кожным раёне ёсьць некалькі мячэцяў, і пры іх ёсьць вернікі, якія адказныя за настроі ў грамадзе, і яны таксама дакладваюць усё пра ўсіх вернікаў. То бок такі татальны кантроль, які абысьці вельмі складана, калі ты сапраўды апазыцыянэр.
— Сытуацыя падобная да СССР, асабліва ў 37-м годзе, калі «стучалі» адзін на аднаго нават сваякі?
— Так, але, мяркую, у Іране ўжо пераўзышлі ваш 37-мы год. Мяркую, нідзе такога няма, акрамя як у Паўночнай Карэі, магчыма. Мне брат, пакуль быў жывы, шмат распавядаў пра іранскія турмы, ён празь іх прайшоў. Арыштоўвалі яго на пачатку 2000-х гадоў за тое, што быў апазыцыянэрам, распаўсюджваў улёткі, праводзіў мітынгі і дэманстрацыі. Вызваліўся і потым зьнік — хутчэй за ўсё, яго забілі. Фармальна абвясьцілі ў вышук, але рэальна не шукаюць. У Іране гэта распаўсюджаны від расправы — чалавека забіраюць з дому, надзяваюць на галаву мех і некуды вязуць, а потым яго нідзе няма: ані ў ізалятары, ані ў лягеры. Нібыта зьнік, але насамрэч забілі. Шмат людзей гэтак зьніклі. Пра тых, хто сядзіць у турме, хоць вядома, што яны ёсьць, ва ўсякім разе лічыцца гэтак. А тыя ўвогуле зьніклі. Памятаеце, на пачатку 2000-х да ўлады прыйшоў прэзыдэнт Ахмадзінэжад? Але насамрэч на выбарах перамог Мусаві, за яго прагаласавала больш як 70% выбарцаў, яго ўжо ўсе віншавалі, у тым ліку і замежныя амбасады. Але Мусаві арыштавалі і пасадзілі пад хатні арышт, а прэзыдэнтам стаў Ахмадзінэжад. І вось з таго часу, а гэта ўжо больш за 10 гадоў, пра Мусаві нічога не вядома. Нібыта ён пад хатнім арыштам, а насамрэч што зь ім, ніхто з простых людзей ня ведае. Тады на мітынг пратэсту ў Тэгеране выйшла 1,5 мільёна чалавек, дык улады стралялі ў людзей, шмат забілі, арыштавалі. Лідэраў пратэсту каго забілі, хто зьнік, хто дагэтуль у турмах, хто зьехаў за мяжу. Шмат хто зьехаў, тысячы.
— Мэдыі ўжо паведамілі, што з іранцаў, якіх вызвалілі ў ЗША, ніхто не пажадаў вяртацца на радзіму. Чаму гэтак? Яны ж не апазыцыянэры, гэта ж людзі ідэйна блізкія да іранскага рэжыму, да шыітаў-ісламістаў?
— А навошта маладым людзям, якія жылі ў ЗША і проста часова захапіліся ідэямі ваяўнічага ісламу, ехаць у Іран? Вядома, калі быў шах, дык, кажуць, у нас быў рай, але цяпер там нічога добрага для моладзі няма. Ня кажучы ўжо пра адсутнасьць заходніх свабодаў. Але няма і добрых прыемнасьцяў — нават добрых рэстаранаў няма. А другая прычына: што зь імі будзе там, калі яны вернуцца? У мяне быў сябар, які калісьці пажыў у Канадзе, а потым вярнуўся ў Іран. Дык яго месяцамі цягалі на допыты ў дзяржбясьпеку. Толькі калі знайшоў знаёмага і празь яго даў хабар, дык адчапіліся. У нас на другім месцы пасьля палітычных рэпрэсіяў — гэта карупцыя.
— Вам даводзілася даваць хабар, каб вырашыць свае праблемы?
— Мае праблемы ўзьнікалі тады, калі я не даваў хабару. Паўсюль, дзе трэба нейкае рашэньне чыноўніка, патрэбны хабар. Бізнэс можна весьці толькі праз хабар. Калі ты сын міністра ці дэпутата, калі ты сваяк ці знаёмы мулы, то табе дадуць ліцэнзію весьці нейкі бізнэс, калі не — нічога не дазволяць. Альбо трэба плаціць. Я плянаваў займацца аўтабізнэсам, спачатку хаця б увозіць замежныя аўтамабілі — не дазволілі, толькі празь фірмы. Туды пайшоў — усё схоплена, толькі на сваяцкіх сувязях ці за хабар. Вядома, паўсюль чыноўнікі крадуць. У Эўропе — меней, тут крыху больш, але ў Іране — катастрафічна. Як атрымаў уладу, значыць, павінен абагаціцца, а кішэні ва ўсіх велізарныя. Як быў Ахмадзінэжад прэзыдэнтам, дык зьнікла больш за 100 мільярдаў даляраў, усё раскралі.
— Ці можаце параўнаць эканоміку Ірану зь беларускай? Прыкладам, які ў Іране сярэдні заробак?
— 250–300 даляраў — гэта такі звычайны заробак, а які сярэдні, не скажу, бо гэта цяжка вызначыць. Паліва ў Іране таньнейшае, бо нафта свая. Асноўныя прадукты харчаваньня таксама значна таньнейшыя, пракарміцца можна лягчэй, але акрамя мясных прадуктаў. Эканоміка даволі замкнёная, разьвіцьцё з-за санкцыяў спынілася. На замежныя аўтамабілі мыта вялікае, ажно 120%, таму людзі купляюць аўто ці іранскай вытворчасьці, ці ўжываныя іншамаркі. Але якасьць іранскіх аўтамабіляў горшая. Вы гэта можаце бачыць і па «Самандах», якія зьбіраліся ў Беларусі. Дарэчы, ведаю, што іранскі бізнэсмэн Мухамадзі, які быў зьвязаны з вытворчасьцю «Самандаў» тут, трапіў у няласку і зьехаў зь Беларусі. Гэта даволі тыповая сытуацыя, бо калі справай запраўляе карупцыя, дык вынік дрэнны.